Шэсць колаў Коласа

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Да персанальнай гісторыі праз канкрэтныя аб’екты
Даплачваць шафёрам звыш зарплаты па 1000 рублёў, бачыць у аўтамабілі не раскошу, а жалезнага каня, які павінен служыць і не баяцца “чорнай” работы, дарыць машыны сябрам, а не калекцыянаваць іх нібы трафеі — гэта пра народнага паэта Якуба Коласа. Новая экспазіцыя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Коласа”, якая адкрылася для наведвальнікаў 18 мая ў гаражы пісьменніка, знаёміць з невядомымі ці малавядомымі фактамі яго жыцця праз прызму аўтамабіляў.

/i/content/pi/cult/592/13176/14-1.jpg— Мемарыяльны музей, асабліва музей адной персоны, мае сваю адметнасць: гэта звычайна невялікія плошчы будынка, адсутнасць выставачных і лекцыйных памяшканняў, — кажа дырэктар музея Зінаіда Камароўская. — Таму выкарыстанне дадатковай прасторы, асабліва калі яна мае непасрэдныя адносіны да гаспадара дома і можа сыграць эмацыйную і інфармацыйную ролю, нам падаецца апраўданым і мэтазгодным.

Гаражы Якуба Коласа, пабудаваныя ў 1946 годзе побач з домам, заўсёды выклікалі цікавасць у наведвальнікаў. Ідэя стварыць экспазіцыю з’явілася год таму. Першапачаткова планавалася паказаць толькі аўтамабілі класіка і іх выкарыстанне, расказаць пра вадзіцеляў і адносіны Коласа да іх. Але ў працэсе падрыхтоўкі экспазіцыі, збору матэрыялаў, тэма раскрывалася шырэй і глыбей. З’яўленне кожнага аўтамабіля ў жыцці Якуба Коласа звязана з пэўнымі падзеямі ў гістарычным і палітычным жыцці краіны — рэпрэсіі 1930-х, якія не абышлі родных і блізкіх песняра, Вялікая Айчынная вайна, калі пісьменнік апошні раз пабачыўся са сваім сынам Юрыем, пасляваеннае адраджэнне краіны...

Асноўны наведвальнік гэтага музея — моладзь, школьнікі. Чым не нагода для стварэння чагосьці сучаснага, цікавага для любой аўдыторыі? Над экспазіцыяй працавала навукова-вытворчае прадпрыемства “Сатмэн” на чале з дырэктарам Георгіем Захарыкам.

“Дарэчы, з аўтамабіляў Якуба Коласа захавалася адна “Победа”, набытая пісьменнікам для сям’і. Цяпер яна належыць унуку Якуба Коласа — Андрэю Данілавічу Міцкевічу”, — кажа Зінаіда Мікалаеўна.

Плошча гаража невялікая, 30 квадратных метраў. Цэнтрам кампазіцыі стаў макет чорнай “ГАЗ М-1”, якая была падаравана народнаму паэту ўрадам у 1936 годзе да 30-годдзя яго літаратурнай дзейнасці. Лабавое шкло аўтамабіля прыстасавана для дэманстрацыі архіўных матэрыялаў.

“Я ўдзячная Нацыянальнаму архіву, Цэнтральнаму навуковаму архіву Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва за прадастаўленне цікавых матэрыялаў, сярод якіх заява культпрапа ЦК КПБ(б) аб забароне распаўсюджвання казкі Якуба Коласа “Як пеўнік курачку ратаваў” як контррэвалюцыйнай, знакаміты ліст Панцеляймона Панамарэнкі да Сталіна “Аб беларускай мове, літаратуры і пісьменніках”, загад АН БССР “Аб замацаванні легкавых аўтамабіляў”, згодна з якім пісьменнік атрымаў аўтамабіль “ЗіМ”, — кажа візаві.

У аснове экспазіцыі — вобраз кола, ці круга. Колас некалі напісаў: “…І яшчэ памятай: адзначана кожнаму чалавеку прайсці нейкі круг жыцця, і покі той круг не пройдзены, ніхто з яго не выйдзе”.

— І атрымліваецца, што тымі коламі наша жыццё перамолваецца. Вось адзін з прыкладаў: свой першы аўтамабіль Якуб Колас атрымлівае ў дар ад урада ў часы, калі спазнае абвінавачванні і чакае арышту, як і многія калегі, сваякі. У тагачасных дзённіках Колас зазначае, што забыўся, калі спаў распрануты і ўсміхаўся, — згадвае Зінаіда Мікалаеўна працу над экспазіцыяй.

Задума з экспазіцыяй апраўдала сябе. Наведвальнікі сапраўды ўбачылі пісьменніка з іншага ракурсу, не аблашчаным уладай — маўляў, глядзі, колькі машын. У архівах ёсць дакументы, дзе Колас пісаў, што стаміўся быць парадным генералам, але быў вымушаны хадзіць на пасяджэнні, рыхтаваць выступленні. Асабліва пасля вайны. “Таму машына была яму патрэбна хутчэй па службе, і дакладна не для прадстаўнічасці”, — тлумачыць суразмоўца і дадае:

— Пры стварэнні экспазіцыі мы сутыкнуліся і з некаторымі складанасцямі. Напрыклад, з сістэмай ацяплення і тэмпературна-вільготным рэжымам. Таму падтрымліваем яго ўласнымі сіламі. Ды і арыгіналы дакументаў у гаражы мы вырашылі не выстаўляць, абышліся копіямі.

Пра акупнасць праекта пакуль што рана гаварыць, але гэта адбудзецца, перакананы ў музеі. “Цану на білет праз новую выставу не ўзнімалі, ён каштуе столькі ж, колькі і ўваход у музей”, — зазначае спадарыня Камароўская.

Пра "кантэнт" выставы ў дэталях

Кола першае: “ГАЗ М-1”

Восень 1936-га — верасень 1939-га

У сувязі з 30-годдзем творчай дзейнасці Якуба Коласа была прынята пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б “Аб узнагароджанні народнага паэта БССР Якуба Коласа”, паводле якой пісьменніку “за выдатныя заслугі ў галіне беларускай мастацкай літаратуры” быў выдадзены аўтамабіль “М-1”. Другі атрымаў Янка Купала. На пачатку Другой сусветнай аўтамабілі былі “мабілізаваныя”. Вадзіцель “Эмкі” Уладзімір Краўцоў высока цаніўся пісьменнікам: на пахаванне маці кіроўцы Колас асабіста выдзеліў грошы, яго жонка, Марыя Дзмітрыеўна, прысутнічала на жалобнай цырымоніі.

Кола другое: “Шэўрале”

Канец 1939-га — 24 чэрвеня 1941-га

У канцы 1939 года Якуб Колас і Янка Купала замест “М-1”, якую, як казаў Купала, “забралі служыць у войска”, атрымалі трафейныя аўтамабілі маркі “Шэўрале”. На гэтай машыне 24 чэрвеня 1941 года Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч з жонкай і сынамі Данілам і Міхасём, стрыечным дзядзькам пакінуў Мінск. Аўтамабіль потым адаслалі назад у сталіцу БССР. Сын Юрка, які ў гэты час апынуўся ў горадзе, знайшоў “Шэўрале” каля дома з узарваным бакам: хутчэй за ўсё машына пацярпела ў фашысцкай бамбардзіроўцы.

Колы трэцяе і чацвёртае: “Опель-Алімпія”, “Опель-Адмірал”

Снежань 1944-га — 1947-ы; 17 ліпеня 1947-га — канец 1954-га

У снежні 1944 года Якуб Колас вяртаецца ў Мінск. Горад ляжаў у руінах. Не вярнуўся з вайны сын Юрый, загінулі блізкія, сябры, паплечнікі. Народнага паэта чакала яшчэ адно выпрабаванне: у ноч з 20 на 21 мая 1945 года ў маскоўскай бальніцы ў Сакольніках не стала “любай кветкі”, жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч.

У 1944 годзе народнаму паэту Беларусі, віцэ-прэзідэнту АН БССР выдалі трафейны аўтамабіль “Опель-Алімпія”. Вадзіцелем пісьменніка стаў Фёдар Хадасоўскі, які да вайны ездзіў на коласаўскім “Шэўрале”. Гэта быў выдатны шафёр і майстар на ўсе рукі: рамантаваў не толькі аўтамабіль, але і гадзіннікі ды іншую дробязь. Быў звольнены ён пасля здарэння, калі машына з Якубам Коласам на пасажырскім сядзенні выляцела ў дрыгву. На яго месца запрасілі спецыяліста з гаража Акадэміі навук Сяргея Сонюшкіна, які, па сутнасці, стаў членам сям’і Міцкевічаў.

Паездкі ж па горадзе ў Коласа былі амаль штодня — сесіі, пасяджэнні, мітынгі. Як дэпутат Вярхоўнага савета БССР Якуб Колас часта выязджаў на сустрэчы з выбаршчыкамі. Асабліва запомнілася яму паездка на Палессе, “дзе зачалася яго дарога ў жыццё”. Машына, на якой ехаў Якуб Колас, загрузла ў снезе, і пасажырам прыйшлося ехаць на трох санях: “Быў і надзею страціў, што вярнуся дахаты…” — згадваў пісьменнік.

У 1947 годзе Першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка падарыў Якубу Коласу “Опель-Адмірал” чорнага колеру, які паэт, у сваю чаргу, пасля перадарыў Уладзіміру Філіповічу, сябру сям’і. Дарэчы, малалітражны “Опель-Алімпія” атрымаў у падарунак ад Коласа кіроўца Сяргей Сонюшкін.

Кола пятае: “ГАЗ М-20” (“Перамога”)

1953 — 1956

У 1953 годзе для сям’і быў набыты аўтамабіль “Перамога”. У Якуба Коласа не было вадзіцельскага пасведчання, таму за руль ён ніколі не садзіўся. Аўтамабілем часцей карысталася нявестка Якуба Коласа, жонка старэйшага сына Данілы Міцкевіча Зарына і сам Даніла Канстанцінавіч. Зараз аўтамабіль належыць унуку Якуба Коласа — Андрэю Данілавічу Міцкевічу.

Кола шостае: “ЗІМ”

4 красавіка 1955-га — 1956-ы

У 1955 годзе ад Акадэміі навук Якубу Коласу, быў выдадзены службовы аўтамабіль “ЗІМ”, раскошны і вельмі рэдкі нават для сталіцы саюзнай рэспублікі. Дарэчы, Якуб Колас быў нязменным віцэ-прэзідэнтам гуманітарнага сектара АН БССР на працягу 28 год.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст