“Палёт чмяля” ў краіну Дырыжорыю

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Усе ведаюць яго як мастацкага кіраўніка і дырыжора Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, абранага на гэтую пасаду па выніках конкурсу. Але ж Віктар БАБАРЫКІН яшчэ і сёлетні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання. Парадокс? Не. Бо на гэтую спецыяльнасць прымаюць толькі тых, хто ўжо атрымаў вышэйшую музычную адукацыю, знайшоў сябе як прафесійны музыкант і мае багатую дырыжорскую практыку.

Задаць тэмп дляЦырульніка
У якасці дыпломнай працы В.Бабарыкіна па оперным дырыжыраванні быў абраныСевільскі цырульніку Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы Беларусі. Спектакль скончыўсяраней, чым звычайна. Дадатковых купюр не былосправа ў тэмпах, сваім уяўленні пра тыяпырскі шампанскага”, з якімі любяць параўноўваць музыку Дж.Расіні. Ды ўсё ж так хацелася яшчэ і музычных тонкасцей, каб тоешампанскаене проста адчуць у паветры, але і пасмакаваць, наталіўшыся ўсімі яго адценнямі.
 /i/content/pi/cult/158/1318/Maxima.jpg
Яшчэ столькі хацелася б дапрацаваць! — быццам папярэджваючы мае думкі, пачаў Віктар Уладзіміравіч. — Я вельмі ўдзячны дырыжору тэатра Льву Палікарпавічу Ляху, канцэртмайстру Ларысе Сямёнаўне Талкачовай, якія ўводзілі мяне ў гэты спектакль. Але, на жаль, аркестравых рэпетыцый было ўсяго дзве. І пасля таго, як паўгадзіны пайшло на адну ўверцюру, я зразумеў, што застаецца час удакладніць хіба самыя асноўныя рэчы.

Уверцюра і сапраўды была сыграна ідэальна па фразіроўцы. А каб дасягнуць новай выразнасці ў кожнай фразе (у музыцы, як і ў размове, у адныя і тыя ж словы-ноты можна ўкласці розны сэнс), патрэбны час. Спадзяёмся, ён з’явіцца, бо адразу пасля іспыта В.Бабарыкін атрымаў ад мастацкага кіраўніка Беларускай оперы Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай не толькі ўхвалу (“Вы папраўдзе тэатральны дырыжор!”), але і прапанову правесці яшчэ некалькі спектакляў “Севільскага цырульніка”, удыхнуўшы ў іх новае жыццё.

Пакуль жа быў толькі іспыт — як выпрабаванне на магчымасць працаваць у экстрэмальных умовах. Але дырыжорам такія “іспыты” даводзіцца здаваць штораз, выходзячы да чужога аркестра. Бо перш чым падтрымаць дырыжорскія памкненні, аркестранты, сярод якіх людзі розных пакаленняў, часта больш старэйшыя за “кіроўцу”, павінны паверыць у правільнасць таго, што яны робяць. Іначай, нават “скарыўшыся” на рэпетыцыі, пад час выступлення яны выдадуць такое!.. І тое, што аркестр і салісты “пайшлі за дырыжорам”, намагаючыся выканаць усе яго патрабаванні, лепей за выдатную адзнаку сведчыць пра тыя якасці прыроджанага лідэра, а іх цяжка выхаваць — з імі трэба нарадзіцца.

Шлях ад эўфоніума

— Не, — аспрэчвае В.Бабарыкін мае “здагадкі”, што, пэўна, ён з дзяцінства любіў “рукамі размахваць”, таму і стаў дырыжорам, — я хацеў быць салістам. І калі засвоіў эўфоніум, марыў пра гэткае ноў-хаў — упершыню ў Беларусі стаць канцэртуючым салістам на гэтым інструменце. Нават у Маскоўскую кансерваторыю не паехаў вучыцца, бо туды запрашалі на трамбон, я ж хацеў іграць — на эўфоніуме. У астатнім — усё было як ва ўсіх. Можа, хіба на выкладчыкаў мне шанцавала. У дзіцячай музычнай школе № 14, што спецыялізуецца па духавых інструментах, гэта быў Міхаіл Кобзараў, які захапіў мяне самой прафесіяй музыканта. І так добра падрыхтаваў, што яшчэ вучнем я заняў трэцяе месца на Усесаюзным конкурсе ў Магнітагорску. На той час, дарэчы, я займаўся на вентыльным трамбоне, але на конкурсе такой намінацыі не было, і давялося спаборнічаць у группе тэнар-барытонаў, хутка асвоіўшы і гэты інструмент. У Мінскім музычным вучылішчы імя Глінкі лёс прывёў мяне ў клас Уладзіслава Арлянскага, вучні якога складалі квартэт нізкіх медных духавых — тры трамбоны і я на барытоне.

У Акадэміі музыкі сустрэўся з Расціславам Лагондам, які вучыў не фарсіраваць гук, набліжаць тэмбр трамбона паводле сваёй мяккасці ажно да валторны. Барыс Чудакоў, у якога я вучыўся дырыжыраванню, выпрацоўваў са мной мануальную тэхніку, яго парадамі я карыстаюся і дагэтуль. Нарэшце, паступіўшы на оперна-сімфанічнае дырыжыраванне, я папрасіўся да прафесара Генадзя Праваторава. Упершыню мне пашчасціла напоўню адчуць прыцягальнасць яго таленту яшчэ на трэцім курсе вучылішча, калі я, прайшоўшы па конкурсе, пачаў працаваць у Мінскім духавым аркестры “Няміга”. Я вучыўся ў яго не толькі таму, як працаваць з калектывам, але і, галоўнае, таму, як ператвараць агучаныя ноты ў жывую музыку, якая дыхае, пульсуе, прыварожвае.

Камусьці шанцуе на выкладчыкаў, а камусьці — на вучняў. Бо веды нельга “перадаць” як нейкую рэч. Бывае, аднаму літаральна ў рот усё гатовае кладуць, а ён, замест таго каб “глытаць”, знай сабе плюецца. А другі — знаходзіць штосьці для сябе нават там, дзе, здавалася б, і ўзяць няма чаго. А яшчэ, здараецца, адзін усё жаліцца, што не даюць яму прасторы для палёту, а другі гатовы ўзлятаць з любой стартавай пляцоўкі: было б жаданне!

— У музычным вучылішчы я раўняўся на трубача Андрэя Кавалінскага, якога зараз ведае ўвесь свет. Труба і барытон — інструменты розныя паводле сваіх тэхнічных магчымасцей. Дый загадчык аддзялення духавых і ўдарных любіў паўтараць: “Барытон — гэта вам не кларнет, на ім трэба іграць кантылену”. А хацелася ж абвергнуць гэтую аксіёму, даказаць зваротнае! На той час у мяне быў самы звычайны інструмент — ленінградскай вытворчасці (больш дасканалую, бастонскую, мадэль я набыў, калі выпускаўся з вучылішча). І на гэткім “школьным” барытоне я браўся за самыя складаныя творы, прызначаныя для трубы, для іншых інструментаў. А наш квартэт трамбаністаў падрыхтаваў да студэнцкага канцэрта нават знакаміты “Палёт чмяля” Рымскага-Корсакава, які традыцыйна лічыцца вяршыняй віртуознасці — на любым інструменце.

Для большага эфекту мы нават зрабілі своеасаблівае шоу. Выйшлі на сцэну такія пахмурныя, засяроджаныя, пачалі іграць у жудасна павольным тэмпе, гучна бралі дыханне — амаль “усхліпвалі”, дый усім сваім выглядам дэманстравалі неверагодныя намаганні, гэткую звышчалавечую напружанасць. Зала смяялася, хтосьці, больш чуллівы, шкадаваў нас у душы: маўляў, навошта саміх сябе ганьбіць? А потым, “дапакутаваўшы” твор да канца, мы як “забамбілі” ўсё з пачатку ды ў шалёным тэмпе — слухачы толькі войкнулі. Ну хлопцы-”прыкалісты” — што тут зробіш!

За пультам... гукарэжысёра

Добрая амбіцыйнасць, жаданне быць першым, разлічваючы на ўласныя сілы, а не на тое, што твой супернік “спатыкнецца”, яшчэ нікому не шкодзілі. Памножаныя на шчырасць сяброўскіх стасункаў, яны, мабыць, і складаюць “бабарыкінскі феномен”. На другім курсе Акадэміі музыкі ён арганізаваў студэнцкі біг-бэнд — і той калектыў упершыню ў Беларусі выканаў найскладаны “Чорны канцэрт” І.Стравінскага. Узначаліць аркестр музычнага вучылішча В.Бабарыкіна запрасілі, калі ён вучыўся ўжо на трэцім курсе, а на пятым ён кіраваў адначасова двума студэнцкімі калектывамі, бо да вучылішчнага дадаўся аркестр БДАМ “Фанфары Беларусі”. Ну якая, здавалася б, дысцыпліна будзе там, дзе ўсе яго ведаюць як “свайго хлопца”?

Ажно не: аркестр вучылішча на конкурсе, які традыцыйна ладзіць Міністэрства культуры Беларусі, заняў першае месца сярод 11-ці такіх калектываў з усёй рэспублікі. А “Фанфары Беларусі” былі запрошаны на фестываль у Францыю. Пра гэтыя аркестры і іх кіраўніка загаварылі, запрасілі на радыё, зрабілі студыйныя запісы. Кажуць, супрацоўнікі радыё вельмі здзівіліся, калі пасля тых запісаў В.Бабарыкін прыйшоў на інтэрв’ю не адзін, а з цэлай групай аркестрантаў. І літаральна паставіў ультыматум: каб у праграме ўдзельнічалі яго “падначаленыя”, — нават гатовы быў ахвяраваць уласнымі размоўнымі сола дзеля агульнага дыялога. А калі адзін з аркестрантаў, спалохаўшыся мікрафона, усё ніяк не мог прыгожа сфармуляваць свае думкі і тым затрымліваў гукарэжысёра, В.Бабарыкін зусім не па-дырыжорску “ўвайшоў у яго становішча”: “Мы вас замучылі— адпачніце, калі ласка. Я сам сяду за пульт— пакажыце толькі, якія тут “гузікі” націскаць. Ну нельга ў перадачы абысціся без гэтага музыканта: ён жа на тубе саліруе!”

— Да дырыжыравання я доўгі час ставіўся ўсяго толькі як да другой дадатковай прафесіі. Арлянскі звычайна казаў сваім вучням: “Вучыцеся дырыжыраванню — будзеце заўсёды мець хлеб, ды яшчэ і з маслам”. Бо, выкладаючы ігру на тым ці іншым духавым інструменце, узнікала магчымасць кіраваць дадаткова вучнёўскім аркестрам — гэтак я, яшчэ пакуль вучыўся, выкладаў у Бараўлянскай дзіцячай музычнай школе і вёў там аркестр. Але хто мог у тыя гады марыць усур’ёз пра дырыжорскую кар’еру? У нас рыхтавалі, у асноўным, кіраўнікоў хіба самадзейных, у лепшым выпадку — студэнцкіх калектываў. Дырыжоры ж “вышэйшага звяна” прыязджалі да нас з Санкт-Пецярбурга і Масквы. І калі зараз адкрыта аддзяленне оперна-сімфанічнага дырыжыравання ў нашай Акадэміі музыкі — гэта дасягненне ўсёй нашай нацыянальнай выканальніцкай школы.

Па канцэртах Прэзідэнцкага аркестра Беларусі не адчувальна, што ў дырыжора і чацвёркі яго аркестрантаў, якія поруч з ім размеркаваны ў калектыў, — дзяржаўныя іспыты. 15 красавіка ў межах акцыі “Аркестр — дзецям” калектыў правёў канцэрт у Гродне, а 29-га ў Палацы Рэспублікі чакаецца сумесны творчы праект з сусветна вядомым рок-джаз-гітарыстам Ал Дзі Меола. Усяго за пяць гадоў аркестр правёў больш за 300 выступленняў. Чым не паказчык? А 30 мая В.Бабарыкін здае чарговы дзяржаўны іспыт — па сімфанічным дырыжыраванні, выступаючы ў сталічнай філармоніі з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі.


Цікавілася Надзея БУНЦЭВІЧ

Даведка
Віктар БАБАРЫКІН нарадзіўся ў Мінску ў 1978 годзе. Скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя М.Глінкі (1997), Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе эўфоніума і дырыжыравання духавым аркестрам (2002) і магістратуру пры ёй (па класе аркестравага дырыжыравання, 2003). Пасля чаго прадоўжыў навучанне на факультэце оперна-сімфанічнага дырыжыравання БДАМ. З’яўляецца лаўрэатам конкурсаў выканаўцаў на духавых інструментах (1990, 1997), стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2002). Узнагароджаны медалём Ф.Скарыны (2007). Маючы вопыт працы выкладчыкам, артыстам аркестра, мастацкім кіраўніком і дырыжорам трох студэнцкіх калектываў, па выніках конкурснага адбору, праведзенага Міністэрствам культуры Беларусі, узначаліў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь (2002). Гастраляваў з аркестрам у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Малдове, Іране. Выступіў ініцыятарам некалькіх творчых праектаў. З Прэзідэнцкім аркестрам пад кіраўніцтвам В.Бабарыкіна выступалі М.Легран, А.Бана, Р.Фольі, Р.Ларэцці, І.Кабзон, М.Наскоў, В.Лабанаў, А.Агрынчук, М.Э. Хэкер, Ю.Ігоніна, Р.Крымер, К.Масковіч, А.Шувалаў, А.Сікорскі ды іншыя знакамітасці. 

 

Анкета “К”
1. Колер, які натхняе.
Мяне натхняюць не колеры, а гукі.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
У халоднае надвор’е, бо ў спёку працаваць цяжка.
3. Любімы мастак.
Айвазоўскі.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Аль Пачына.
5. Любімы літаратурны твор.
Раман Дэвіда Вэйса пра жыццё Моцарта “Узвышанае і зямное”.
6. Што слухаеш?
Добрую рок-музыку.
7. Радзіма — гэта што?
Мама, родны дом.
8. Любімая кветка.
Ружа.