Калі чалавек не ідзе ў музей, дык музей…

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Другі год запар выстава інсталяцый пад адкрытым небам “Арт-астравы” знаходзіць прытулак на адной з выспаў Камсамольскага возера ў Мінску. Папярэдняя мела добры розгалас, таму ў сёлетняй удзельнікаў больш. Сцвярджаецца, што леташнія “Арт-астравы” наведала недзе з паўмільёна чалавек. Падумалася, чым жа гэта пасярод спякотнага лета, якое для мастацтва лічыцца “мёртвым сезонам”, мастакі здолелі прывабіць столькі публікі?

/i/content/pi/cult/592/13171/9-2.jpgКаб забяспечыць досыць спецыфічную выставу такой колькасцю гледачоў, патрэбны геніяльны менеджар. Такі досвед трэба ў акадэміях вывучаць! Аказалася, што ўсё досыць проста: выставу разгарнулі літаральна … на пляжы. Так, у спякотны дзень уся зялёная прастора вакол возера віруе чалавечым мурашнікам. Прыходзяць людзі на прыроду адпачнуць ад гарадскога тлуму — у ваду акунуцца, пазагараць, халоднага напою выпіць, ну і на творы мастацтва між іншым вока кінуць.

Я не іранізую. Гэта правільны ход. Два чыннікі працэсу наблізіліся адзін да аднаго, а як гэта адбылося — справа другасная. Калі народ не ідзе да мастацтва, дык мастацтва мусіць ісці ў народ. Сёлетнія “Арт-астравы” прыйшліся мне даспадобы. Тое ж самае, але выстаўленае ў залах Нацыянальнага мастацкага музея ці якойсці галерэі, падалося б недарэчным. А тут, на тле зменлівай прыроды, у выкананні з танных матэрыялаў (пластык, тканіна, бляха…) не разлічаныя на вечнасць інсталяцыі глядзяцца як родныя. У прыродзе няма нічога вечнага. І калі спецыяльна не займацца кансервацыяй і рэстаўрацыяй згаданых штучных аб’ектаў, не дбаць пра адмысловыя ўмовы іх захавання, жыцця ім — на адзін сезон.

Выкажу меркаванне, што на гэтай выставе цікавасць і каштоўнасць маюць не столькі самі арт-аб’екты, але эстэтычныя канцэпцыі, у іх закладзеныя. Мінск — горад, у архітэктуры і пластычнай аздобе якога чуецца мелодыя барока, водгулле класіцызму, эфектныя ноткі хайтэку. Гэта ў канцэптуальным сэнсе не наша вынаходніцтва, а высакаякасны імпарт, адаптаваны да нашай рэчаіснасці і менталітэту. Натуральна, усвядоміўшы сваю геапалітычную значнасць і культурную ўнікальнасць, Мінск прагне новай эстэтыкі, якая выразна вылучала б яго з шэрагу іншых сталіц і мегаполісаў. Каб знайсці новы вобраз, трэба эксперыментаваць.

Але аддаваць пад мастацкія эксперыменты каштоўную прастору цэнтра, якая ў асноўных рысах ужо склалася эстэтычна і функцыянальна, ніхто не збіраецца. Для гэтага ёсць іншыя пляцоўкі — тыя ж “Арт-астравы”. Цалкам магчыма, што тут нараджаецца эстэтыка, якая недзе праз дзясятак гадоў можа стаць вызначальнай у фарміраванні вобраза горада.

Некаторыя з прадстаўленых на “Арт-астравах” аб’ектаў вартыя таго, каб іх ужо сёння перавялі ў больш трывалы матэрыял і пашукалі ім месца ў гарадскім асяроддзі. Ужо не адзін год сярод архітэктараў і мастакоў ідзе гаворка пра неабходнасць стварэння ў Мінску Парка скульптуры па аналогіі з тымі, што ёсць у іншых сталіцах і мегаполісах. Меркавалася, што такі своеасаблівы музей пад адкрытым небам мог бы размясціцца на тэрыторыі, што прылягае да Нацыянальнай бібліятэкі альбо побач з Музеем-майстэрняй Заіра Азгура. Мне ж падаецца, што калі гэта ідэя і будзе рэалізаваная, дык дзе-небудзь у паркавай зоне сталіцы. Магчыма, менавіта на выспах Камсамольскага возера, дзе паціху прыжываецца не вельмі звыклае для нашай грамады мастацтва, з часам з’явяцца не толькі зменныя, але і сталая экспазіцыя сучаснай пластыкі. Мне думаецца, гэта было б лагічна, бо зялёная прастора паміж комплексам Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Палацам Незалежнасці набывае для горада ўсё большую значнасць і каштоўнасць. Варта падумаць пра тое, каб яе не толькі добраўпарадкаваць, але і зрабіць культурна насычанай. Хай яно так і будзе: прыехаў чалавек пасля работы на возера адпачыць, а аказалася, што яшчэ і ў музеі пабываў, на які звычайна часу няма.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"