19 чэрвеня, на першы дзень Троіцы, найбольш вядомай як свята зеляніны (“зялёныя святкі”), калі галінкамі дрэў бадай па ўсёй Беларусі ўпрыгожваюць двары і хаты, у Мяркулавічах Чачэрскага раёна вадзілі Куста. На дзяўчыну, якая сёлета скончыла школу, навязалі зеляніны столькі, што ісці яна магла толькі з дапамогай сяброўкі. Зрабілі вялікі вянок, які неслі за кустом асобна. Ведучы куста, зайшлі паспяваць на падворак, дзе гаспадары вынеслі на вуліцу стол і падрыхтавалі пачастунак. Вялікі вянок пусцілі на ваду. Потым куміліся: прасілі адно ў аднаго прабачэння, цалаваліся тры разы праз вянок, зняты з галавы, праходзілі за рукі пад звязанымі бярозкамі. У Мяркулавічах амаль не засталося старажылаў, якія добра памяталі б, як вадзілі Куст даўней. Звесткі захаваліся дзякуючы работнікам культуры, што паспелі апытаць носьбітаў традыцый.
20 чэрвеня, на другі дзень Троіцы, у Навінках Калінкавіцкага раёна пераносілі свячу. Для вёскі гэта вялікая падзея. Асноўная частка прысутных — жыхары Навінак ды іх сваякі. Ёсць і паломнікі: людзі, што не маюць каранёў у Навінках, прыязджаюць адмыслова, каб узяць удзел у абрадзе, з суседніх вёсак і Гомелю. Як распавяла “К” дырэктар Раённага цэнтра культуры Алена Цурко, раён рыхтуе дакуметы для надання абраду пераносу свячы ў Навінках статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.