Нашы песні старой Еўропы

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

У маі рэжысёр Вольга Дземка прэзентавала на Беларусі свой фільм “Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні”. Вольга калісьці спявала ў гурце “Гуда”, потым з’ехала ў ЗША. Пяць гадоў таму яна адзняла на Палессі матэрыял, мантаж якога сёлета завяршыла. Гэта, бадай, першы англамоўны дакументальны фільм, які апавядае пра беларускія спевы.

/i/content/pi/cult/592/13169/8-2.jpg

Гераіні фільма Ева Прыходзька і Ганна Сакалоўская з вёскі Іванава слабада Лельчыцкага раёна.

З фільма англамоўны глядач, які не ведае нічога ні пра Беларусь, ні пра тутэйшыя спевы (на такога Вольга арыентуецца ў першую чаргу), дазнаецца пра найбольш істотныя даты беларускай гісторыі, пра тое, як песні зберагліся скрозь стагоддзі, як адрозніваюцца ад рэгіёна да рэгіёна, пра што ў іх пяецца. У апошняй частцы фільма, “Песні сёння”, можна пабачыць фрагменты выступаў гуртоў-пераймальнікаў аўтэнтычнай манеры выканання і тых, хто перапрацоўвае фальклор, сумяшчае яго з іншымі стылямі музыкі.

У Беларусі адбыліся два працоўныя паказы “Песень старой Еўропы…” — у мінскай галерэі “Tut.by” і ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Галоўнымі ж Вольга лічыць паказы для герояў фільма з вёсак Тонеж, Іванава Слабада і Стадолічы Лельчыцкага раёна і Дзятлавічы Лунінецкага (на жаль, некаторых герояў стужкі ўжо няма сярод нас). А, напрыклад, у Старым Сяле пад Жабінкай адбыўся індывідуальны паказ для адной з бабуль.

Першы працоўны паказ фільма прайшоў таксама ў Штатах. Наведалі на яго збольшага імігранты з Еўропы, “карэнных амерыканцаў” было няшмат. Таму пытання “А дзе ж гэта Беларусь?” ні ў каго з наведвальнікаў не ўзнікла. Праўда, у Сіэтле, што знаходзіцца на Заходнім узбярэжжы ЗША, дзейснай беларускай суполкі няма. (Найбольш актыўная беларуская дыяспара ў амерыканскім Нью-Ёрку, а таксама ў Канадзе. Дарэчы, выступ гурта з Таронта “Яваровы людзі” таксама можна пабачыць у фільме.)

Экспедыцыю ў Лельчыцкі раён у 2011-м Вользе дапамаглі арганізаваць журналістка Рэгіна Гамзовіч і фалькларыстка Любоў Сівурава. “Мы паехалі разам з даследчыцай Ірынай Мазюк, я паглядзела, як яна размаўляе і паводзіць сябе з бабулямі. Палешукі адразу прымалі мяне за сваю: раней я кожнае лета бавіла ў бабулі ў Столінскім раёне. Праз 20 хвілін першага запісу мы ўжо працавалі ў розных пакоях, а нешта здымалі разам”, — кажа рэжысёр.

Вольга апавядае, што матэрыял некалькі гадоў чакаў мантажу. У выніку ў “Песнях старой Еўропы…” — фрагменты абрадавых спеваў, каментарыі шматлікіх экспертаў: этнамузыколагаў Тамары Варфаламеевай і Дарынкі Шапавалавай, згаданай Любові Сівуравай, а таксама даследчыцы Ганны Сілівончык, Вікторыі Міхно з гурта “Гуда”, Алега Хаменкі з “Палаца”, Івана Кірчука з “Тройцы”. Фільм вельмі яркі (ёсць нават анімацыйныя застаўкі), захоплівае гледача і не адпускае да самага канца (а ідзе роўна гадзіну). Вольга кажа, што драматургія прадумвалася на ўзор фільмаў канала “ВВС”, каб утрымаць гледача ля экрана да канца, не даць націснуць на паўзу. Некаторыя часткі кшталту паэтычных заставак і пейзажных замалёвак здымаліся ў ЗША, дзе адшукаўся балоцісты куток, па ландшафце падобны да Беларусі.

Вольга спадзяецца, што яе твор трапіць на экран і паспрыяе вядомасці Беларусі ў свеце. Таксама Дземка хацела б, каб фільм паказалі па беларускім тэлебачанні, каб бабулі пабачылі сябе “ў тэлевізары”. Але для гэтага патрэбны менеджар у нашай краіне, бо сама рэжысёр займацца мясцовым пракатам пакуль не плануе.

Вольга Дземка са сваім гуртом “Volya” выступае на фестывалях этнічнай музыкі. Разам з Вольгай спяваюць беларускія песні магістр этнаграфіі і фалькларыстыкі Дарынка Шапавалава з Балгарыі, што скончыла Універсітэт культуры і мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, магістр музыказнаўства Вольга Сухавер, выпускніца Акадэміі музыкі імя Гнесіных у Маскве, на скрыпцы грае армянка Рая Асрыянц, што навучалася ў Інстытуце імя Шнітке ў Маскве, а зараз працуе над ступенню магістра ва Універсітэце штата Вашынгтон у ЗША. Фрагменты выступаў дзяўчат можна пабачыць у “Песнях старой Еўропы…”

Вольга вельмі ўдзячная ўсім носьбітам традыцый, экспертам і гуртам, што здымаліся ў фільме і дапамагалі ў арганізацыі экспедыцый. Спадзяецца, што калі-небудзь здыме фільм ужо не пра спевы, а пра абрады, якія захоўваюцца ў жывым бытаванні ў Беларусі.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"