Разам і паралельна

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

На выставе “Разам” прадстаўлены творы беларускіх і літоўскіх мастакоў. Выстава ладзіцца ў рамках супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў з Пасольствам Літвы ў Беларусі і галерэяй літоўскага саюза мастакоў “Арка”.

/i/content/pi/cult/592/13175/13-2.jpgВыстава “Разам” сабрала розных па светаўспрыманні, характары і настроі творчасці сучасных літоўскіх і беларускіх творцаў. Літоўскі бок прадстаўлены жывапісам. Вылучаецца “Ніда” Эйгірдаса Круопіса, які змог паказаць сіне-ружовай колеравай гамай і энергічнымі шырокімі мазкамі стыхію. А маленькая аранжавая пляма надала твору, адначасова, жывасць і раўнавагу. Рамунас Дагіс паказаў восеньскую палітру — вохрысты, карычневы, малочны, бледна-жоўты, шэры, крыху блакітны — у рабоце “Восень на падыходзе”. Які вобраз на карціне? Можна толькі здагадвацца. Ёсць работы з марскімі матывамі — “Прыбярэжныя скарбы” (спалучэнне карычневага, сіняга, фіялетавага і аранжавага надаюць “трываласць”), літаральна дыхаюць “Прыморскі кантраст” і, уласна, “Марскі подых”. Спадабаўся і настрой работы Артураса Савіцкаса “Дзяўчына і цень”. Твор “халодны”, але ён не “адштурхоўвае”. Рысы твару галоўнай гераіні палатна не прапісаныя, але чамусьці добра ўяўляеш яе вобраз.

Беларускі бок больш разнастайны па прадстаўленых відах мастацтва. Сталыя наведвальнікі выстаў ужо звыкліся да шэравата-белых палотнаў Тамары Шэлест, але цяпер на выставе “Разам” можна ўбачыць дзве карціны Тамары ў колеры — “Вячэра” і “У першы клас”. Тое сталася нечакана, і, як па мне, захацелася нават “знізіць” гук некаторых колеравых спалучэнняў, каб яны не “перакрыквалі” арыгінальныя і запамінальныя вобразы. На карцінах Дзяніса Барсукова — горад (вядома, Мінск) — мяккі, душэўны, цёплы. Дзяніс не паказвае сталіцу шумным мегаполісам, з якога хочацца з’ехаць. Гэта горад мастака, створаны ўяўленнем і ўрыўкамі рэальнасці, тут жывуць адчуванні, успаміны, эмоцыі. Нягледзячы на жыццярадасную палітру, горад Барсукова замкнёны, засяроджаны на сабе і сваім унутраным стане. Анатоль Кузняцоў прадставіў фактурныя і не кантрасныя кампазіцыі з цыклу “Белая сюіта”. Уладзімір Парфянок у фатаграфіях паказаў надзённае — від з акенца на завод (“Гэта не ад мяне (нас) залежыць”), уключаны тэлевізар з кветкамі на стале, ад якіх падае смутак, цень (“Больш нічога не трэба, дзякуй”)… Цытаты да фатаграфій дапаўняюць і раскрываюць серыю “Лісты без даты”.

Ад тэматычнай (і не толькі) разнастайнасці твораў выстава не ўспрымаецца цэласным праектам. Тое можна прыняць з улікам яе міжнароднага характару. Ды слова “разам” усё ж такі прадугледжвае большую сувязь, на маю думку.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст