Свіслач: кніжнае свята

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

На пачатку верасня Рагачоў прыме традыцыйны Дзень беларускага пісьменства. Аднак і іншым раёнам ніхто не замінае правесці рэгіянальныя святы беларускай кнігі. Так, ужо заўтра ў Свіслачы, што на Гродзеншчыне, упершыню адбудзецца буйны раённы кніжны фестываль. Ініцыятарам такога мерапрыемства стала раённая бібліятэка.

Раённы статус не павінен уводзіць у зман аматараў айчыннай літаратуры: на свята запрошаны многія айчынныя выдавецтвы. З іх удзелам створаць некалькі тэматычных пляцовак, як унутры бібліятэкі, так і вакол яе.

Скажам, сваю аўдыторыю чакае пляцоўка “Бібліятэка для дзяцей” з забаўляльна-пазнавальнай праграмай. Выстава “Інтэрактыўныя кнігі для самых маленькіх” пазнаёміць з кнігамі-пазламі, кнігамі-цацкамі, музычнымі выданнямі. “Інфармацыйна-выставачны комплекс” прапануе выставы самаробнай, а таксама рарытэтнай кнігі.

На думку ініцыятара праекта, дырэктара Свіслацкай раённай бібліятэкі Святланы Піваварчык, галоўная задача мерапрыемства — паказаць не толькі дзейнасць бібліятэкі, але, найперш, прыцягнуць увагу да чытання, да кнігі як да ўнікальнага артэфакта культуры.

Адметнасць фестывалю — удзел сельскіх бібліятэк раёна, якія прадставяць у межах пляцоўкі “Бібліятэкі Свіслаччыны” свае кірункі працы: фальклорны, этнаграфічны, краязнаўчы, духоўны. Апроч таго, запрошаны да ўдзелу прыходскія, а таксама школьныя бібліятэкі Свіслацкага раёна. Назавём толькі некаторыя праекты: “Поразаўская зямля — часцінка Радзімы”, “Крыніца душы і натхнення”, “Велічны свет мастацтва”, “На шляху да духоўнай асветы”, “У кніжнай памяці — гісторыя вайны”, “Юбілейныя даты літаратурнага календара”.

Яшчэ адна цікавостка — летняя чытальная зала “Альтанка для чытанкі” прапануе на свежым паветры за кубкам духмянай гарбаты пазнаёміцца з новымі перыядычнымі выданнямі, якія атрымлівае раённая бібліятэка.

У рамках мерапрыемства будзе праходзіць шмат літаратурных конкурсаў, а таксама дэманстравацца багата тэатралізаваных пастановак у выкананні калектываў гарадскіх і сельскіх клубных устаноў.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"