Сяргей Картэс (1935 — 2016)

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Сяргей Картэс — асоба ў беларускай музыцы незвычайная. Знакавая. Спасцігнуць, напоўніцу асэнсаваць зробленае ім можна будзе хіба на часавай адлегласці. Але і цяпер зразумела, што менавіта з яго твораў і ягонага колішняга кіраўніцтва Вялікім тэатрам пачаўся новы этап у айчыннай опернай класіцы.

/i/content/pi/cult/593/13201/3-2.jpgПастаўленыя ў нас оперныя спектаклі сталі “выязнымі”, прычым вазіліся яны не толькі ў савецкую сталіцу на “справаздачу”, але і на Захад — і гэта традыцыя працягваецца дагэтуль. Яго партытура “Джардана Бруна”, напісаная ў 1977 годзе, стала першай вялікай беларускай операй (камерныя з’яўляліся і раней), у стылістыцы якой ярка адчуваўся подых ХХ стагоддзя, а не пераасэнсаваныя дасягненні ХІХ-га.

Паверце, наступіць той час, калі на нашай сцэне складзецца “поўны збор” ягоных опер: “Джардана Бруна”, “Матухна Кураж”, “Візіт дамы”, “Юбілей”, “Мядзведзь”. Апошняя, дарэчы, летась была пастаўлена ў Самарскім акадэмічным тэатры оперы і балета, прычым нашай пастаноўчай групай: рэжысёр — Міхаіл Панджавідзэ, дырыжор — Аляксандр Анісімаў. Дарэчы, гэта далёка не першая опера Картэса, пастаўленая ў замежжы, бо той жа “Юбілей” ствараўся па замове фестывалю ў Швейцарыі, а некаторыя творы ўвогуле ішлі адначасова ў некалькіх тэатрах у розных пастановачных версіях.

Прыкладам для наступных пакаленняў застануцца і чалавечыя якасці кампазітара. У творчых суполках заўсёды існуюць рэўнасць, зайздрасць, спаборніцкі дух у самых яго вычварных формах, нарцысізм ды іншыя заганы. Сяргей Альбертавіч, нават калі на яго выплёсквалі ўсе самыя балючыя крыўды і жудасны гнеў, вылівалі цэбары памыяў, заставаўся чалавекам. І быў гатовы прапусціць наперад любога з калег — нават зусім маладога, адэкватна ацэньваючы прафесійны ўзровень кожнага.

Разам з ім сыходзіць частка эпохі “шасцідзясятнікаў”, адным з яркіх прадстаўнікоў якой яго можна назваць. Застаецца незавершанай опера “Ладдзя Роспачы” паводле Уладзіміра Караткевіча, іншыя нерэалізаваныя задумы. Бо нягледзячы на ўнушальны ўзрост, 81 год, ён заставаўся ў душы гарэзлівым падлеткам, здольным зрушыць свет — дайце толькі пункт апоры. Але зямля разышлася пад яго нагамі. Засталіся ноты, зусім невыпадкова падобныя да зярнятак ці жыватворных кропляў вады. Два сыны, абодва музыканты, гэтак жа скіраваныя на служэнне мастацтву.

Немагчыма забыцца і на ягоную ўсмешку. Ваяўнічае прозвішча, што нагадвала пра цёзку — заваёўніка Мексікі, спалучалася ў яго з тым найвысокім узроўнем агульнай культуры, які імгненна “маляваў” на яго твары ветлівасць, добразычлівасць, зацікаўленасць праблемамі суразмоўцы. Затое застаўшыся сам-насам, Сяргей Альбертавіч гэтак жа імгненна сыходзіў унутр сябе. І зноў, як толькі хто знаёмы насустрач, — у вачах і на ўсім твары свяцілася шчырая, цалкам натуральная радасць.

Што ж да лацінаамерыканскіх каранёў (усё ж бацька яго быў чылійцам, дый дзяцінства і падлеткавасць прайшлі на іншым кантыненце), дык яны спалучаліся з рускім выхаваннем, як гэта было ва ўсіх эмігранцкіх сем’ях. І выявіліся нават не ў іншым стаўленні да музычнага рытму, як гэта ўласціва тамтэйшым жыхарам, а ў яшчэ большай, чым у каго іншага, адкрытасці насустрач усяму новаму, цікаваму, невядомаму.

Ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што яго адзіны балет “Апошні інка”, пастаўлены ў Гаване і напісаны на замову тамтэйшага тэатра, на сцэне нашага Вялікага набыў новае лібрэта, скарачэнні ў музыцы і новую назву — “Хто Я?”. Адказ на тое пытанне знойдзены: Сяргей Альбертавіч, вы не проста адзін з нашых лепшых творцаў, вы — сыходзячая эпоха. І ваша колішняя араторыя-паэма “Памяці Паэта” паводле Янкі Купалы — яшчэ і пра вас таксама.

 

Фота прэс-службы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным, блізкім і калегам народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса. “Сяргей Альбертавіч унёс вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яго імя было цесна звязана з беларускай операй. Створаныя ім разнапланавыя творы вядомы як у Беларусі, так і далёка за яе межамі”, — гаворыцца ў спачуванні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што творчасць Сяргея Картэса стала сапраўдным прыкладам высокага мастацтва, якое заснавана на класічных прынцыпах і лепшых традыцыях айчыннай школы, арыенцірам для многіх пакаленняў беларускіх кампазітараў.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь смуткуе ў сувязі са смерцю народнага артыста Беларусі Сяргея  Альбертавіча КАРТЭСА і выказвае глыбокія спачуванні яго родным і блізкім.

Калектыў Вялікага тэатра Беларусі выказвае шчырыя спачуванні родным, калегам, сябрам і блізкім з прычыны смерці былога дырэктара Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, народнага артыста Беларусі, кампазітара Сяргея Альбертавіча КАРТЭСА.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"