А наперадзе — “беларускія пагоркі”?

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Яшчэ два гады таму Антон Сіманкоў разам з сябрам Дзмітрыем Цішко шукаў добрае месца для рэалізацыі ўласнай задумы музычнага фэсту пад адкрытым небам у цэнтры Мінска. І знайшоў. У маі адбыўся ўжо другі па ліку фестываль вулічнай музыкі “Месца пад сонцам”, а ўсё лета мінчан і турыстаў радуе “Пешаходка” — яшчэ адзін творчы праект упэўненага і жыццярадаснага Антона (упершыню “К” пазнаёміла з ім у № 35 за 2015 год). Пра тое, як “сабраць” усе аспекты, каб у выніку “нарадзіўся” фестываль, ён распавёў “К”.

Дзе знайсці ўдзельнікаў?

З чаго я пачынаў? Спачатку праглядаў колькасць падпісчыкаў на выканаўцаў у сацыяльнай сетцы. Потым зразумеў, што ёсць гурты “крутыя”, але вэб-аматраў у іх мала. І калі на першы фестываль вулічнай музыкі “Месца пад сонцам” браў усіх, то для другога фэсту ўжо выбіраў удзельнікаў (было дзесьці 100 заявак).

“Пешаходка” — новы праект, які аб’ядноўвае розныя віды мастацтва (тэатралізаваныя прадстаўленні, танцавальныя праграмы, майстар-класы, зараз займаюцца распрацоўкай паэтычнага кірунку), і другім арганізатарам штотыднёвага мерапрыемства з'яўляецца Уладзіслаў Пінчук. У нашай камандзе строгі падзел абавязкаў. І гэта ўсё — за ідэю. І рады я, што ёсць людзі, якія ўдзельнічаюць на валанцёрскіх пачатках. Але на ўсё патрэбны сродкі. І для таго, каб патраціць іх з карысцю на тую ж рэкламу, афішу, для арэнды абсталявання, кагосьці цікавага запрасіць з музыкантаў…

Пра спонсара

Не хапае спонсарскай падтрымкі, але я не хачу прадаваць ідэю фестывалю. Урэшце, калі знойдзецца сталы фундатар, то трэба будзе з ім гэта нейкім чынам вырашаць. Важна разумець: фестываль — тваё дзіцё. Я яго нікому не аддам. Можа, калі-небудзь і зменяць ягоную назву, напрыклад, “Месца пад сонцам 3.0” — не ведаю… Але мой фестываль пойдзе разам са мною.

Дабрачыннасць

На дабрачыннай інтэрнэт-пляцоўцы “MaeSens” ёсць праект “Галоўнае жаданне”, дзе публікуецца спіс з жаданнямі дзяцей. Мы выбіраем, якое з іх зможам здзейсніць на сабраныя ад праведзенага мерапрыемства сродкі. Пакуль што выбіраем простае — самакат, магнітны канструктар, касцюм супер-героя… Але здзейснілі і больш “маштабныя” мары. Дзяўчынка Віка паедзе ў Маскву на сустрэчу са спявачкай Нюшай. А сямігадовай Каці падарылі сінтэзатар.

Для мяне камфортная абстаноўка, калі ўсё — у “агні”. Урэшце, каб нам год таму не дапамаглі ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, магчыма, сядзеў бы зараз і гуляў у “Контру”. І яшчэ. Пакуль не пачнеш штосьці рабіць і верыць у свае сілы — нічога не атрымаецца. І калі мне скажуць: “Антон, можа, не атрымаецца!”, я цяпер адказваю — “Паглядзім!”.

Геаграфія “Пешаходкі”

Мне прапанавалі ў Гродна прывезці фестываль. Але я за межы Мінска амаль не выязджаю, таму для мяне пакуль нерэальна вывезці фестываль у іншы горад. Тым больш, добрае месца абрана — ведаю акустыку Верхняга горада, магчымасці гэтага гістарычнага месца, дзе турыстаў багата. Адзін мужчына кожную суботу хадзіў, мабыць, стаў фанатам “Пешаходкі”. А потым ён расказаў, што да яго нядаўна прыязджалі знаёмыя з Галандыі. Ён ім паказаў мерапрыемства — і галандцам вельмі спадабалася. Значыць, і такім чынам пашыраецца геаграфія “Пешаходкі”.

“Месца пад сонцам” не аддам"

Вельмі хочацца запрасіць замежных музыкантаў. Хто будзе першым? “Mujuice”. Альбо “Дэльфін”. Можа, яшчэ “Onuka”. Канешне, хочацца зрабіць штосьці больш маштабнае. Як прыклад — расійскі фестываль “Пустыя пагоркі”, які першапачаткова быў аматарскім. Упершыню фестываль адбыўся ў лесе, прыйшло 300 чалавек. А потым стаў паступова пашырацца. Там добрыя пляцоўкі, платформы адпавядаюць тэматыцы, добрае тэхнічнае забеспячэнне…

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст