Мастацтва расстаўляць прыярытэты

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Два тыдні таму пастаноўка “Перамога над Сонцам” мастака Руслана Вашкевіча і яго аднадумцаў ўзняла ў яшчэ пакуль не адкрытым музеі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча не толькі паслярамонтны пыл, але і істотныя пытанні. Нагадаю, што “рэканструкцыя” оперы Казіміра Малевіча, Міхаіла Мацюшына, Веліміра Хлебнікава, Аляксея Кручоных, якую чакала падрыхтаваная публіка, апынулася з пункту гледжання кансерватараў актам мастацкага вандалізму. Роўна як і сто гадоў таму, але зусім іншымі метадамі, бо навошта ж мастацтву рэфрэны.

/i/content/pi/cult/594/13203/8-3.jpgПастаноўка складалася з трох дзей: “Таемнай вячэры” (іншымі словамі — прэс-канферэнцыі), “Дыскатэкі для сляпых” (сапраўднага “дыскача” з музыкай 1980-х) і “Прыхода будзетлянскіх асілкаў” (згортвання імпрэзы АМАПам). Галоўнымі героямі “Перамогі…” сталі работнікі прадпрыемства “Святлопрыбор”, інваліды па зроку. У кактэйльнай карце якога бара напой з такімі інгрэдыентамі быў бы пазначаны як “21+”…

Гэта падзея з рэжысёрскай версіяй Руслана Вашкевіча наводзіць на пэўныя думкі, напрыклад, пра тое, якія ж мы, беларусы, цыклічныя ў памылках, прынамсі, на культурнай прасторы. Атрымліваецца, што, правароніўшы стагоддзе таму будучых заканадаўцаў выяўленчага мастацтва і лёгка адпусціўшы іх на захад (што праўда — у рамках савецкай дзяржавы), сёння мы ліхаманкава спрабуем загнаць іх прывіды ў поле айчыннай гісторыі. А іх там пасяліць ужо і немагчыма: яны добра прапісаны ў сусветным кантэксце, больш за тое, па сутнасці, не пакінуўшы нам фізічных доказаў сваёй колішняй прысутнасці тут. З гэтай праблемай ужо сутыкнуўся музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча: чым запоўніць прастору гэтай унікальнай установы, дзе ўзяць тыя ж работы членаў УНОВІСа, які быў арганізаваны ў Віцебску, як дамовіцца з паважанымі сусветна вядомымі музеямі і калекцыянерамі пра часовае карыстанне палотнаў ці капіраванне архітэктонаў. Дарэчы, альтэрнатыўны варыянт з напаўненнем музея, прапанаваны Вашкевічам, сапраўднае выйсце ў такім выпадку.

/i/content/pi/cult/594/13203/8-4.jpgАле праблема нават не ў гэтым. А ў тым, што, занятыя пагоняй за спадчынай, якая, трэба прызнаць, назаўсёды выслізнула з нашых рук у рэальнай — фізічнай — якасці, мы не бачым, як сёння з нашай краіны з’язджаюць мастакі (можна ў шырокім разуменні) новай эры. А калі застаюцца ў Беларусі, то жывуць часцей за ўсё незаўважна і сціпла. Да тых часоў, пакуль хто-небудзь з замежжа не прызнае адоранасць таго ці іншага. І толькі пасля афіцыйнага “прыняцця ў рыцары” беларусы падхопліваюцца і пачынаюць адчайна ганарыцца асобай. Калі не перавучыцца жыць у першую чаргу сённяшнім днём, то яшчэ праз сто гадоў нашы нашчадкі атрымаюць у падарунак новую арт-дзіру замест прозвішчаў і твораў мастацтва XXI стагоддзя.

І Марк Шагал, і Казімір Малевіч са сваімі паслядоўнікамі для Віцебска, усёй Беларусі сапраўды “залатая” тэма. Канешне, яе развіццё ўжо ніхто не кіне. Але яна не павінна глушыць сучасныя працэсы. А ў гэтым шуме, напрыклад, ужо патанулі імёны выключных мастака Андрэя Духоўнікава і дызайнера Аляксандра Вышкі, якія і займаюцца праектам Музея згаданага вучылішча.

Таму, як падаецца, “Перамога над Сонцам” Вашкевіча гэта, у першую чаргу, не антыманіфест, не развянчанне культу асобаў, а заклік звярнуць увагу. На тое, што і сляпыя ўсё цудоўна бачаць, і мастакі са сваімі ідэямі могуць быць жывымі і цёплымі, а не толькі забальзамаванымі муміямі.

На здымках: сцэны пастаноўкі Руслана Вашкевіча "Перамога над Сонцам", якая прайшла ў Віцебску ўначы з 21 на 22 чэрвеня).

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст