Стаўлю на вяселле!

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Хочаш жыць — умей круціцца. Гэтае выслоўе, мабыць, датычнае як малога бізнесу, так і вялізнай карпарацыі. Ды і ў сферы культуры на гэтыя словы забывацца не варта, асабліва з улікам тых працэсаў аптымізацыі, якія ідуць у Беларусі не першы год.

/i/content/pi/cult/594/13204/4-22.jpgРаней я ўжо згадваў пра досвед тых аддзелаў культуры, якія выходзяць са сваімі цікавымі праектамі як на рэспубліканскі, так і на міжнародны ўзровень. Дзякуючы гэтаму, яны атрымліваюць і гранты Еўрасаюза, і грошы, якія паступаюць ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узаемадзейнічаючы са спонсарамі ў рамках эканамічных форумаў, што ладзяцца па ўсёй краіне. І хоць фінансавы эфект ад названай працы, магчыма, у маштабах рэспублікі не такі і вялікі, тэндэнцыя, на шчасце, зададзена.

Ёсць і другая тэндэнцыя: работнікі сферы культуры цяпер не баяцца выходзіць на новыя пляцоўкі і “піярыць” сябе ды свае праекты ў тых месцах, дзе раней пра іх ніхто ніколі нічога і не ведаў. Прыкладам, летась традыцыйны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”, што ладзіцца ў Паставах, быў прэзентаваны на Міжнароднай турыстычнай выставе “Адпачынак-2015”. Як паведаміў “К” намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, ініцыятар і арганізатар шматлікіх беларускіх фестываляў (у тым ліку — “Звіняць цымбалы і гармонік”) Тадэвуш Стружэцкі, сёлета яны падобную прэзентацыю не ладзілі, але перспектывы ў гэтай ініцыятывы, на ягоную думку, — неблагія:

— Трэба ладзіць падобныя прэзентацыі, магчыма, не толькі пастаўскага, а 10 — 15 іншых фестываляў, — зазначыў візаві. — Зрабіць гэта можна ў адзін з дзён кірмашу цягам пары гадзін. Прыцягальным мерапрыемства стане, калі дэманстраваць відэаролікі, раздаваць буклеты, схемы даезду, інфармацыю пра жыллё і прыкладныя кошты. На падобных турыстычных форумах у сферы культуры ёсць магчымасць “засвяціцца” перад турфірмамі, завязаць з імі наўпросты кантакт.

З турызмам усё больш-менш зразумела. Але чаму работнікам культуры не заявіцца на традыцыйны кірмаш “Беларуская модніца” ці “Свет падарункаў”, Рэспубліканскую выставу вырабаў ручной работы “Млын” ці Рэспубліканскую выставу-інтэрактыў “Маё ідэальнае вяселле”, што традыцыйна ладзяцца ў Мінску? Мяркую, што на апошняй самадзейныя артысты з Міёраў ці Кобрына зладзілі б такое інтэрактыўнае вяселле для ўсіх ахвотных, што да іх вырасце чарга тых, хто жадаў ці меркаваў у хуткім часе ажаніцца…

На жаль, на падобныя выставы культработнікі пакуль што не завітваюць. Будзем лічыць, што толькі пакуль. Тым больш, як высветлілася нядаўна, некаторыя майстры народнай творчасці ўсё ж адзін “няпрофільны” кірмаш сёлета наведалі.

Гаворка — пра Міжнародную спецыялізаваную выставу “Белагра-2016”, што прайшла ў Мінску з 7 па 11 чэрвеня. Як пісала “К”, у ёй прынялі ўдзел майстры са студыі “Школа ткацтва” філіяла Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці (Воранаўскі раён) Станіслава Міхна і Ядвіга Коўза. Як адзначыла намеснік дырэктара Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Настасся Клебан, якая таксама прымала ўдзел у мерапрыемстве, вырабамі вельмі зацікавіліся госці форуму:

— Да нас падыходзілі, распытвалі, спрабавалі нават нешта выткаць на ткацкім станку, а таксама бралі ў нас візіткі і буклеты, — распавяла суразмоўца. — І гэта нягледзячы на тое, што на выставе былі ў асноўным вытворцы сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі, прадстаўнікі харчовых і прамысловых прадпрыемстваў. Можна сказаць, што наш першы ўдзел у гэтай выставе прайшоў з поспехам.

Як адзначыў “К” кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда, акцыю з удзелам майстроў народнай творчасці ў рамках “Белагра-2016” вырашылі зладзіць упершыню: “На мой погляд, наша акцыя гарманічна ўпісалася ў палітру спецыялізаванай выставы, бо на ёй можна было не толькі паглядзець на самыя розныя рамесніцкія вырабы, але і шмат што набыць, завязаць кантакты з дамамі рамёстваў або асобнымі рамеснікамі. Мяркую, гэта толькі пачатак нашага ўзаемадзеяння з выставачнымі праектамі, што ладзяцца цягам года ў сталіцы Беларусі і ў абласных цэнтрах”.

Як бачна, “круціцца” сёння сапраўды можна ўсюды і заўсёды, бо без піяру і рэкламы зараз не абыдзецца ніводны, нават самы цікавы, праект. А калі яшчэ табе на гэта даюць “зялёнае” святло, дык і пагатоў! Цікава, на якой наступнай міжнароднай выставе “засвецяцца” айчынныя культработнікі? Стаўлю на “Маё ідэальнае вяселле”. А вы?

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"