Каштоўныя камяні з агранкай і без

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Прыкметы “Балетнага Лета ў Вялікім-2016”
ІІІ Міжнародны фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”, што праходзіў у чэрвені, раптам зрабіў відавочны ўхіл у харэаграфію ХХ — ХХІ стагоддзяў. Наколькі сучасным атрымаўся той кірунак?

/i/content/pi/cult/593/13185/8-1.jpgДаеш сучаснасць!

Насамрэч, такую адметнасць цяперашні фэст набыў, можна сказаць, выпадкова. Не змагла прыехаць адна з запрошаных салістак, і з афішы вывелі заяўлены папярэдне спектакль “Жызель, або Вілісы”. У выніку планаваная колькасная раўнавага паміж балетнай класікай ХІХ стагоддзя і чымсьці больш сучасным хіснулася ў бок далейшых пошукаў і знаходак. Адкрывалася свята двойчы паказанай прэм’ерай балета “Каханне і Смерць” з музыкай народнага артыста Азербайджана Палада Бюльбюль-аглы. Да яе дадаліся “Маленькі прынц” нашага Яўгена Глебава, а таксама два аднаактовыя харэаграфічныя шэдэўры Іржы Кіліяна — “Маленькая смерць” і “Шэсць танцаў”. У цэнтры ўвагі апынуўся і заключны гала-канцэрт, дзе пераважала харэаграфія ХХ — ХХІ стагоддзяў, склаўшы тры чвэрці нумароў. На баку залатой класікі застаўся Марыус Пеціпа, дый тое добра рэдагаваны ў далейшым: харэаграфічная карціна “Цені” з “Баядэркі” і заўсёднае “Лебядзінае возера” (дарэчы, з новым фіналам і іншымі “папраўкамі” Юрыя Траяна і Аляксандры Ціхаміравай), дзе Адэтай/Адыліяй выступіла былая наша, а цяпер пецярбургская прыма, салістка Міхайлаўскага тэатра Кацярына Борчанка.

Можа, самое жыццё вырашыла скіраваць вектар развіцця нашага тэатра на сучасныя здабыткі? І хаця далёка не ўсе з іх падаліся цікавымі, ужо адно “факт прысутнасці” бачыўся з’явай усцешнай, быццам вяртаючы нас у тыя часы, калі такія спектаклі (найперш, у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева) пераважвалі ў якасным плане.

Танцы са смерцю

Пра балет “Каханне і Смерць” і яго магчымую пастаноўку ў нас Палад Бюльбюль-аглы распавядаў яшчэ летась на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе быў старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў і атрымаў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Як бачым, прэм’ера здзейснілася, аўтар музыкі атрымаў віншаванне з ёй ад Кіраўніка нашай дзяржавы, зачытанае са сцэны тэатра перад пачаткам спектакля. Дый у прэсе з’явілася безліч самых гарачых ухвал — у тым ліку, і ад самога кампазітара, і ад доктара мастацтвазнаўства Азербайджана, прафесара Улькяр Аліевай, якая была навуковым кансультантам пастаноўкі і адначасова не ўпершыню запрошаным на “Балетнае лета…” крытыкам.

Сапраўды, гэта была ўжо трэцяя пастаноўка балета, адрозная і ад першай — у Баку, і ад другой — у Екацярынбургу. Як распавядаў Палад Бюльбюль-аглы, бакінская версія была заснавана на ідэі зараджэння азербайджанскай народнасці, невыпадкова імёны галоўных герояў — Азер і Байджан — складаюць назву дзяржавы. Той спектакль, па яго словах, атрымаўся эпічна маштабным, з вялізнымі відэаэкранамі замест сцэнаграфіі, у ім былі дадаткова задзейнічаны артысты дзяржансамбля народнага танца, таму вывазіць балет на гастролі было праблематычна. І перад расійскім тэатрам кампазітар паставіў задачу зрабіць спектакль, прыдатны для гастрольных паказаў, што і было выканана — зразумела, з іншай харэаграфіяй.

Наша лаўрэат міжнародных конкурсаў Вольга Костэль, прыступіўшы да пастаноўкі, зрабіла цалкам новы спектакль, пачынаючы з уласнага лібрэта, але, вядома, паводле таго ж старажытнага эпасу “Кніга майго дзеда Коркута”, які быў пакладзены ў аснову балета першапачаткова. Трэба радавацца, што малады харэограф атрымала, нарэшце, сваю першую буйную працу, бо дагэтуль яна ставіла толькі мініяцюры. Што ёй удаліся масавыя сцэны, у тым ліку ваяўнічыя, у якіх бывае вельмі цяжка захаваць адчуванне сапраўднага бою. Можна ўхваляць сцэнаграфію Аляксандра Касцючэнкі, дзе пры ўсім яе традыцыяналізме ёсць вобраз-сімвал магутнага дрэва, якое ў фінале расцвітае, прычым досыць прыгожа. Неабходна адзначыць і пластычна перададзеную дыялектычную еднасць супрацьлегласцяў. Каханне ўвасоблена дуэтам, Смерць — таксама. У Пралогу яны мяняюцца партнёрамі, кожны танчыць са сваім апанентам, а не паплечнікам. Да асаблівасцяў прэм’еры дададзім увогуле даволі складаную па выкананні харэаграфію, што адрознівае пастаноўчую манеру Вольгі Костэль ад той жа Аляксандры Ціхаміравай. У балеце можна заўважыць багата адметных падтрымак, у тым ліку з выкарыстаннем элементаў гімнастыкі. Але чамусьці яны не выклікаюць таго зачаравання прыгажосцю, да якога, пэўна, павінны былі імкнуцца. Лепшым фрагментам застаецца дуэт Азера са Смерцю, дзе апошняя перамагае. Каханне ж куды менш пераканаўчае — у тым ліку, паводле музыкі.

Партытура складаецца з настолькіх адрозных пластоў, быццам над ёй працаваў не адзін творца, а некалькі. Лейттэма кахання, з якой пачынаецца балет, адсылае да сімфанізаванай эстрады 1970-х. Каларытныя сцэны народнага свята звязаны з фольк-традыцыямі савецкіх часоў. Сімфанізм як прынцып развіцця інтанацыйнага матэрыялу і, шырэй, сістэма музычнага мыслення дзесьці выяўлены на пачатковым узроўні, а дзесьці — наадварот зашкальвае. У згаданым жа вышэй дуэце, дзе саліруюць адно ўдарныя і на першы план выходзіць стыхія рытму, фольк і сучаснасць сплятаюцца разам — і сапраўды заварожваюць, прыцягваюць сваёй энергетыкай.

Касцюмы Кацярыны Булгакавай — самыя разнастайныя. Тая ж Байджан дэманструе калекцыю рознастылёвых, рознакаляровых строяў. Але ўсе гэтыя пераапрананні, тым больш пры адсутнасці яркіх лейтпластычных акцэнтаў, нівелююць вобразы галоўных герояў: Байджан у белым успрымаецца Каханнем, у чорным — Смерцю. Можа, менавіта гэта і хацелі сказаць пастаноўшчыкі? На жаль, многія дэталі ў балеце “не чытаюцца”, застаюцца незразумелымі, пакуль не зазірнеш у праграмку. Не ўцяміць, хто ёсць хто ў Пралогу, каменныя статуі ўспрымаюцца ці то буркамі, ці то юртамі, “ажыўленне” ж камянёў выглядае часам звычайнай раніцай, калі мясцовае насельніцтва, прачнуўшыся, пакідае сваё жыллё.

Але ў цэлым спектакль — важная заваёва так званай “мастацкай дыпламатыі” ці, дакладней, “дыпламатыі праз мастацтва”. А галоўнае — нам ёсць чаму павучыцца ў азербайджанцаў.

Эх, нам бы тую любоў…

“Каханне і Смерць” — ужо другі азербайджанскі балет на сцэне нашага Вялікага тэатра: у 2013-м былі пастаўлены “Сем прыгажунь” Кара Караева. Узгадаем і наш Музычны тэатр, які стаў “першапраходцам” у такім актыўным засваенні азербайджанскай класікі: у 2010-м там была пастаўлена музычная камедыя “Аршын мал алан” Узеіра Гаджыбекава, пазней перайменаваная ў “Вясельны кірмаш”, у 2014-м — балет “Тысяча і адна ноч” Фікрэта Амірава (дарэчы, з тым жа дырыжорам-пастаноўшчыкам Эйюбам Куліевым, які працаваў і над балетам Палада Бюльбюль-аглы), а за дзень да “Кахання і Смерці” ў Музычным адбылася прэм’ера “Клеапатры” ў пастаноўцы азербайджанскага балетмайстра Медзіны Аліевай, з кім тэатр супрацоўнічае не ўпершыню.

Усё гэта можна лічыць дадатковым прызнаннем прафесіяналізму нашых труп — і гэта, несумненна, радуе. Да таго ж, беларускія артысты маюць магчымасць паказаць прэм’еру ў Азербайджане, як гэта атрымалася, да прыкладу, з балетам “Сем прыгажунь” і, падобна на тое, плануецца з “Каханнем і Смерцю”. Але ж давайце падлічым, колькі беларускіх твораў увасоблена ў нашых партнёраў. Лічыць няма чаго — ніводнага. Няўжо нас усё яшчэ сціскаюць ланцугі недаверу да сваіх кампазітарскіх здабыткаў? Маўляў, ці можа наш нацыянальны балет быць камусьці цікавым? І не цягам адзінага паказу, як гэта адбылося з “Вітаўтам” Вячаслава Кузняцова 21 чэрвеня ў Маскве, у Вялікім тэатры Расіі, а ўключэннем такога твора ў рэпертуар.

Гэтаму і трэба вучыцца ў азербайджанцаў, не спасылаючыся на тое, што ў іх, маўляў, нафты багата. Бо ёсць і многія іншыя прыклады зусім не “нафтавых” краін — той жа Польшчы, якая куды больш прадуктыўна чым мы прасоўвае свае нацыянальныя здыбыткі па ўсім свеце.

А ў тым, што ў нас ёсць чым ганарыцца — на сусветным узроўні — пераканаў заключны гала-канцэрт “Балетнага лета…” Тэмай вечарыны (рэжысёр — тая ж Вольга Костэль) стаў пошук і далейшая апрацоўка каштоўных камянёў, што параўновалася з “агранкай” артыстаў балета і параўнаннем іх з дыяментамі — як праз тэксты з даведнікаў, так і праз аўдыязапісы разваг нашых артыстаў і педагогаў-рэпетытараў. Харэаграфічныя нумары былі рознымі — вельмі цікавымі і не надта. Не заўсёды вытрымлівалася логіка іх спалучэння са словам. За размовай пра “абдзірку-прыцірку”, што параўноўвалася з пошукамі гармоніі ў ансамблях, ішлі чамусьці сольныя нумары: маўляў, не атрымалася партнёрства? Не апраўданымі былі і паўторы відэапраекцый на розныя паводле эстэтыкі нумары.

Але які гімн прыгажосці панаваў у большасці кампазіцый! Прычым у многіх замежных балетмайстраў ён дасягаўся мінімумам сродкаў. Праз гэткую “новую прастату”, як назвалі калісьці музыку Георгія Свірыдава, выказваліся вельмі глыбокія псіхалагічныя развагі і філасофскія думкі, ствараліся надзвычай яркія вобразы, зразумелыя без “падказак” нават у выглядзе назвы нумара ў праграмцы.

Асабліва вылучу “Static time” — мужчынскі дуэт Берлінскага дзяржаўнага балета ў пастаноўцы іспанскага харэографа Нача Дуата і майстэрства нашага саліста Такатошы Мачыяма, які нядаўна атрымаў ужо чацвёртую міжнародную перамогу, стаўшы лаўрэатам прэстыжнага Міжнароднага балетнага конкурсу ў Хельсінкі. Ён стаў сапраўдным героем “Балетнага лета…”, прыцягнуўшы ўвагу ў “Лебядзіным возеры” (Блазан), Вечары аднаактовых балетаў, нарэшце, у гала-канцэрце, дзе скарыў і класікай (Па-дэ-дэ з “Карсара” з надзвычай харызматычным, нават брутальным данясеннем Варыяцыі), і сучаснай пластыкай (“Клерк” з яркай, запамінальнай харэаграфіяй Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова і “Фадо” з Янай Штангей у іх жа пастаноўцы, дзе яшчэ больш відавочна ўздзеянне былога нашага, а цяпер украінскага балетмайстра Раду Паклітару).

Балетныя канцэртныя праграмы вельмі рэдка з’яўляюцца ў афішы — нават у параўнанні з опернымі, якія “прапісаліся” ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай. Шкада. Бо вельмі цікавыя нумары ёсць і ў іншых беларускіх харэографаў — ды хаця б у Сяргея Мікеля, сёлетняга выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе Валянціна Елізар’ева, які на сцэне Акадэміі нядаўна ладзіў свой першы аўтарскі (!) вечар. Але гэта ўжо  іншая тэма…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"