У рэчышчы сусветнага трэнда…

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Грошы — адзін з галоўных атрыбутаў дзяржаўнасці. Гэта не гімн, мелодыя якога прымушае мацней біцца сэрца патрыёта, не сцяг, не герб. Купюры і манеты не разлічаны на тое, каб выклікаць эмоцыі. Гэта рэчы функцыянальнага прызначэння, пазбаўленыя сакральнага сэнсу. Але менавіта яны ўвасабляюць эканамічны, а значыць — рэальны, суверэнітэт.

/i/content/pi/cult/593/13196/5-1.jpgКупюрам і манетам быць прыгожымі пажадана, але неабавязкова. Больш за тое, кансерватыўны дызайн, праз які відаць, што вонкава грошы застаюцца нязменнымі на працягу дзесяцігоддзяў, можа сведчыць пра моцную эканоміку, стабільнае грамадства і высокі палітычны статус дзяржавы ў свеце. Прыклад — долары ЗША. Змены ў дызайне грошай могуць быць выкліканы шмат якімі прычынамі, у тым ліку — і жаданнем адпавядаць новым эстэтычным трэндам. Але часцей за ўсё ва ўмовах тэхнічнага прагрэсу (дасягненнямі якога карыстаюцца як законапаслухмяныя грамадзяне, так і злачынцы) гэта робіцца, каб падмацаваць “абароназдольнасць” грошай супраць падробак.

Дызайн у гэтым выпадку можа шмат што распавесці пра культурныя і гістарычныя традыцыі краіны, яе палітычны лад і ідэалагічныя арыенціры. Традыцыйна на купюрах малююць гістарычных асоб і архітэктурныя сімвалы дзяржавы. Тым часам дзяржавы невялікай палітычнай вагі, чыё асноўнае багацце складаюць прыродныя рэсурсы, упрыгожваюць грошы выявамі характэрных прыродных ландшафтаў і нацыянальных жывёл. Пасля таго, як мода на экалогію ахапіла і прамыслова развітыя краіны, аналагічныя матывы з’явіліся і на іхніх купюрах.

Моду на дызайн грошай дыктуе Еўропа. І менавіта ў Еўропе недзе з 1970-х на купюрах культура і навука замяняе палітыку і ідэалогію. Перад увядзеннем еўра на купюры наміналам 50 французскіх франкаў быў намаляваны Антуан дэ Сэнт-Экзюперы і ягоны літаратурны герой Маленькі прынц. На шведскай купюры ў 20 крон — пісьменніца Сэльма Лагэрлёф і ілюстрацыя да яе сусветна вядомай казкі пра падарожжа Нільса з дзікімі гусямі. Раней падобныя сюжэты маглі быць толькі на калекцыйных манетах, а трапіць на папяровыя грошы — ні ў якім разе.

Паводле канона папяровыя грошы маюць гарызантальную кампаноўку. Прыкладам “рэвалюцыйнага” для свайго часу дызайну грашовых купюр можна лічыць гарызантальнае размяшчэнне выяў на адным баку і вертыкальнае — на другім, альбо вертыкальнае  — на абодвух. А таксама — скарыстанне замест строгіх, можна сказаць — пафасных, кампазіцый і стрыманай колернай гамы шматколернасці і складаных фотаэфектаў, якія робяць грошы падобнымі да рэкламнай улёткі. Сёння такія “прасунутыя” банкноты мае Швейцарыя і Ізраіль.

Праблема паліткарэктнасці паўстала перад краінамі Еўрасаюза пры замене нацыянальных валют на еўра. Што маляваць на купюрах, каб не зрабіць прэферэнцыі для адных і не пакрыўдзіць іншых, каб не парушыць прынцып роўнасці? Вырашылі ўпрыгожыць грошы выявамі, якія сімвалізавалі б архітэктурныя стылі асноўных перыядаў у гісторыі еўрапейскай культуры. Гэта мусілі быць вокны, дзверы (парталы) і масты. Падкрэслю, тое зыходна была эстэтычная формула без нацыянальнай прывязкі. Меркавалася, што кампраміс знойдзены. Але нечакана ўсчынілі лямант брытанцы, якія ўгледзелі на купюрах масты італьянскі, нямецкі і французскі, а свайго, англійскага, не знайшлі. Праўда, яны ад пачатку ідэю адзінай валюты не ўхвалялі…

Беларусь перайшла з савецкіх грошай на свае ў 1992 годзе. Беларускія грошы, якія прайшлі праз нашы рукі з таго часу па сёння — гэта своеасаблівая хроніка станаўлення краіны і дзяржаўнай ідэалогіі. На першых разліковых білетах Нацыянальнага банка былі намаляваны дзікія жывёлы. Тады за нашымі грашыма ўсталявалася назва “зайчык”, бо менавіта ягоная выява была змешчана на адной з самых хадавых купюр у адзін рубель. Я сказаў бы, што гэтыя грошы былі па-за ідэалогіяй, палітыкай, прапагандай. Потым з’яўляюцца купюры з архітэктурнымі сімваламі — Прывакзальная плошча і плошча Перамогі ў Мінску, будынак Акадэміі навук, Траецкае прадмесце, Оперны тэатр, Палац прафсаюзаў, Нацыянальны мастацкі музей, сталічны Палац спорту і спорткомплекс у Раўбічах. Заўважце, усё гэта — савецкая эпоха. За выключэннем Траецкага прадмесця, якое не больш як утульны куток мегапаліса, мінская “экзотыка”, але на эпахальны сімвал (а менавіта іх малююць на грошах) не цягне. Гэта падборка не выпадковая: будуючы нацыянальную дзяржаву, мы не адмаўляліся ад савецкай гісторыі. Трэба ўлічыць, што для многіх грамадзян нашай краіны на той момант яна была духоўным апірышчам у большай ступені, чым уласна беларускія Полацкая Русь, Вялікае княства Літоўскае і Рэч Паспалітая.

Дызайн тых, першых, купюр не ўражвае. Відаць, што і ў мастакоў не хапала адпаведнай практыкі, ды і ад дзяржавы замовы на шэдэўр не было.

У 1995 годзе на грошах з’яўляюцца выявы ўжо не сталічнай, а рэгіянальнай славутасці — Брэсцкай крэпасці-героя. За ёй у народ ідуць “віцебская” банкнота з выявамі летняга амфітэатра і маста над Заходняю Дзвіной, “гомельская” — з палацам Румянцавых-Паскевічаў і рэпрадукцыяй старажытнай гравюры з відам палацава-паркавага комплексу. І, нарэшце, шыкоўная паводле дызайну і сюжэта “гродзенская” з Мірскім замкам. Гэта мая самая любімая купюра. На маю думку, яна самая прыгожая. Менавіта па ёй я буду сумаваць, калі яна выйдзе з абарачэння. У ёй акрэслілася візуальная і сэнсавая канцэпцыя, што потым лягла ў аснову вобраза новых грошай — тых, што ў абарачэнні з 1 ліпеня. У эстэтычным плане купюра з Нясвіжам менш удалая. А самы вялікі на сёння намінал у 200 тысяч з выявай Магілёўскага мастацкага музея амаль не саступае “гродзенскай” купюры па вытанчанасці і выразнасці.

Нездарма гавораць, што новыя грошы падобныя да еўра. Не толькі вонкава, але і сутнасна. Новыя беларускія рублі, як і еўра, паліткарэктныя. На купюрах прадстаўлены ўсе вобласці Беларусі, ніхто не пакрыўджаны. На іх няма гістарычных асоб і артэфактаў, якія маглі б вызваць нервовую рэакцыю нашых суседзяў. Не мне аднаму хацелася б, каб на грошах былі выявы вялікіх постацей нашай гісторыі і культуры. Але на дадзены момант, відаць, важней праз помнікі дойлідства, што, як і выявы на еўра, увасабляюць цэлыя культурныя эпохі, паказаць нашу адвечную повязь з Еўропай і Сусветам.

Дызайн новых грошай, на маю думку, увасабляе беларускае разуменне эстэтыкі: мы не трымаемся за кананічныя формы, але і не бяжым наперадзе паравоза, маючы мэтай шакіраваць суседзяў сваім радыкалізмам. Нашы новыя грошы адпавядаюць надзённым стылістычным трэндам, да таго ж у іх закладзены патэнцыял эстэтычнай і функцыянальнай трансфармацыі.

Упэўнены, што калі за мяжой я дастану з партманэ новыя грашовыя знакі маёй краіны, мне не зададуць пытанне: “Беларусь? Гэта дзе?” І так будзе зразумела, што ў Еўропе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"