Па сваім шляху

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

У рамках V Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца ў Мінску 22 — 23 чэрвеня, пройдзе і ўрачысты вечар. Гледачамі гэтай тэатралізавана-канцэртнай праграмы ў Палацы Рэспублікі стануць дэлегаты і, вядома, усе, хто ўключыць тэлевізійную трансляцыю.

— Нашай незалежнай дзяржаве, — гаворыць рэжысёр вечарыны, дырэктар Дырэкцыі спецпраектаў тэлеканалу “АНТ” Анжаліна Мікульская, — спаўняецца 25 гадоў. Таму вечарына называецца “Наш шлях” — і гэтую ідэю мы хочам пранесці праз увесь канцэрт, а дакладней, міні-спектакль. У ім ёсць галоўны герой — наш сучаснік, якому таксама, як і нашай Незалежнай Беларусі, 25 гадоў. Гэта ж цэлае пакаленне ўзрасло! Вось і вечар пабудаваны на паралелях з чалавечым сталеннем. Там ёсць блокі “Дзяцінства”, “Падлеткавасць”, “Маладосць”, “Сям’я”, “Грамадзянскасць”. І, такім чынам, прасочваецца рост у чалавеку грамадзянскіх пачуццяў, разумення адказнасці не толькі за сябе і сваіх блізкіх, але і за будучыню нацыі.

У адпаведнасці з канцэпцыяй урачыстасці і самога Усебеларускага сходу ў вечарыне возьмуць удзел не толькі сталічныя знакамітасці — тыя ж Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, але і лепшыя творчыя калектывы з усіх куткоў краіны. Прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі з’яднаюцца ў зводным хоры. Запрошаны і расійскі госць: Леў Лешчанка, у 2012 годзе ўшанаваны спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва -- да міру і ўзаемаразумення”, заспявае разам з нашымі “Сябрамі”.

— Будуць і іншыя сюрпрызы, — запэўніла Анжаліна Уладзіміраўна. — Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева і Іскуі Абалян выступяць у трыа. Кранальным момантам, мяркую, стане выхад Алены Ланской у атачэнні трох-пяцігадовых дзяцей — выхаванцаў школы гімнастыкі. Упрыгожыць відовішча і 3D-графіка, спалучаная з танцавальнымі нумарамі. Прагучыць, зразумела, гімн Усебеларускага сходу, створаны Анатолем Чэпікавым. Але да ўрачыстай вечарыны была напісана яшчэ адна песня — “Свой шлях”, і яе прэм’ера адбудзецца акурат у час канцэрта.

— Ніякай асаблівай “гісторыі стварэння” песні “Свой шлях”, — распавёў аўтар яе музыкі Леанід Шырын, — няма. На той час, калі мы размаўлялі з рэжысёрам Анжалінай Мікульскай, у мяне ўжо былі некаторыя накіды. Даведаўшыся пра канцэпцыю канцэрта, Наталля Тамбоўцава, з якой мы супрацоўнічаем ужо не ўпершыню, дапісала другі куплет. Аранжыроўку зрабіў цудоўны джазавы піяніст Максім Пугачоў. А праспявае новую песню Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Дайнэка. Мы з ім даўно знаёмыя, а вось супрацоўнічаць неяк не даводзілася. Вядома, хацелася б, каб песня палюбілася, пайшла “ў народ” і, такім чынам, знайшла б таксама “свой шлях” да сэрцаў слухачоў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"