Рамантычная прыцягальнасць руін

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Добрая асфальтавая дарога вядзе праз гушчэзны лес. Без пярэрваў ён цягнецца ажно дваццаць з гакам кіламетраў. Гэта Ружанская пушча, дзе яшчэ і дагэтуль нярэдкія сустрэчы з ласямі альбо ваўкамі. Недарэмна, што ва ўсе часы яна прыцягвала аматараў палявання.

/i/content/pi/cult/109/132/st24_1.jpgРаптам Аляксандр Блізнюк прыпыняе машыну ля ледзь прыкметнай алейкі, што праразае лясны гушчар. І тлумачыць, што тая алейка — адзіны напамін пра лясную рэзідэнцыю князёў Сапегаў. Як толькі пушча ўрэшце канчаецца, на даляглядзе з’яўляецца відарыс галоўнага замка слыннага роду — бадай найвядомейшага сімвала Пружанскага краю. Яго руіны выглядаюць папраўдзе велічна і прыцягальна.

Жыхары Ружан распавялі нам, што пасля публікацыі ў “К” матэрыяла “На вуліцах чыста, а ў палацы — сметнік” (№21, 2005 г.), мэр мястэчка Аляксандр Раўнейка склікаў спецыяльнае пасяджэнне гарпасялковага савета, падчас якога кожнае з ружанскіх прадпрыемстваў узяло пад сваю апеку частку тэрыторыі замка. У выніку праблема была цалкам вырашана, і цяпер у палацы чысцютка. Летась на добраўпарадкаванне яго тэрыторыі было выдаткавана каля 40 млн. рублёў, і гэтыя працы будуць спакваля рабіцца штогод. З’явіўся там і свой экскурсавод, здатны пазнаёміць з гісторыяй замка і местачкоўцаў, і іх гасцей.
— Нават і не ведаю, ці здолею я распавесці вам што-кольвечы новае, — сціпла кажа Ала Рошчанка на пачатку экскурсіі. — Усё ж пра Ружанскі замак ужо столькі напісана...
Карэспандэнт “К” запэўніў яе ў тым, што энтузіяст-краязнаўца заўсёды ведае такія дэталі, пра якія ні ў адным даведніку не прачытаеш. І неўзабаве атрымаў таму пацвярджэнне, пачуўшы сюжэт, пра які ў мястэчку па-ранейшаму ходзіць пагалоска з вуснаў у вусны. Напрыканцы васьмідзесятых у Ружанах з’явілася група нейкіх людзей — настолькі дзіўных, што на чужакоў усе адразу звярнулі ўвагу. Складалася ўражанне, нібы яны чагосьці шукалі ў замку. Праз пэўны час тыя людзі зніклі гэтаксама раптоўна, як і з’явіліся. Пакінуўшы па сабе след — акуратна выдзеўбленую нішу ў замкавай браме.

/i/content/pi/cult/109/132/st24_2.jpgШто магло таіцца ў тоўшчы старадаўняй цэглы, ніхто пакуль не здагадваецца. Зрэшты, немаведама колькі інтрыгоўных таямніц тояць у сабе і вялізныя сутарэнні пад замкам. Цяпер лазы, якія служаць уваходамі ў іх, засыпаны зямлёй — каб засцерагчы не столькі магчымыя скарбы, колькі іх гора-шукальнікаў. І сапраўды, нанясенне шкоды помніку даўніны — занятак, які можа быць небяспечным не толькі для душы, але і для цела. У гэтым пераконваешся, калі задумаешся, што надпісы а-ля “Тут быў Вася” на дзесяціметровай вышыні (гэты маляўнічы помнік чалавечай глупоце) цалкам маглі б стаць апошнімі словамі ў жыцці аматараў альпінізму на нецвярозую галаву.

Таму рашэнне аб тым, каб тэрыторыя замка была абгароджана і мела вартаўніка, якое неўзабаве ўсё ж плануецца ажыццявіць, неаспрэчна слушнае. Тым болей, што ў такім выпадку частку грошай на добраўпарадкаванне палаца прыносілі б яго наведвальнікі, купляючы квіткі. Думкі пра будучыню сапегаўскай рэзідэнцыі
цікавыя на Пружаншчыне нераўнуючы ўсім. Паўнавартаснае аднаўленне твора архітэктара Бекера праблематычнае нават у далёкай перспектыве — надта моцна ён зруйнаваны. Таму помнік, напэўна, застанецца ў тым выглядзе, у якім ён да нас дайшоў — вядома, спазнаўшы дбайную кансервацыю. Здаецца, ёсць у гэтым рацыя: рамантычныя жывапісныя руіны могуць быць прыцягальнымі для турыстаў не меней, чым “навадзел”, вельмі падобны на колішні палац.

Вялізная (прыкладна паўтара гектара) прастора сапегаўскай рэзідэнцыі выглядае ідэальнай пляцоўкай для мастацкіх імпрэз на вольным паветры. Таму і нядзіўна, што мэр Ружанаў даўно марыць, каб у замку з’явіўся свой фестываль. Выкарыстоўваць у якасці сцэнічнага “задніка” старадаўнія муры цяпер бадай модна, але ж завадатары такіх канцэртаў, на жаль, не схільныя разнастаіць іх геаграфію, дыхаючы ў патыліцу першапраходцам кшталту Міхаіла Фінберга.
Хаця гэтае унікальнае паводле сваёй “фактуры” месца, думаецца, ацэніць любы “прасунуты” рэжысёр відовішчаў — асабліва тых, што прызначаны для паказу з тэлеэкрана.