Мастацтва душэўнай раўнавагі

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Зрэз і тэндэнцыі за 25 гадоў Незалежнасці
Калі хочаш мець уяўленне пра эканамічны стан краіны і дабрабыт — наведай крамы і рынкі. А вось калі інтарэс больш глыбокі, калі ёсць намер зазірнуць у душу народа і напоўніць канкрэтным зместам паняцце “нацыянальны менталітэт”, трэба ісці ў тэатр і мастацкі музей. Сёлета Рэспубліцы Беларусь — 25 год. Маючы трывалы гістарычны грунт і глыбокія цывілізацыйныя карані, наша краіна годна прайшла выпрабаванні і сцвердзілася як паўнавартасная, суверэнная дзяржава. Выстава “Сучасная Беларусь вачыма мастакоў”, што праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі, распавядае пра тое, як згаданая чвэрць стагоддзя адбілася ў люстэрку творчасці.

/i/content/pi/cult/593/13186/8-2.jpgВыстава займае галерэю музея. Адкрываецца яна вядомай карцінай Мая Данцыга “Мой Мінск”. Беручы да ўвагі час стварэння — 1967 год, можна палічыць, што яна наўрад ці можа ўвасабляць сучаснаю Беларусь. Але насамрэч Данцыг намаляваў не так канкрэтны краявід, хоць кожны мінчанін лёгка пазнае гэтае месца, а вобраз горада, звернуты да будучыні. Мінск на ягоным палатне ўжо тады паўстае мегаполісам з магутнай дынамікай. Закладзены ў тыя гады патэнцыял нашай сталіцы атрымаў развіццё ўжо ў суверэннай дзяржаве.

Годна прадстаўлены ў экспазіцыі і іншыя мастакі старэйшага пакалення — Аляксандр Кішчанка, Зоя Літвінава, Міхась Рагалевіч, Барыс Казакоў… Для той эпохі, якая скончылася ў 1991 годзе, іх творчасць была не заўжды прымальнай, бо выразна выбівалася з афіцыйна ўхваленай плыні, але на канцэптуальным узроўні аказалася вельмі жыццядайнай і запатрабаванай ужо ў наступным часе. Так што іншы раз хочацца параіць маладым мастакам, псіхалагічна скіраваным на модныя і, нібыта, актуальныя плыні, азірнуцца на досвед сваіх папярэднікаў, якія не баяліся быць самімі сабой. Дарэчы, арганізатары выставы не сталі падзяляць мастакоў на тых, хто ўжо ўсё сказаў і належыць вечнасці, і тых, хто сёння бярэ чынны ўдзел у культурным працэсе. Бо ў экспазіцыі ўвага акцэнтуецца не на асобах і іх лёсах, а на творах і з’явах, якія сёння вызначаюць аблічча нашага арт-працэсу.

Пры ўсёй шматаблічнасці выяўленчага мастацтва Беларусі рэй у ім па-ранейшаму вядуць творцы, якія абапіраюцца на базавыя каштоўнасці рэалістычнай школы. Таму цалкам лагічным падаецца прысутнасць у экспазіцыі карцін Уладзіміра Тоўсціка і Уладзіміра Кожуха. Гэтым майстрам не ўласцівыя стылёвыя і сэнсавыя хістанні. Кожны з іх глыбока і мэтанакіравана распрацоўвае пэўнае кола тэм і сюжэтаў. Гэта сітуацыя, калі сюжэтаў няшмат, а духоўная прастора — велізарная. У нейкай ступені гэта меркаванне можна аднесці і да Аляксандра Грышкевіча, Андрэя Задорына, Валерыя Шкарубы.

Сёння да ліку класікаў нацыянальнай культуры далучаны Уладзімір Цэслер, які прыйшоў у выяўленчае мастацтва з дызайну і прыўнёс у жывапіс спецыфічнае бачанне рэчаў і з’яў, уласцівае прадстаўнікам ягонага творчага цэху. Сяргей Цімохаў, маючы цудоўную школу рэалістычнага мастацтва, у сваёй творчасці знайшоў раўнавагу паміж рэалізмам і містыкай, фігуратыўнасцю і абстракцыяй. У значнай ступені дзякуючы яму тэма дахрысціянскай міфалогіі нашай зямлі набыла шмат прыхільнікаў сярод інтэлектуалаў і людзей творчых прафесій. Ён здолеў паяднаць у сваіх карцінах досвед язычніцкага абстрактнага мыслення і абстрактнага ж мастацтва ХХ стагоддзя.

Апошняя чвэрць стагоддзя была для краіны часам абнаўлення, мадэрнізацыі сацыяльнай і культурнай сферы. Але, як заўжды на вялікім пераломе, у грамадстве абвастраецца пачуццё настальгіі па беззваротна страчаным і трывогі за тое, што мусіць адысці ў нябыт альбо пасунуцца на перыферыю жыцця. Вось і пішуць мастакі, у прыватнасці — Ілона Касабука, фрагменты старой забудовы тае пары, калі на мяжы мінулага і пазамінулага стагоддзяў мегаполіс яшчэ быў утульным правінцыйным горадам з местачковым ладам і рытмам жыцця. Гэта працяг тэндэнцыі, закладзенай у наша мастацтва так званымі “этнаграфістамі” з паўстагоддзя назад. Тады гэта была натуральная рэакцыя правінцыі на культурны ціск метраполіі. Сёння, у суверэннай краіне, знікненне звыклых рэалій пад уплывам глабалізацыі мы ўспрымаем ужо без асаблівага драматызму, як непазбежную плату за камфорт, за прысутнасць у вялікім свеце. Ды ўсё адно, шкада таго, “што раньш было”…

На прыкладзе згаданага “этнаграфізму” відаць, што асаблівасцю нашай культурнай сітуацыі з’яўляецца тое, што ніводзін з мастацкіх напрамкаў, якія акрэсліліся ў 1980 — 1990-х, лічы — на мяжы эпох, не знік. Кожны мае сваю “дзялянку” ў культурным полі суверэннай Беларусі. “Усё сваё нашу з сабой” назваў сваю карціну, прысутную ў гэтай экспазіцыі, Юрый Макараў. Хто ж ведае, што ў дарозе прыдасца? У гэтым я бачу праяву нацыянальнага менталітэту. Беларусы схільныя да разумнага кампрамісу і аддаюць перавагу эвалюцыйнаму шляху, калі гаворка ідзе пра перспектыву.

Калі наш сённяшні жывапіс — гэта развіццё тэндэнцый, якія выявіліся ў папярэднія дзесяцігоддзі, дык у скульптуры адбыліся змены, дзе прысутнічае пэўная рэвалюцыйнасць. Я маю на ўвазе новую эстэтычную і сэнсавую якасць, па вызначэнні немагчымую ў Савецкай Беларусі. Згадаю прадстаўлены ў экспазіцыі праект коннага помніка герою бітвы пад Оршай князю Канстанціну Астрожскаму работы Льва Гумілеўскага. Вельмі дарэчы ў экспазіцыі кампазіцыя Уладзіміра Жбанава. Работы гэтага майстра надалі Мінску, гораду, у абліччы якога дамінуе савецкі архітэктурна-пластычны канон, выразныя рысы еўрапейскасці. Бронзавая фігура, якая стаіць проста на асфальце, без пастаменту (ды гэта яшчэ і ніякі не герой, а звычайны чалавек), сёння ўспрымаецца цалкам натуральна. Але насамрэч гэта быў прарыў у новую для нас эстэтыку. Работа на выставе называецца “Вясна Перамогі”. Гэта постаць маладой прыгожай жанчыны. Наколькі я ведаю, прататып —- маці скульптара, якой яна была ў маі 1945-га. Уладзімір Жбанаў меў выключны талент ствараць абагульненыя вобразы на аснове блізкіх яму рэалій. Яшчэ я адзначыў бы скульптуры Канстанціна Селіханава і Юрыя Анушкі. Гэтыя мастакі пазбягаюць побытавай канкрэтыкі, праз гэта іх работы могуць набыць нечаканую трактоўку і сэнс, якога ад пачатку не было.

Магчыма, хтосьці скажа, што на выставе не стае твораў тых ці іншых мастакоў, якія таксама, як і прадстаўленыя, за мінулую чвэрць стагоддзя нямала парупіліся дзеля культурнага суверэнітэту краіны. У прынцыпе я згодны з такімі крытыкамі, але ад сябе дадам: заўжды можна зрабіць лепш. Будзем, аднак, удзячнымі тым, хто працаваў над згаданай экспазіцыяй, бо яна праўдзіва прадстаўляе нашу краіну ў дадзены гістарычны момант.

Пасля прагляду выставы я пагартаў кнігу водгукаў. Адзін з іх мне запомніўся: “Дзякуй за душэўную раўнавагу!” Калі нехта прыйшоў у музей знерваваным і атрымаў ад гэтых карцін і скульптур спакой, дык выстава ўжо ўдалася. Я ж пабачыў у гэтай тэзе плён дваццаці пяці гадоў Незалежнасці. Хочацца думаць, што наша мастацтва насамрэч адлюстроўвае спакой і згоду ў беларускім доме. Прынамсі, спрыяе такому стану.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"