Вакол брэнда

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

У аўторак дакументалісты студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” запрасілі на сустрэчу крытыкаў і прадстаўнікоў СМІ, каб другі раз за гэты год заявіць пра свае праблемы (гл. “К” № 5). На пачатку 2016-га адносна студыі казалі пра пагрозу ліквідацыі як асобнага структурнага падраздзялення. Але візіт міністра культуры Барыса Святлова на кінастудыю “Беларусьфільм” супакоіў кінематаграфістаў. Ды сёння, кажуць яны, “Летапіс” знаходзіцца, фактычна, у прастоі.

Градус эмоцый на сустрэчы з крытыкамі і прэсай быў высокі. Там кінематаграфісты, сярод іншага, прызналіся, што накіравалі ліст з 26 подпісамі ў 5 інстанцый, у якім агучылі асноўныя праблемы дакументальнага кіно і прапановы па іх вырашэнні, . Тым не менш, кінематаграфісты і агучылі праблемы.

13:00 і 12:59

“Кожны кадр, які мы здымаем сёння, потым становіцца гісторыяй, — падкрэслівае вядучы рэдактар студыі, старажыл “Летапісу” Уладзімір Мароз, фільм па сцэнарыі якога адзначаны Дзяржаўнай прэміяй нашай рэспублікі. — За паўгода мы не знялі ніводнага кадра. Няўжо сёння гісторыя краіны не патрэбная?” Дырэктар студыі, рэжысёр Аксана Эйхарт зазначае: “Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год”, на кінематаграфію прадугледжваюцца выдаткі ў больш чым 68 мільярдаў рублёў. Згодна са Стратэгіяй развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2015 — 2020 гады, запланавана зняць 35 дакументальных фільмаў. Фінансаванне іх ажыццяўляецца па выніках Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў”. Але, дадае прамоўца, на дадзены момант гэта творчае спаборніцтва, якое абяцае пэўную занятасць дакументалістам, пакуль не адбылося. Яго найбліжэйшы тэрмін правядзення — верасень. “Гэта значыць, калі мы атрымаем магчымасць здымаць, скончым, хутчэй за ўсё, у новым годзе”, — канстатуюць на “Летапісе”.

Па-другое, прафесійная супольнасць “гудзіць” ад праблемы хронаметражу дакументальных стужак. Сёння для дакументалістаў, каб атрымаць працу, існуе пэўнае выйсце ў запуску невялікай карціны, і каб фільм не падпадаў пад конкурсныя характарыстыкі, скарыстоўваецца працягласць стужак у 12 хвілін 59 секунд. Мала таго, што гэты хронаметраж не дазваляе аўтарам “разгарнуцца”, тая самая секунда істотна адбіваецца на аплаце іх працы — рэжысёры атрымліваюць “пастановачныя” ўдвая меншыя, бо скарыстоўваецца “вілка” папярэдняй катэгорыі фільмаў паводле іх працягласці.

“Кіношная костачка”

Згодна з рашэннем снежаньскай калегіі Міністэрства культуры па пытаннях развіцця кінематаграфіі некаторая частка супрацоўнікаў “Беларусьфільма” была пераведзена на дамоўную форму адносінаў: запускаецца карціна — спецыялісты наймаюцца. Няма стужкі — адпаведна, няма і працы, і шэраг кінематаграфістаў сапраўды ўжо выведзены за штат “Летапісу”. “Пры гэтым стаж не ідзе, бо працоўная кніжка не ляжыць на студыі, няма ні адпачынку, ні пенсійных адлічэнняў — мы не маем сацыяльных гарантый, — кажа аператар Іван Ганчарук. — Але шукаць іншую працу складана — усё ж такі разлічваеш, што работа на роднай студыі для цябе з’явіцца”.

— Людзі, што тут працуюць, — сапраўдная “кіношная костачка”,  — падкрэслівае рэжысёр, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жданоўскі. — Людзі на сваім месцы. Але сёння пачуццё студыйнасці знікае, “вымываецца” прафесія.

А што, уласна, здымаем?

Турбуе прафесіяналаў пытанне самавыяўлення — тэматычны фокус.

— Сёння дакументальнае кіно многія атаясамліваюць з “казённымі” фільмамі, — кажа сябра Еўрапейскай кінаакадэміі, рэжысёр Віктар Аслюк. — А ў цэнтры дакументальнай стужкі мае быць чалавек. Больш дакладна — “узрушаны чалавек”, як у Святланы Алексіевіч. Без драмы, без канфлікту не існуе добрага дакументальнага кіно. А калі паглядзець фільмы апошніх гадоў — яны тэлевізійныя, прыкладныя. Не дзіва, што людзям нецікава іх глядзець.

Каб пазбегнуць залежнасці ад абмежаванага кола тэмаў рэжысёр прапануе вярнуць права голасу мастацкаму савету “Летапісу”, які здолеў бы далей самастойна вызначаць тэматычныя напрамкі. Гэта крок назад альбо наперад — складана сказаць. Але тэматычны заказ — форма, якая часам выглядае несучасна. Чаму не дазволіць рэжысёрам і самім выбіраць тэму і здымаць пра тое, што ім “баліць”?

І для каго?

З прамоўленага кінематаграфістамі з нагоды сітуацыі, якая склалася, вынікае: становішча складанае. Акрамя тэматычных і фінансавых пытанняў, праблематычным выглядае поле далейшага распаўсюджвання прадукцыі — дзе паказваць тыя большасць стужак у 12 хвілін 59 секунд, калі на тым жа тэлебачанні найбольш распаўсюджаны фармат — 26 хвілін ці нават 52 (для грунтоўных тэледаследаванняў дакументалістаў)? А той жа фестываль IDFA, найбуйнейшы фестываль кінадакументалістыкі, што праводзіцца ў Нідэрландах, наогул не прымае да ўдзелу стужкі хронаметражом менш за 40 хвілін… Урэшце, як доўга можна выкручвацца з сюжэтамі даўжынёй, лічы, у тэлевізійны ролік?

Набалелую праблему адсутнасці экрана дакументальнага кіно ўзняла рэжысёр, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Галіна Адамовіч. Зрушыць беларускія каналы ў бок айчыннай дакументалістыкі цяжка. Увогуле, ужо неаднойчы гучала прапанова аб стварэнні адпаведнага цэнтра-кінатэатра беларускай дакументалістыкі. Але ідэя так і засталася ў стане пражэкта.

— Давайце будзем шчырымі, — доўжыць Віктар Аслюк. — Рэальнай альтэрнатывы ў абліччы ігравога кіно дакументальнаму пакуль няма. Ці з’явіўся за гэты час той серыял, якім мы можам ганарыцца? Поўнаметражная ігравая карціна? Не. Тады чаму не зрабіць стаўку на дакументальнае кіно, як гэта зрабілі такія краіны як Данія, Фінляндыя, Галандыя? Нідэрланды сёння вядомыя ва ўсім свеце не толькі фільмамі Ёса Стэлінга, а яшчэ і моцнай дакументалістыкай.

Магчыма, зрабіць стаўку на дакументальнае кіно выглядае для кагосьці ўтапічна, але ў складаных эканамічных умовах акурат падобны ход здольны намацаць новыя шляхі існавання айчыннай кінематаграфіі. Гэты праект не патрабуе вялікіх укладанняў (у параўнанні з высокабюджэтнымі блокбастарамі), а між тым здольны стварыць адметнае аблічча Беларусі як кінематаграфічнай краіны са сваёй лініяй.

Для масавай публікі, будзем аб’ектыўнымі, пакуль беларуская дакументалістыка шырока не адкрытая, але эфектыўная стратэгія прасоўвання і папулярызацыі гэтага кіно здольная паступова змяніць сітуацыю. Па сутнасці, Беларусь мае брэнд, які з розных прычын да гэтай пары не раскручваецца і не пазіцыянуецца як такі ў поўным сэнсе. (Адзначым, што тое тычыцца і беларускай анімацыі.) Урэшце, а навошта “спрачацца” з галівудскай прадукцыяй, калі ёсць свой аўтарскі прадукт, які каціруецца на міжнародных фестывалях? Так, крок насустрач дакументальнаму кіно не абяцае хуткіх прыбыткаў, але ў доўгатэрміновай перспектыве можа прынесці значныя дывідэнды. Дакументальнае кіно сёння — і сапраўды даўно не хроніка з’ездаў, а кранальныя, захапляльныя чалавечыя гісторыі. А патрэба ў іх — як ніколі.

І яшчэ. Падчас прэс-канферэнцыі кінематаграфістаў, яны, расчараваныя ў конкурсе кінапраектаў, прапанавалі адмовіцца да апошняга. Перабор? Несумненна. Але сама па сабе гэта сітуацыя не можа не непакоіць. Урэшце, і час не стаіць не месцы. Значыць, і конкурс у перспектыве можа паступова відазмяняцца і ўдасканальвацца. Як, відаць, не абысціся з часам без ільгот для кінаінвестараў, без афармлення канкурэнтнага асяродку кінавытворчасці і многіх іншых крокаў. У свой час для гэтага не былі зроблены захады, у прыватнасці, адносна стварэння паўнавартаснай індустрыі... Можа, самы час падумаць і пра такі кірунак, як цяпер прынята казаць, дыверсіфікацыі, прынамсі, намаганняў у кінасферы?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Kultura logo-L.psd

Апошнія два гады для "Летапісу" ў прынцыпе аказаліся няпростымі: студыя рэзка скараціла маштабы дзейнасці. Калі раней прагляды прадукцыі за год займалі па тры дні, то мінулыя два разы ўвесь беларускі кіналетапіс змяшчаўся ў адзін сеанс.

Пры гэтым за два гады студыя выпусціла ўсяго некалькі фільмаў, якія могуць лічыцца поўнаметражнымі. І штатныя, і пазаштатныя аўтары вымушаны былі задавальняцца кароткім метрам да 13 хвілін. Апошнія могуць запускацца на сродкі студыі. На больш працяглыя карціны грошы павінны вылучацца паводле вынікаў адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, але апошні раз адносна дакументалістыкі ён праводзіўся год таму. У адрозненне ад конкурсу ігравых праектаў, на якія грошы знаходзяцца, хоць маштабы бюджэтаў ігравога і дакументальнага кіно ў нашай краіне, у адрозненне ад некаторых іншых, несупастаўныя.

Што такое быць у шматмесячных прастоях для прафесійных рэжысёраў і аператараў у самым росквіце жыццёвых і творчых сіл, асабліва тлумачыць не трэба. Як і тое, што бесперабойная праца — неабходная ўмова існавання студыі як творчага арганізму. Нават у такой сітуацыі некаторыя з новых «летапісных» фільмаў па цяперашніх часах могуць лічыцца ўзорамі неігравога кінамастацтва. Напрыклад, “Педагагічная паэма” Віктара Аслюка і Вольгі Дашук або кароткаметражны “Дудар” Юрыя Цімафеева. Як і вельмі цікавыя працы пра беларускія замкі і культавыя збудаванні, на якіх былі занятыя, у тым ліку, і аўтары-дэбютанты. Менавіта карціны “Летапісу” з усёй прадукцыі “Беларусьфільма” апошніх гадоў маюць поўнае права прэтэндаваць на высокі статус нацыянальных, іх аўтарам удаецца падтрымліваць узровень мастацтва, якое заўсёды адрозніваецца ад стандартызаванай тэлевізійнай прадукцыі. Нягледзячы на перапынкі ў працы, архаічную арганізацыю і ўмовы здымак.

Але сітуацыя, урэшце, не сталася раптоўнай. І яе цалкам можна было прадухіліць. Іншая справа, што студыя, як і ўвесь “Беларусьфільм”, арганізацыйна затрымаліся ў даўно прамінулых часах планавай гаспадаркі і адсутнасці канкурэнцыі за гледача. У ігравым беларускім кіно гэта выяўляецца ў нівеляванні мастацкага і ідэйнага складнікаў. Наша дакументалістыка пакуль ратуецца за кошт некалькіх знакавых фігур, якія знаходзяць магчымасць працаваць не толькі тут. Па сутнасці, нацыянальнае кінамастацтва — не столькі студыя, колькі людзі. А кінапрацэс і сапраўды даўно не замкнёны ў адной арганізацыі. Больш за тое, з’явіліся ўдалыя прыклады дакументалістаў, якія не разлічваюць на дзяржаўнае фінансаванне, самастойна прадзюсуюць свае стужкі або знаходзяць прадзюсараў збоку, у тым ліку, за мяжой. У прынцыпе, нічога незвычайнага: сучасны кінапрацэс даўно дзейнічае па праектным прынцыпе і не замыкаецца ў сценах студый-гігантаў.

Кіраўніцтва “Беларусьфільма” сітуацыю з “Летапісам” пакуль не каментуе, ды і на сустрэчы яно адсутнічала. (Мабыць, далёкі ад праблемы і Беларускі саюз кінематаграфістаў, які, здавалася б, павінен быць зацікаўлены ў падтрымцы сваіх членаў.) Але дзякуючы слушнаму менеджменту і дакладна распрацаванай стратэгіі можна вывесці нашу дакументалістыку на той узровень, якога яна заслугоўвае. Удзел творцаў у прэстыжных міжнародных кінафестывалях і зацікаўленасць праектамі на пітчынгах у розных краінах сведчыць пра канкурэнтаздольнасць і ў жорсткіх умовах канкурэнцыі за гледача ў лічбавую эпоху.

Верагодна, варта зноў задумацца аб самастойным цэнтры нацыянальнай дакументалістыкі, які ў меншай ступені будзе залежаць ад умоў працы велізарнай студыі. Несумненна, больш кампактная структура з мінімальнымі ўнутраннымі выдаткамі (такая як “Беларускі відэацэнтр” у свой час) станецца больш канкурэнтаздольнай ва ўмовах конкурсаў праектаў і прасоўванні прадукцыі да гледача. У тым, што такі цэнтр нашаму кінамастацтву неабходны, сумневаў няма — ён мае стаць асновай для жыццяздольнага асяроддзя, у якім і магчымы творчы працэс.

Насамрэч, кіно за апошнія дзесяцігоддзі вельмі моцна змянілася. І тыя меркі, накшталт жорсткага хронаметражу і тэмплану, з якімі да яго падыходзілі яшчэ 10 — 15 гадоў таму, ужо не актуальныя. Змяніўся і глядач, які стаў больш патрабавальным, за яго ўвагу трэба няспынна змагацца. А значыць, мусяць змяніцца падыходы і саміх кінематаграфістаў, формы іх творчасці павінны быць разлічаны на самую разнастайную аўдыторыю. Цікавасць у свеце да неігравога кіно расце з кожным годам, у буйных гарадах Еўропы і ЗША да кінатэатраў з дакументальным кіно выстройваюцца чэргі, і тое трэба выкарыстоўваць.

На фоне камп’ютарных фільмаў-коміксаў кіно пра жывых людзей з натуральнымі канфліктамі становіцца незвычайна запатрабаваным. І тут дакументалістыцы няма роўных. Трэба толькі не баяцца выйсці са звыклай зоны камфорту, каб убачыць новыя гарызонты, — прычым не толькі самім кінематаграфістам.

Антон СІДАРЭНКА, кінакрытык

Kultura logo-L.psd

Ад рэдакцыі. Падаецца, працэс выхаду з зоны камфорту і пошуку новых даляглядаў, стварэння паўнавартаснай індустрыі і ёсць праява згаданай у выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на V Усебеларускім народным сходзе патрэбы сістэмнай мадэрнізацыі розных галін і поўнай аддачы ад яе на карысць краіны. Тут карысць — брэндавая. Чаму б не знайсці новы спосаб для рэпрэзентацыі месца для сапраўды вартых твораў і творцаў айчыннай культурнай прасторы? Зноў жа словы Прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе: “Творы літаратуры, музычнага, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва пакліканы садзейнічаць фарміраванню каштоўнасцей беларускага грамадства, выяўляць духоўны вопыт нацыі”. Маем узор такога выяўлення ў лепшых узорах поўных і часам кароткіх "метраў" між стужак "Летапісу". І ў якасці завяршэння: “Наша мэта — не самаізаляцыя, не супрацьстаянне іншым культурам, а ўзаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне”, — сказаў у час ўсебеларускага форуму Кіраўнік дзяржавы. Пра гэта і тэксты аўтараў "К".

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"