Бярозаўшчына, Віцебск, Бабруйск, Горкі, Ліда, Ганцавіччына...

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г


/i/content/pi/cult/592/13165/10-2.jpgБярозаўшчына / Музыка тыдня

Стала традыцыяй у дзіцячай школе мастацтваў Бярозы наладжваць святочны Тыдзень музыкі. Для горада гэта значная культурная падзея. Сёлета на ёй былі прадстаўлены ўсе жанры: вакальна-харавы, аркестравы, харэаграфічны, ансамблевы.

“Гэтая імпрэза, — паведамляе дырэктар школы Ірына Шуляк, — патрабуе адметнага падыходу. Кожны вечар мы спрабуем рабіць непадобным да папярэдняга. Складнікамі дзеі сталі справаздачныя канцэрты ўзорных калектываў, харэаграфічнае свята і, так бы мовіць, “універсітэт культуры”, на якім спрабуем пашырыць музычны кругагляд публікі. А ёсць яшчэ імпрэзы для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйнага развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Выступаем і ў дзіцячых садках філіялаў ДШМ Сяльца і Здзітава”. Адкрыў Тыдзень музыкі супольны канцэрт узорнага ансамбля гарманістаў “Картузіяне” і ансамбля народнай песні “Забавушка”. Дзякуючы высілкам кіраўнікоў гэтых калектываў Ігара Сірычніка і Марыны Жырковай атрымалася арыгінальная тэатралізацыя. Вольна і артыстычна трымалася на сцэне самая юная салістка Ефрасіння Жыркова.

Сёлета мы запрасілі да сябе лаўрэата міжнародных конкурсаў баяніста Трафіма Анціпава. Ён, дарэчы, з’яўляецца членам журы 17 міжнародных конкурсаў, тры з якіх праходзяць пад яго непасрэдным патранатам. З новай праграмай выступіў хор “Ветразь надзеі”, якім больш за 30 гадоў разам з канцэртмайстрам Ірынай Курачкінай кіруе Любоў Рабава. Складанасць працы з дзіцячым калектывам у тым, што склад хору мяняецца і трэба з кожным навічком пачынаць працу з азоў.

А “ўніверсітэт культуры” быў прысвечаны гэтым разам жыццю і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага. Канцэрт узорнага ансамбля “Бярозка” быў незвычайны тым, што ў яго склад ўвайшлі 35 прадстаўнікоў розных аддзяленняў, якіх аб’яднала дырыжор Наталля Кайровіч.

Завяршыў Тыдзень музыкі канцэрт народнага аркестра народных інструментаў “Мелодыя вясны”, якім кіруе Марына Рудзь.

Валянціна ОСІПАВА


Віцебск / “Наіўныя” мастакі прэзентуюць

У Віцебску адкрылася V Нацыянальная выстава наіўнага мастацтва “Insita-2016”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Алены Кіш, адзінай беларускай мастачкі, імя якой увайшло ў “Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва” (утрымлівае звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў свету).

У экспазіцыі выстаў, што размясціліся ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, абласным краязнаўчым музеі і Доме кіно, змешчана мноства работ разнастайных стыляў і напрамкаў. Усяго ж у выставе наіўнага мастацтва прынялі ўдзел больш за 60 аўтараў з Віцебскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей, а таксама — з Расіі, Літвы... Скажам, калекцыю работ прадставіла і маскоўская галерэя “АртНаіў” (адзіная ў Расіі, што прэзентуе наіўнае і аўтсайдарскае мастацтва), якая сёння мае каля тысячы твораў як расійскіх, так і замежных аўтараў. Работы з яе фондаў, прадстаўленыя на выставе ў абласным краязнаўчым музеі, нядаўна былі паказаны ў Парыжы.

З беларускага боку на выставе прадстаўлены работы Антаніны Маісеевай з Віцебска, магіляўчаніна англійскага паходжання Пітэра Хіксана, Лідзіі Шпектар з Гродна, Андрэя Кандрацюка з Брэста і іншых. Як адзначыла кандыдат мастацтвазнаўства, галоўны мастак Віцебскага АМЦНТ Людміла Вакар, на выставе шырока паказаны і традыцыя маляванкі, якую працягваюць Ірына Церашкова, Жанна Ільюшкіна, Святлана Скавырка.

Наведаць V Нацыянальную выставу наіўнага мастацтва “Insita — 2016” можна будзе і падчас мерапрыемстваў ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці


Бабруйск / Натхнёнасці крыніца

Справаздачныя канцэрты — свята для многіх жыхароў Бабруйска, якія з’яўляюцца прыхільнікамі майстэрства Заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь тэатра песні “Шына-най” (кіраўнік Ала Яфіменка), узорных харэаграфічнага калектыву “Крынічка” (Маргарыта Асіпенка), ансамбля танца “Чабарок” (Лізавета Калпакова) і харэаграфічнай студыі “Бабраня” (Сяргей Лукашэвіч), студый сучаснай харэаграфіі “Грацыя” (Кацярына Іванова), усходняга — “Аміра” і арабскага танца “Шахрызад” (Анжаліка Прахарэнка).

Сезон справаздачных канцэртаў у зале Палаца мастацтваў адкрыў тэатр песні “Шына-най”. У праграме прагучалі лепшыя кампазіцыі ў ансамблевым ды сольным выкананнях. Спявалі і даўно ўлюбёныя артысты (да прыкладу, Яўген Гушча і Віталь Гардзей).

Справаздачны канцэрт “Крынічкі” і “Грацыі” называўся “Энергія танца”. Глядач убачыў зусім новыя харэаграфічныя пастаноўкі. А “Чабарок” зрабіў стаўку і на правераныя часам нумары. Справаздачны канцэрт студыі “Бабраня” быў прысвечаны непаўторнай прыгажосці харэаграфічнага мастацтва. Менавіта ёю вызначалася феерыя харэаграфічных замалёвак і кампазіцый.

У праграме справаздачнага канцэрта студый усходняга і арабскага танца прынялі ўдзел старэйшая, сярэдняя і малодшая групы. Бліскучыя экзатычныя касцюмы дадавалі відовішчу раскошы.

Наталля ЧОРНАЯ, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска


Горкі / Сонечныя пейзажы

На персанальную выставу жывапісу мастака з Горак, майстра пейзажу Мікалая Рыжова, якая працуе ў выставачнай зале на вуліцы Болдзіна ў Магілёве, я прыйшоў выпадковым наведвальнікам. Хоць многія палотны майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Германіі, Італіі, Францыі, я пачуў яго імя ўпершыню.

“Хочацца назваць гэту выставу сонечна-залатой, — заўважыла педагог-мастак, дацэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна Валянціна Заброцкая, — бо ад карцін Мікалая Рыжова сыходзяць пяшчотныя промні. Мастак недарэмна выбраў лесіровачны метад пісьма. Ён даў магчымасць зрабіць фарбы празрыстымі, стварыць уражанне шматяруснасці колераў”.

На палотнах — любыя і дарагія куточкі прыроды Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны. Аўтар для кожнага твора знаходзіць выразную дэталь, падбірае адпаведную гаму колераў. Карціна “Восень на Дзвіне” вабіць яркасцю фарбаў. Здаецца, жоўтым полымем гарыць зарослы дрэвамі пагорак на беразе ракі, а вада пакрыта жоўтай лістотай. Белы катар ля берага, як успышка сонца. На другім палатне гарыць белай квеценню адзінокая яблыня-дзічка, а вакол — светла-зялёная траўка радуецца цёпламу вясноваму дню. На карціне “Лютаўскія промні” — бярозавая алея, на снезе шырокімі палоскамі адбіваюцца промні сонца. Аднак яны яшчэ не такія яркія, як звычайна: прадвесне.

Кожны пейзаж мастака — асенні, зімовы, вясновы або летні — дыхае сонечным святлом, радуе цеплынёй фарбаў, мае жыццесцвярджальны сэнс.

Аляксей СОЛАХАЎ, кандыдат філалогіі, дацэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна


Ліда / 75 гадоў таму

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы арганізавала Дзень музея “75 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны”. Праект рэалізаваны сумесна з Занальным дзяржаўным архівам у Лідзе і мясцовым гісторыка-мастацкім музеем.

Праграма ўключала музычны пралог, мультымедыйную прэзентацыю, выставу літаратуры. Асноўнай стала музейная экспазіцыя “Праз вайну, праз памяць, праз лёсы”. Кожны экспанат — рэліквія, бо частка прадметаў узята з прыватных калекцый пастаянных чытачоў райбібліятэкі: асабістыя рэчы салдат, рэшткі зброі і амуніцыі, хатні рыштунак, плакаты, газеты, брашуры.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Настасся Каладзяжная распавяла пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны ў Лідскім краі. Цягам дня наведвальнікі маглі пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі, якія прэзентаваліся на выставе “Сляды вайны”.

Дар’я МАРЦІНКЕВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы


Ганцавіччына / Занатуй у дзённік

На Ганцавіччыне прайшоў абласны фестываль-конкурс “Маладзёжны квартал-2016”. Цэнтральная раённая бібліятэка імя Васіля Праскурава таксама прыняла ўдзел у свяце. У літаратурнай гасцінай была арганізавана сустрэча з пісьменнікамі Валерыем Гапеевым і Святланай Локтыш. Мерапрыемства адбылося ў рамках рэспубліканскага праекта “Кніга.by”.

Праект быў створаны па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Саюза пісьменнікаў Беларусі для прапаганды чытання і кнігі, актыўнага далучэння моладзі да культурна-асветніцкай дзейнасці бібліятэк. Удзельнікі сустрэчы — маладыя людзі, якія любяць і паважаюць роднае слова, кнігу.

Творчасць Валерыя Гапеева добра знаёма чытачам Ганцавіччыны. Яго аповесці “Ведзьміна тоня”, “Пастка для рыцара”, “Урокі першага кахання” і іншыя добра чытаюцца не толькі падлеткамі, але і дарослымі, актыўна абмяркоўваюцца ў розных аўдыторыях. І гэта не дзіўна. Аўтар у сваіх творах апавядае пра жыццё і праблемы сучасных падлеткаў, апісвае злабадзённыя пытанні, з якімі яны сутыкаюцца штодня. Яго творы кранаюць і захапляюць, інтрыгуюць, прымушаюць задумвацца і хвалявацца. Валерый Мікалаевіч, як высветлілася, не толькі добры пісьменнік, але цудоўны суразмоўца, які ўмее захапіць аўдыторыю.

Святлана Локтыш — аўтар зборніка вершаў “Вышыванка”. На сустрэчу яна прынесла свой дзённік, які пісала ў падлеткавым узросце, распавядала пра даўно мінулыя падзеі жыцця. Святлана раіла маладым людзям занатоўваць уражанні ад кожнага дня. Паэтка не толькі чытала вершы, але і спявала. Госці вечарыны адказвалі на пытанні і на памяць аб сустрэчы пакінулі аўтографы на сваіх кнігах з фондаў бібліятэкі.

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы