Парк гродзенскага француза

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Пра наш горад і яго цікавыя мясціны можна распавядаць вельмі доўга. Падаецца, што ўсе мы, жыхары наднёманскай сталіцы, дыхаем паветрам, насычаным падзеямі эпох. Згадайма хаця б Каложскую царкву, Стары і Новы замкі, якія ўзвышаюцца па-над ракой.

 /i/content/pi/cult/158/1321/Francuz.jpg

А летась у цэнтры Гродна каля Цэнтральнага парку з’явіўся новы помнік. Месцазнаходжанне яго не выпадковае: менавіта чалавек, увасоблены ў бронзе, у ХVІІІ стагоддзі заснаваў гэты парк. Ужо цераз два гады тут з’явілася больш за 2000 дрэў ды іншых раслін.

Жан Эмануіл Жылібер — французскі ўрач і батанік, ініцыятар адкрыцця ў аптэцы спецыяльнай лабараторыі, якая займалася вытворчасцю лекавых сродкаў з траў.

Відаць, дакладна і не вызначыш, як праз тры стагоддзі змяніўся парк Жылібера. Цяпер гэта месца правядзення гарадскіх святаў і ўрачыстых мерапрыемстваў. Днём там можна паспяваць пад караоке, пакатацца на арэлях-каруселях, а ўвечары — палюбавацца на фантан, які яркімі агнямі асвятляе парк пад гукі класічнай музыкі, што даносіцца з муроў лялечнага тэатра. На гэтае відовішча можна глядзець гадзінамі, расслабіўшыся і аддаліўшыся ад паўсядзённай мітусні.

І толькі на выхадзе з парку гасцінна сустракае і праводзіць наведвальнікаў фігура знакамітага заснавальніка Жылібера.


Алена АНІСЬКО

Гродна

На здымку: помнік Жану
Эмануілу Жыліберу.