А калі серыял?

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

У Год культуры не толькі Віцебск памятае Марка Шагала (у 2016 годзе ў абласным цэнтры адна з вуліц названа імем Марка Шагала, адкрылася днямі і мемарыяльная дошка ў гонар мастака). У Музеі гісторыі беларускага кіно адбылася прэзентацыя перасоўнай выставы паводле анімацыйнай стужкі “Марк Шагал. Пачатак” кінастудыі “Беларусьфільм”.

Мяркую, у работы, пра якую “К” паведамляла ў № 12, усе наперадзе. Маю на ўвазе поспехі на кінафестывалях, паказы за мяжой. Хацелася б, каб стваральнікі працягнулі працу над серыялам паводле аўтабіяграфічнай кнігі Шагала “Маё жыццё” з рухомымі персанажамі яго знакамітых карцін, магчымасць ужывання якіх аніматары прадэманстравалі ў “першай серыі”. (Дарэчы, на расійскім тэлеканале “Культура” таксама ажываюць шэдэўры класікаў мастацтва.) І варта больш актыўна прасоўваць твор на міжнароднай арэне. Беларускія ж гледачы і госці краіны ўбачаць работу на “Славянскім базары ў Віцебску”, і, будзем спадзявацца, на магілёўскай "Анімаёўцы" і Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”.

Іван АРХІПАЎ