Загадчык на сезон?

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

У “К” № 21 Аліна Саўчанка апублікавала артыкул “Дачная атмасфера”, дзе казала, што Музей-дача Васіля Быкава ў Ждановічах — першая такая ўстанова ў Беларусі і біяграфію сваю пачынае з чыстага аркуша. Толькі паспела публікацыя давесці, што мемарыяльнаму пісьменніцкаму лецішчу наканавана шукаць нестандартныя падыходы да арганізацыі музейнай дзейнасці, як са Ждановічаў у рэдакцыю прыйшла навіна.

19 і 22 чэрвеня (даты нараджэння і смерці класіка) у музеі ўпершыню рэалізоўваўся праект “Быкаўскія дні”. Прэс-рэліз суправаджаўся эпіграфам ад Рыгора Барадуліна: “Пакуль на зямлі беларускай будзе жыць хоць адзін беларус, імя Васіля Быкава будзе святым”. І ўвогуле, тэкст прэс-рэліза нагадваў лірычны твор, не пафасны, а трапяткі. Адзін з аўтараў тэксту — Настасся Смірнова, ужо другая па ліку загадчыца ждановіцкай установы, якая за дачную гаспадарку адказвае з вясны.

Вельмі не хочацца, каб загадчыкі Музея-дачы былі ў нас сезоннымі. Не, установа менавіта ў такім рэжыме і працуе: з лістапада кансервуецца да вясны. Аднак не пра будынак у мяне гаворка, а пра музейнага супрацоўніка, які за справу адказвае не толькі ў летні сезон, а пастаянна. У адваротным выпадку пасада штолета абяцае быць вакантнай.

Але Настасся Смірнова працоўнае месца восенню мяняць не жадае і лічыць, што тут ёсць цудоўнае выйсце: летам сустракаць наведвальнікаў у Ждановічах, а ўвосень і ўзімку займацца ў галаўным Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры стварэннем копіі мінскага рабочага кабінета Васіля Быкава. Ідэя слушная. Будзем спадзявацца, што так яно і будзе. Прынамсі, асоба Быкава гарантуе, што ў музейнай справы вялікі патэнцыял.

Але давайце разбяромся, ці стануць “Быкаўскія дні” традыцыйнымі і што ўвогуле гэта за праект. 19 і 22 чэрвеня (уваход у музей вольны) госці маглі пагартаць альбом з фатаграфіямі пісьменніка, пачуць запіс голасу гаспадара дачы, прайсціся па экспазіцыі. Сярод прапаноў — квэст, падчас якога можна было праэкзаменаваць сваё веданне жыцця і творчасці Васіля Уладзіміравіча. Працавала яшчэ выстава аднаго дня “Здабыўшы Перамогу”. Упершыню дэманстраваліся здымкі ваенных часоў, на якіх — Васіль Быкаў, Максім Лужанін, Пімен Панчанка, Пятро Прыходзька… Можна было пачытаць дзённікавыя запісы гэтых мужных удзельнікаў апошняй вайны. 22 чэрвеня  такі занятак — вельмі дарэчны.

І ўвогуле, пісьменніцкае лецішча — месца сакральнае. Тут Быкаў удалечыні ад гарадской мітусні і адпачываў і разважаў, у тым ліку і пра нас. Патрапіць у плынь суперажывання, дакрануцца да быкаўскіх бярозак, згадаць, што такое незалежная Беларусь — усё роўна што храм наведаць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"