“Ранак” для салісткі

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Галіна Лемяшонак прысвяціла жыццё танцу. З дзяцінства захаплялася не толькі харэаграфіяй, але і музыкай, без якой танец — як хлеб без солі. Паспяхова скончыла Г.Лемяшонак Беларускае харэаграфічнае вучылішча, а творчая кар’ера яе пачалася ў 1977 годзе ў Дзяржаўным ансамблі танца Беларусі. Разам з ім Галіна Міхайлаўна аб’ездзіла ўвесь Саюз: пабывала на гастролях у Прыбалтыцы, Закаўказзі, сярэднеазіяцкіх рэспубліках і Далёкім Усходзе. Салістка танцавальнага ансамбля не раз станавілася лаўрэатам прадстаўнічых конкурсаў.

 /i/content/pi/cult/158/1319/Ranak.jpg

На жаль, век танцора — не доўгі: рана ці позна надыходзіць час для педагагічнай дзейнасці. Атрымаўшы цудоўны досвед танцавальнага майстэрства, Галіна Міхайлаўна становіцца балетмайстрам і кіраўніком народнага ансамбля танца “Чабарок” пры ГЦК.

Цяпер пад кіраўніцтвам Галіны Лемяшонак паспяхова развіваецца дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Ранак”, які складаецца з малодшай і старэйшай груп. У кожнай — 30 вучняў, якія робяць першыя крокі ў мастацтве.

Гэты танцавальны ансамбль — адзін з самых актыўных творчых калектываў у Светлагорску. Веды і досвед маладому пакаленню танцораў мясцовай школы мастацтваў харэограф перадае каля 20-ці гадоў.

Ансамбль “Ранак” выступае не толькі ў Светлагорску — калектыў добра ведаюць у Беларусі і за мяжой.

Яніна ТРУХАНЁНАК,
навучэнка 11 класа Светлагорскай СШ № 11
Фота аўтара