Калі Гоя паехаў у Мінск, Селяшчук можа пабываць у Мадрыдзе...

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Адна са сцен у адной з залаў музея Акадэміі вытанчаных мастацтваў Сан-Фернанда (Мадрыд) была вольная ў час майго наведвання гэтай скарбніцы прыгожага. Вольная, бо Гоя, які на ёй "прапісаны", паехаў у Мінск, у наш Нацыянальны мастацкі музей. Я не адразу магу ўразумець, што збор з твораў Гоі, Пікаса, Рубенса і Веласкеса, Эль Грэка, Франсіска Зурбарана, Хасэ Рыбера, Барталамэ Мурыя (а як не згадаць Джузэпэ Арчымбольда — аўтара адзінага ў Іспаніі мужчынскага партрэта, ён жа — кветкавы нацюрморт) належыць навучальнай установе.

/i/content/pi/cult/593/13194/5-4.jpgГэтыя людзі тут вучыліся, працавалі. А сур’ёзныя сувязі з калекцыянерамі дапамаглі праз час укамплектаваць музей. Класікай і сучаснымі аўтарамі. Цалкам відавочная канцэпцыя, больш дакладна, вяршыня яе піраміды: гэта іспанскае мастацтва ва ўсёй сваёй красе, а на другім месцы, наколькі я зразумела, фламандскае і італьянскае. Гоя, дарэчы, паступаў у акадэмію двойчы, у выніку не проста атрымаў адукацыю, але і стаў яе рэктарам. І яшчэ мадрыдскую акадэмію называюць першай навучальнай установай, дзе вучылі жывапісу і скульптуры. Раней чаляднікi дапамагалі майстрам і маглі быць толькі членамі рамеснай гільдыі.

Трэба аддаць належнае і прасторы — палац XVII стагоддзя, пабудаваны ў стылі барока па праекце вядомага іспанскага архітэктара Хасэ Чурыгера. Будынак знаходзіцца ў сотні метраў ад Пласа дэль Соль, на Кале дэль Алкала, па шляху да Прада. Тут жа непадалёку Музей Цысэн-Борнэмiса, музей каралевы Сафіі (“Сафiду” па аналогіі з Пампіду), тут жа цэнтр сучаснага мастацтва Caixa Forum. Гэта так званы “Залаты трохкутнік мастацтваў”, вельмі слаўны бульвар дэль Прада. І калі ўжо казаць аб бульварах, то каралеўскі Батанічны сад і парк Рэцiро (таксама з галерэямі і помнікамі) — побач. “Сцежкі” гэтыя і для турыстаў, і для сваіх, мадрыльерас, таму што Мадрыд — месца жывое, з актыўнымі гарадскімi супольнасцямi. Тут няма адчування, што імёны Веласкеса, Далі або Міро належаць нязбытна высокай эліце. У гэтыя вуліцы і праспекты даўно вынесены мастацтва, гісторыя, паважлівае да іх стаўленне і годнае выкарыстанне. Пачнем хаця б з таго, што любое збудаванне, якому споўнілася 100 гадоў, атрымлівае ахову дзяржавы. Гэта не значыць, што яго адразу пачнуць рэстаўраваць і адкрываць музей, але яго дакладна не пачнуць разбураць, як каму захочацца.

Вернемся ад класічнага мастацтва і архітэктуры ў залы сучаснікаў — пры мне гэта была выстава “Index Roma”, вынік стажыроўкі студэнтаў апошніх двух гадоў у Рыме: акадэмія прыняла рашэнне аб адраджэнні духу лабараторыі ідэй, генерацыі ведаў і даследаванняў у міжнародным арт-асяроддзі. Мяркуючы па ўсім, жанравых абмежаванняў у студэнтаў не было: ад відэафільма да комікса, net.art, дызайн, архітэктура, літаратура, музыка, скульптура, жывапіс.

Такая простая рэч, але яе трэба ўсвядоміць для сябе: навучальная ўстанова мае мастацкі музей сусветнага ўзроўню! У калекцыі 1400 карцін, 600 скульптур і 15000 малюнкаў, збор мэблі, габеленаў, сярэбраных вырабаў, гадзіннікаў і медалёў, парцаляны. Гэта пяць стагоддзяў гісторыі мастацтва, ад эпохі Адраджэння да самых апошніх тэндэнцый. 59 залаў на трох паверхах. Акрамя пастаяннай экспазіцыі, ёсць зменныя; на год наперад на сайце выкладзены план выстаў найвышэйшага класу, навукова-даследчых праектаў, канцэртаў і канферэнцый. Вельмі зручна для турыстаў, якія плануюць наведванне Мадрыда, і не заўсёды гатовыя стаяць у чарзе да знакамітых суседзяў у Сан-Фернанда.

А як у нас? Так, у нас няма сваіх Эль Грэка і Далі. І наша акадэмія не каралеўская, але ёсць беларуская школа. Мы лічым сваю жывапісную і графічную традыцыі асаблівымі, у нас ёсць чым ганарыцца ў дызайне і прыкладным мастацтве. Не згублены творы мэтраў пасляваеннага пакалення, а мастакі, якія жывуць цяпер, хіба яны не вартыя музейнага збору alma mater, тым больш у час незалежнай Беларусі. Ужо даруйце мне за пафас.

Урэшце, на сайце Акадэміі мастацтваў пазначана, што музей у ВНУ ёсць, разам з галерэяй, з 1985 года. Дзіўна, што пра яго, у адрозненне ад вельмі актыўнай галерэі "Акадэмія", лічы і невядома. Але добра, што калісьці аб ім падумалі і як структуру хоць бы фармальна захавалі. Ці ёсць у яго будучыня? Вядома ж! Колькі імёнаў! І нават не адмыслоўцы іх ведаюць: Віталь Цвірка, Андрэй Бембель, Павел Масленікаў, Гаўрыла Вашчанка, Арлен Кашкурэвіч, Леанід Шчамялёў, Анатоль Анікейчык, Май Данцыг, Мікола Селяшчук, Валерый Славук, Уладзімір Тоўсцік, Вольга Сазыкіна, Цэслер і Войчанка... І гэта яшчэ не авангард, а там жа таксама і акадэмія была, і супрацьстаянне акадэміі… Якія займальныя могуць быць канцэпцыі, калі не дубляваць вядомыя музеі!

Не мне раіць спецыялістам, як рабіць, і якая стратэгія можа быць абраная імі для развіцця — не толькі акадэмічнага, з усёй сваёй выключнасцю, але і для развіцця Мінска. Я толькі хацела прывесці прыклад таго, як можа быць упісаны музей навучальнай установы ў кантэкст горада / сталіцы / краіны. Як музей ВНУ можа працаваць на ўзроўні лепшых у сваёй краіне і не здзіўлюся, калі ў свеце. Ніхто не кажа, што ў яго няма праблем, але і авангард, самае маладое мастацтва кожнага пакалення, становіцца спадчынай, і таму не варта адмаўляцца ад рэфлексіі, калекцыянавання і экспанавання назапашанага ў сталай прасторы.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст