Узноўленае гучанне срэбра

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Пра мінулае і сучаснасць аркестра "Няміга"
Ад эканамістаў ці палітыкаў па ўсім свеце штогод чуеш адно і тое ж: “у нашы цяжкія часы…” Але скажыце: якія часы былі лёгкімі? Хаця б тыдзень? Не, такога не было! Але тут і я пачну звышбанальна: “У наш час, як прынята казаць, нялёгкі, яшчэ 7 красавіка ў канцэртнай зале “Верхні горад” мінчане сталі сведкамі падзеі, якую можна ахарактарызаваць як узноўленае гучанне срэбра.

/i/content/pi/cult/592/13177/15-1.jpgУ 1991-м некалькі мінскіх музыкантаў — вялікіх знаўцаў духавой музыкі, — сабраўшыся, задалі самі сабе пытанне: а чаму ў Беларусі няма дзяржаўнага духавога аркестра? Ва ўсіх краінах ёсць, а ў нас… Прафесіяналамі яны былі аўтарытэтнымі, ініцыятыўнымі, ведалі, у дзверы якіх кабінетаў грукаць, і неўзабаве такі аркестр з’явіўся. “Хросныя бацькі” далі яму назву “Няміга”. Іх імёны — у летапісе беларускай музыкі: народны артыст РСФСР Леў Муранаў — прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, аранжыроўшчык і дырыжор аркестра Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі; заслужаны артыст БССР Віталь Волкаў — таксама прафесар кансерваторыі, аранжыроўшчык, сябра Сусветнай гільдыі трубачоў. (Першы рабіў для аркестра аранжыроўкі да апошніх дзён жыцця, другі быў салістам і канцэртмайстрам “Нямігі”, пакуль меў сілы трымаць трубу, а пасля на яго месца прыйшоў сын, таксама трубач.) Трэцяе імя ў гэтым шэрагу — Аркадзь Берын: ён прафесар той жа ВНУ, першы мастацкі кіраўнік і дырыжор “Нямігі”. І па сёння ён прыязджае з-за мяжы, каб на радзіме правесці канцэрты ў выкананні славутых артыстаў сусветнага ўзроўню.

У калектыў адразу ж пацягнуліся салісты-інструменталісты: наш піяніст Ігар Алоўнікаў, з-за межаў рэспублікі — саксафаністка Маргарыта Шапашнікава, трубач Сяргей Накаракаў. Паспяваць пад новы аркестр захацелася і вакалістам: арыі з опер і балады выконвала Марыя Гулегіна — тады салістка нашай оперы, у будучым сусветна вядомае сапрана; у канцэртнай зале “Мінск” сольны канцэрт у суправаджэнні “Нямігі” даў Іосіф Кабзон — ад яго, а не ад аўтара Аляксандра Разэнбаўма, мы ўпершыню пачулі “Вячэрнюю застольную”. Тады ж, праспяваўшы песню Ігара Лучанка “Памяць сэрца” на тэкст Міхаіла Ясеня, Іосіф Давыдавіч вітаў нашага земляка, паэта-франтавіка.

“Няміга” выконвала і класічныя творы, і сучасную музыку. Дзякуючы выдатным аранжыроўкам — да супрацоўніцтва з аркестрам далучыўся і Браніслаў Сармант, — для калектыва не было твораў, што “не пасавалі” б, музыкантам былі пад сілу якія заўгодна партытуры. Высокі мастацкі ўзровень калектыву неўзабаве быў адзначаны ўзнагародамі конкурсаў і фестываляў пасля выступлення “Нямігі” ў Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Германіі, Іспаніі... Шмат было гастроляў па Беларусі. “Няміга”, здаецца, першы наш калектыў, які даў канцэрт пад адкрытым небам у дворыку Нясвіжскага палаца. І на працягу таго ж дня адбыўся другі канцэрт ля вадасховішча надвячоркам, у святле пражэктараў, з узмацняльнікамі — відовішча і “слыховічша” былі незабыўнымі! Аркестрам тады кіраваў выдатны дырыжор Генадзь Праватораў, выконваліся “Канцэрт у стылі блюз” (“Блакітная рапсодыя”) Джорджа Гершвіна з саліруючым фартэпіяна і невядомая нам сюіта “Пініі Рыма”… Калі вандрую па Італіі, бачу гэтыя дрэвы, заўсёды згадваю “нямігаўскае” выкананне.

З “вадой” аркестр сябраваў: напрыканцы 1990-х у адзін са сталічных дзён горада аркестр на плыце перад мастом праз Свіслач выконваў сваю праграму ў святле феерверкаў і святочнага салюта. Часта па нядзелях “Няміга” грала на пляцоўцы ў парку Горкага: дзеці бегалі, церліся ля музыкантаў — тыя ў перапынках, ужо на беразе, давалі хлопчыкам “падудзець”. Урэшце, ці кожны месяц, ці раз на два калектыў абавязкова даваў канцэрты ў філармоніі: афішы, аншлагі! Складвалася кола прыхільнікаў, яны ведалі: ага, “Няміга”, значыць, будзе нешта новае, арыгінальнае, цікавае, — трэба схадзіць!

У 1999-м тагачасны дырэктар Яўген Піляеў запрасіў мяне напісаць сцэнарый, падабраць адпаведны рэпертуар і паставіць эстрадны спектакль “Разам з песняй Леаніда Уцёсава”. Творчасць карыфея савецкай эстрады была мне вядомая па бацькоўскіх грампласцінках з дзяцінства. І выпадковае супадзенне: наша прэм’ера адбылася 9 сакавіка — дзень у дзень з першым выступленнем славутага джаза “Весёлые ребята”, толькі праз 70 гадоў.

Асоба Леаніда Осіпавіча ўнікальная: ніхто не мае права, дый увогуле, ніхто не здолее паўтарыць, замяніць Уцёсава. А таму я вырашыў “разузбуйніць” яго постаць: песні з рэпертуара джаз-аркестра “Весёлые ребята” выконвалі ажно восем вакалістаў — Наталля Гайда, Алена Сало, Алег Мельнікаў, Аляксандр Краснадубскі, Валерый Анісенка, Ігар Смушкевіч, Валерый Майсеенка… Восьмым быў Віктар Вуячыч, яму выпадала спяваць “Спасибо, сердце”, “Если любишь, найди”, “У Чёрного моря”. Ён рэпеціраваў да апошняга дня, а менавіта ў дзень прэм’еры яго прыхапіла хвароба, якая ўжо не адпусціла. Барытонавы рэпертуар падхапіў тэрмінова запрошаны з Масквы Рэнат Ібрагімаў. А пачынаючы з канцэртаў у Магілёве, да нас далучылася спявачка ўцёсаўскага джаза Капіталіна Лазарэнка.

Дырыжыраваў аркестрам у пастаноўцы Пётр Вандзілоўскі. А за раялем сядзеў былы “ўцёсавец” Аркадзь Эскін, на ўсіх мінскіх канцэртах у зале быў кампазітар Генрых Вагнер, які ў маладосці пісаў для Леаніда Осіпавіча светлыя веснавыя песні.

Ганаруся прыдуманым фіналам. Вядучы цытаваў жарт Уцёсава: “Если вам скажут, что я умер, — не верьте: пока я на сцене с оркестром, значит, живой”. Далей вядучы паказвае на партрэт: “Вось, ён сёння тут, з намі, і мы чуем голас Маэстра…”

Прыгашвалася святло — і гучаў голас самога Уцёсава, фанаграма: “Что я сделал в своей жизни для людей? Я пел. Вся моя жизнь — это песни”.

І пачынаў спяваць пад акампанемент свайго аркестра:

Я счастье знавал и тревогу,

Шагая с друзьями в ряду:

И с песней я начал дорогу,

И с песней по жизни иду…

І тут да яго спеву далучаліся восем нашых салістаў, у лад з фанаграмай гучаў і аркестр!

Нам с песней цель ясней видна,

С ней легче спорится работа:

Ведь песня людям так нужна,

Как птице крылья для полёта!

Прэм’ера і яшчэ адзін канцэрт адбыліся на сцэне мінскага Тэатра музычнай камедыі, затым чатыры на пляцоўках Магілёва ў рамках фестывалю “Залаты шлягер” і яшчэ два выступленні — па вяртанні адтуль — у вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Спрэс — аншлагі!

Налета свет адзначаў 100-годдзе з дня нараджэння Дзюка Элінгтана. Адгукнулася і “Няміга”. У цемры, пры свечках гурт “Камерата” спяваў пахавальны спірычуэлс. Голас вядучага агалошваў некралог Прэзідэнта ЗША з нагоды скону вялікага джазмэна. Затым у начной кашулі з’яўляўся чорнаскуры хлопчык — Маціта, сынок тагачаснага супрацоўніка амбасады Францыі — і звяртаўся:

— Дарагія татачка і матуля! Я ваш сынок. А калі вырасту, стану знакамітым музыкам, і ўвесь свет будзе захапляцца маёй музыкай і клікаць мяне графам — Дзюкам.

Спачатку граў аркестр пад кіраўніцтвам Вячаслава Міхновіча: гучала папуры з трох “Духоўных канцэртаў” Дзюка. А далей дзея разгортвалася бы ў славутым “Котан-клубе”: вядучыя — Зміцер Падбярэзскі і я — сядзелі за накрытым столікам і каментавалі творы, якія ў суправаджэнні аркестра выконваліся Валерыем Шчарыцам, Віталём Ямуцеевым, іншымі выдатнымі інструменталістамі Мінска. Пасля сола яны падыходзілі да нашага століка і, хто не быў за рулём, ахвотна кулялі келіх сапраўднага віна.

У тым жа 2000-м споўнілася 100 гадоў з дня нарадэння Ісака Дунаеўскага. І гэта дата была адзначана “Нямігай”. Актрыса Алена Адзінцова выконвала ролі жанчын у жыцці кампазітара: жонку, каханку Зою Пашкову — маці яго сына Максіма, — кінаактрысу Лідзію Смірнову, спявачку Клаўдзію Шульжэнка, шматлікіх прыхільніц — усё на падставе дакументаў: ліставання.

Але затым аркестр “Няміга” бы знік: ні прэсы, ні гучных гастроляў, ні пастановак, ні разрэкламаваных канцэртаў на сталічных пляцоўках. Жывучы ў свеце мастацтва, я за гэты час усяго тры разы бачыў і чуў “Нямігу”: гадоў пяць таму на адкрыцці “Лістапада” і год таму на юбілеі Пятра Вандзілоўскага. Гралі добра, выглядалі адметна, але абодва выступленні — усяго з адным нумарам. І вось у мінулым жніўні на адкрытай пляцоўцы ў мінскім Верхнім горадзе публіка, шпацыруючы, слухала “Нямігу”, яе “падаваў” абаяльны і з гумарам вядучы. Па лексіцы было зразумела, што ён не балбатун-канферансье, а дасведчаны ў музыцы чалавек. Падышоўшы бліжэй, я пазнаў Максіма Мікалаевіча.

І вось пагалоска: калектыў узначаліў новы кіраўнік. Хто? Максім Расоха. Ён мінчанін, скончыў нашу Акадэмію музыкі як габаіст і дырыжор, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў. За стварэнне ў сваім перакладзе праграм “Старадаўняя беларуская музыка ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў” і “Музыка Яўгена Глебава” атрымаў дзяржаўную стыпендыю.

Максіма Расоху, прызнацца, я ўжо ведаў як выкладчыка камернага гурта дзіцячай музычнай школы № 10 імя таго ж Глебава. А ў пазамінулым годзе Беларускае радыё зрабіла запіс перадачы, прысвечанай музыканту, які існаваў бы ў цені славутага трубача Эдзі Рознэра, — музычнаму кіраўніку Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР Юрыю (Ежы) Бяльзацкаму. Творы амаль забытага кампазітара, напісаныя для розных складаў, Расоха вытанчана, па-мастацку пераклаў для актэта драўляных інструментаў “Рыўера”, якім сам і кіраваў. Ён захоплена корпаецца ў архівах і бібліятэках у пошуку нот малавядомых ці ўвогуле забытых беларускіх музыкантаў. Высветліў я, што ў Расохі яшчэ ёсць калектыў — “Мінск-класік”: 13 музыкантаў, якія гралі і Шастаковіча, і абодвух Штраўсаў, і Глебава, і Кальмана, і нешта падобнае да джазу. Карацей, не дзіва, што неўтаймаванаму, з “гарачым вокам”, музычнаму лідару нехта разумны і прадбачлівы з “Мінскканцэрта” прапанаваў ачоліць “Нямігу”. Ад такіх прапаноў не адмаўляюцца.

І вось 7-га красавіка 2016-га ў канцэртнай зале “Верхні горад” мінчане ўбачылі Максіма з дырыжорскай палачкай перад вялікім — пад чатыры дзясяткі “дудак”! — аркестрам духавых інструментаў “Няміга”. Срэбра загучала на прэстыжнай пляцоўцы беларускай сталіцы!

— Што ў праграмме? — запытаўся я, атрымаўшы запрашэнне.

— Лепшае, што назбіраў у рэпертуары, — пачуў у адказ. — Каб людзі не казалі скептычна: “А-а, духавы аркестр — маршы, дудкі”. Каб прыгадалі, што ёсць такі калектыў, каб пасля раілі іншым: “Схадзіце абавязкова на канцэрт “Нямігі”!

Я асабіста — раю. Рэпертуар і сапраўды на які заўгодна густ: Глен Мілер, бацька і сын Штраўсы, Яўген Глебаў, Валерый Гаўрылін, Аляксандр Журбін, Ежы Бяльзацкі, а між гэтымі творамі найсучасныя фантазіі на тэмы песень Фрэнка Сінатры (аўтарства Джэры Новака), мюзікла “Вэстсайдская гісторыя” (Леанард Бэрнстайн), песень гурта “АББА” (Рон Сэбрэгт).

У аркестра бліскуча надраенныя “сярэбраныя” інструменты, элегантныя строі. Гралі адметна, асабліва ў п’есе Генадзя Пучкова “Парад салістаў”, калі кожная група — трубы, валторны, саксафоны, трамбоны, драўляныя, ударныя — імкнулася перасягнуць іншую ў майстэрстве і віртуознасці. Хочацца адзначыць і дырыжора Максіма Мікалаевіча, які сам і вёў канцэрт: тактоўнасць, гумар, самаіронія, уменне размаўляць з залай і, канешне, абаяльнасць, але гэта ўжо ад прыроды.

Чамусьці не бачыў на гэтым свяце адраджэння калектыва музыказнаўцаў. Ды невялікая зала і малая сцэна, якой дастаткова для салістаў ці ансамбляў не больш чым у паўтара дзясяткі выканаўцаў, была цеснай для вялікага калектыву. Доўгія ж апладысменты, якіх “Няміга”, пэўна, даўно не чула, былі ўзнагародай музыкантам за іх працу.

“Нямізе” трэба высоўвацца з ценю, ”у нашы цяжкія часы” адраджаць гучанне срэбра. Лічу, што калектыву самая пара вярнуцца да вялікіх пастановачных праграм з акрэсленай тэматыкай. Ёсць бліскучыя музыканты, таленавіты кіраўнік, шмат добрай музыкі, якой прагне чулы душой слухач. Узмах Максіма Расохі дырыжорскай палачкай — і…

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр