Рамантык, які не паступіўся і коскай. Кіно Уладзіміра Караткевіча

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Сёлета, у лістападзе, яму споўнілася б ужо 78. Але яго няма з намі 24 гады. Даты не круглыя, ды хіба ж можна згадваць цудоўных людзей толькі з нагоды юбілеяў?

Маскоўская сустрэча адкрыла... Беларусь

Парадоксы нашага камунікацыйнага, але не камунікабельнага часу: я чацвёрты год вучыўся ў Маскве, ды беларусаў амаль не страчаў, хіба што такіх жа студыёзаў — Віктара Турава і Ігара Дабралюбава. І раптам — непрадбачаная маскоўская сустрэча. Гэта зараз разумею, што ўсё ў жыцці нашым — суцэльная заканамернасць, тады ж усё выдавала выпадковасцю.

Пазнаёміліся мы з Валодзем Караткевічам у 1962 годзе. Два землякі, абодва вучыліся ў творчых ВНУ: я — на аператарскім факультэце ВГИКа, ён — на Вышэйшых сцэнарных курсах. Ці была гэта паралельная выпадковасць? Не думаю. Бо неяк дзіўна. Нібы воля лёсу пахінула нас адно да аднаго. Ды і на двары быў вецер глыбокіх грамадскіх змен, што спрыяў нашаму паразуменню.

Мала-памалу нашы бессістэмныя сустрэчы перараслі ў рэгулярныя. Я не быў беларускамоўным жыхаром Мінска, але Валодзя гэтак ярка, маляўніча распавядаў пра беларускую літаратуру, што я міжволі ўзяўся чытаць яе ўсю запар, балазе ў Маскве гэта зрабіць было няцяжка. Вядома, пазнаёміўся і з паэзіяй самога Караткевіча. Ні кроплі не перабольшваючы, скажу: для мяне адкрылася новая планета. Тое, што раней было аддалена-гістарычным, сталася глыбока блізкім і асабістым.

Паступова нашы стрэчы — у інтэрнатах, у сяброў-знаёмых, на кінапраглядах і прэм’ерах — сталі набываць нейкі ўзаемна-зацікаўлены характар.

Калі я наноў адкрыў для сябе беларускую літаратуру, дык Валодзя, хачу спадзявацца, не без маёй дапамогі, сур’ёзна захапіўся кінематографам (гэта ўжо акрамя таго, што вучыўся ён на Вышэйшых сцэнарных курсах).

Валодзя распавядаў не толькі пра літаратуру Беларусі, але і пра яе гісторыю. Пры гэтым ён амаль ніколі не спасылаўся на крыніцы. Слухаючы яго і ўжо будучы ў значнай меры знаёмым з яго рамантычным характарам, мне здавалася, што многае з гэтых аповедаў — сачыніцельства, пісьменніцкія выдумкі, плён фантазіі. Як жа я памыляўся! Праз некалькі гадоў я змог пераканацца, што большасць з распаведзенага — альбо праўда, альбо старадаўняя легенда пра той ці іншы куточак роднай Беларусі, тонка падпрацаваная самім Караткевічам.
 /i/content/pi/cult/158/1317/Karatkevich.jpg

Скончыўшы інстытут і пакруціўшыся на “Масфільме”, я паехаў у родны Мінск, і разам са старшым аператарам Георгіем Ўдавенкавым завяршаў ужо другую карціну, калі лёс зноў звёў мяне з Валодзем. Сустрэча і на гэты раз выдавала выпадковай. Гэтак я думаў. А Караткевіч паказаў мне накід сцэнарыя дакументальнага фільма пра гістарычную памяць Беларусі, помнікі, што дайшлі да нашых дзён. Матэрыял называўся “Памяць каменя”, і было ў ім шмат з таго, што я раней чуў ад яго і чым шчыра захапляўся (праўда, ставячы акцэнт на творчай фантазіі Валодзі).

Творчасці Караткевіча, як сцвярджаюць крытыкі, уласцівы метафарычнасць, рамантызм, услаўленне нацыянальнага, узвышаная паэтыка і лірызм. Усё гэта, вядома, слушна, але з майго, цалкам суб’ектыўнага, погляду, у Караткевіча, як у Пікаса, у розныя перыяды жыцця былі розныя этапы творчасці. У той час, калі мы пазнаёміліся — а гэта была першая палова 60-ых — яго не проста хваляваў рамантызм у паэзіі і прозе, але і сам ён быў рамантыкам да глыбіні сваёй шчырай душы.

“Другая работа Караткевіча ў кіно дасталася мне”

Варта адзначыць, што Караткевіч быў першым беларускім кінасцэнарыстам, які атрымаў спецыяльную адукацыю. Сцэнарыяў ён напісаў шмат. Але, як гавораць у літаратараў, спачатку “пісаў у стол”, а для паказу празмерна патрабавальнай рэдактуры прадставіў кінадакументалістыку. Ды не была яна ніякай “празмерна патрабавальнай”, гэтая авеяная легендамі рэдактура: здымалася нямала мастацкіх, больш дакладна — “высока маламастацкіх” фільмаў, пра якія сёння згадваць сорамна, а след яны пакінулі хіба што ў энцыклапедыі. Проста, да маладога Караткевіча прад’яўлялі завышаныя патрабаванні, і яшчэ многім недаадукаваным вельмі ж хацелася ўцерці нос “беларускаму выскачку”: бач ты — нас, ветэранаў, вучыць хоча са сваёй маскоўскай, ды яшчэ кінематаграфічнай, адукацыяй!

Шкада, вядома, але я быў другім рэжысёрам, з якім ступіў на зыбка-гразкую сцяжыну Уладзімір Караткевіч. Першым быў Анатоль Забалоцкі (гарнуўся Валодзя акурат да аператараў, тое можна прасачыць у яго кіналёсе: Забалоцкі, Цвяткоў, Марухін). У 1964-ым ухапіўся Забалоцкі за рамантычны сцэнарый “Сведкі вечнасці”, што ў згаданай рамантычнай манеры распавядаў пра славутыя дрэвы, пра шматвяковыдуб у запаведных міцкевічаўскіх мясцінах, пад якім, як цвёрда быў перакананы Караткевіч, адпачываў Адам Міцкевіч, а можа, менавіта тут напісаў славутую “Гражыну”. А вось ля таго, далейшага, раскідзістага, што было? І сам сабе адказвае: “А пад гэтым Крывашапка зваў на мужыцкую вайну беларускіх сялян”. Вобразна-эмацыйнае слова гучала з экрана, нідзе не ілюстравала выяву, а толькі дапаўняла яе.

Повязь стагоддзяў, еднасць з сучаснасцю і адказнасць кожнага з нас за агульную для ўсіх гісторыю — не вылучаная, але вельмі гучная нота ўсяго сцэнарыя 20-хвіліннага дакументальнага фільма “Памяць каменя” — другой работы Караткевіча ў кіно, якая “дасталася” мне. Ішоў 1966 год. У сцэнарыі былі глыбокія развагі пра адказнасць за зберажэнне памяці і духоўнай спадчыны нашай, памяці ў архітэктуры — у замках, цэрквах і касцёлах. “Памяць патрабуе абароны, — гучала ў дыктарскім тэксце. — Неадлучная частка вашага жыцця — тое, што створана продкамі. Дык беражыце памяць аб продках!”

Валодзя яшчэ штосьці дарабляў-перарабляў, але неўзабаве дапісаў, і мы лёгка запусціліся ў работу. Гэты фільм і стаў маім рэжысёрскім дэбютам у беларускім кінематографе. Напярэдадні запуску Валодзя паставіў перад дырэкцыяй Мінскай студыі дакументальных фільмаў умову: ён паедзе па рэспубліцы разам са здымачнай групай. Значна пазней стане крылатай яго фраза адносна прапаноў паправіць ужо напісаны сцэнарый: “І коскі правіць не буду!”. Але фраза — для рэдактуры і дырэкцыі. А тады, у памятнай паездцы па Беларусі, свой уласны сцэнарый ён папраўляў шмат разоў, знаходзіў новыя мясціны для здымак ці, калі мы з нейкае прычыны апыналіся ў незапланаваным першапачаткова месцы, ён тут жа ўзгадваў (а можа, часам і дапісваў?) адпаведную легенду краю, прапаноўваючы неадкладна ўсё перанесці на кінаплёнку.

Група была невялікая — пяць, часам шэсць чалавек, але аўтар сцэнарыя быў з намі пастаянна і не прападаў ні на адзін дзень. Па яго волі маршрут часам нечакана адхіляўся ад вызначанага. Мы начавалі ў прыватных хатах, маленькіх гасцінічках, а часцей за ўсё — ва ўзятых з сабой дзвюх палатках, балазе лета было цёплае. Змены маршруту часам давалі непрадказальны вынік: адзняты матэрыял мог быць вельмі цікавым, але грошай на жыццё катастрафічна не хапала: іх пераводзілі ў гарадок, куды мы павінны былі прыехаць. Насамрэч, мы начавалі ў палатках дзе-небудзь у лесе ці на беразе возера Свіцязь.

Часцяком даводзілася засынаць на пусты страўнік. Вось ужо ў каго было сапраўднае пачуццё таварыства, дык гэта ў Валодзі. “Я вас сюды зацягнуў, я і здабытчык хлеба!” — і знікаў. Потым вяртаўся з бульбай, хлебам, малаком, а то, бывала, і з чым мацнейшым. Пры гэтым усе мы абсалютна дакладна ведалі, што грошай з сабой у яго не было.

Увогуле за ўвесь перыяд здымак Караткевіч запыняўся на тых мясцінах ці падзеях, дзе запынялася яго душа, ягоны дух. Нездарма Васіль Быкаў называў яго “Рыцарам духу”. І гэты рыцар на самой справе змерыў усю беларускую зямлю ўздоўж і ўпоперак сваімі ўласнымі нястомнымі нагамі. І ўсё, што ён распавядаў, у першую чаргу нам, групе, і ўжо цераз нас — гледачу, усё гэта было ўзнаўленнем Гісторыі, нашай гісторыі дзівоснай і надзвычай цікавай.

Калі б не гэты рамантычна-паэтычны дух Уладзіміра Сямёнавіча, калі б не гэтае палкае жаданне расказаць пра сваю Беларускую зямлю, пра яе непаўторныя легенды і традыцыі, калі б не яго ўменне захапіць сваімі ідэямі ўсіх і ўсё, — можа, я ніколі б не сягнуў у рэжысуру. Але так хацелася данесці да гледача яго, Валодзевы, думкі, яго любоў да сваёй зямлі. Вось і паспрабуй цяпер, праз дзесяцігоддзі, лічыць тую нашу сустрэчу выпадковай: яна ж цалкам перавярнула маё жыццё, скіраваўшы ў іншае, рэжысёрскае рэчышча. Але пакуль у якасці аператара пяток кінакарцін мне яшчэ трэба было зняць.

Што ж да гістарычнага аспекту ў нашых шматлікіх размовах, дык нагадаю больш ранні эпізод, маскоўскі. Аднойчы нам, а папраўдзе Валодзю, падарылі... руку муміі. Для мяне гэты вечар так і застаўся шараговым эпізодам, а вось Валодзя пасля “сатварыў” цэлую гісторыю.

Мы ж не прывыклі надаваць асаблівае значэнне падзеям, што адбываюцца ў паўсядзённым жыцці.

Сябра-мядзведзік пад Дубам Крывашапкі

Яшчэ да пачатку работы над “Памяццю каменя”, у 1965-ым, у Мінску мы сустракаліся з Валодзем у часе здымак фільма “Пушчык едзе ў Прагу”, на якім я быў адным з аператараў.

Медзведзяня Пушчык быў амаль галоўным героем фільма. Часам яго дубліравала сястрычка — медзведзяня Зорка. (Калі Пушчык падрасце і стане ўжо даволі сталым мядзведзем, я паспею зрабіць іх агульную з Валодзем Караткевічам фатаграфію.) А тады, на здымках, Валодзя вельмі пасябраваў з медзведзянятамі. Пазней, у сваім эсэ “Дуб Крывашапкі” (імя аднаго з казацкіх атаманаў у вайне 1648 г.), Валодзя так рамантычна апісаў эпізод сустрэчы з нашымі героямі, што я і па сёння захапляюся чароўнасцю яго расповеду.

“І вось мы выехалі на палянку над ракой і ўбачылі там апараты, танваген, людзей і... ніштаватае ўжо медзведзянятка. Нас сустрэлі знаёмыя храпы. Малады аператар расцвіў пралескай і ўсміхнуўся сонцу, беларускім лясам, Прыпяці і мне... Небарака замарыўся на працы (здымалі чорт ведае колькі дубляў) і нічога ўжо больш не хацеў. У перапынку ён знайшоў пад машынай лёд, накрыты скрынкаю, перакуліў яе і вельмі бадзёра — у спёку гэта добра — узяўся за справу: жэр гэты лёд, як дзеці марожанае, аж храбусцела.

Лёд адабралі. Тады ён пачаў шукаць нешта другое, але нічога не адшукаў. Знайшоў, што праўда, распачатую бутэльку мёду (у чалавека гэта называецца “прэміяльныя”) і палічыў, што за такую работу мае на яе права, — дык і тую не далі. Тады ён вырашыў уцячы, але, паколькі яго якраз узялі на павадок, — ён даводзіў, што ён унутрана свабодны, тым, што бег на месцы, падскокваў на ўсіх чатырох таўстапятых лапах.

Што ўспамінаеш ты цяпер, бедны, седзячы ў клетцы, у Бярэзінскім запаведніку? Прыпяць? Лёд? Або, можа, тое, як, вымыты ў ванне і дасуха выцерты, ты пазней, аднойчы ў Мінску, хроп на маёй тахце, укрыты да галавы народнай посцілкай. Мы тады ўзнялі келіхі і за цябе. А можа, думаеш, што людзі знявечылі табе жыццё, што, вольны, ты ніколі б не цягнуўся да іх, і, вялізны ўжо, не прасіў бы, выйшаўшы з лесу, цукру, і нікога б не палохаў, а значыцца, не трапіў бы і ў клетку?”

Юрый ЦВЯТКОЎ,
заслужаны дзеяч мастацтваў,

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
Рэспублікі Беларусь
На здымку: Валодзя з Пушчыкам.

(Працяг будзе.)