Як "адзвінелі" Паставы?

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

10 — 12 чэрвеня Паставы на Віцебшчыне традыцыйна сталі пляцоўкай для аматараў народнай музыкі. Ужо ў 19 раз фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” прайшоў пад статусам міжнароднага. Хронікі ж фэсту вядуцца з 1987 года, калі ён быў яшчэ рэспубліканскім святам “Грай, гармонік!” у абласным цэнтры.

Жыхары Паставаў цёпла згадваюць гады, калі імпрэзу іх горада наведвалі дэлегацыі з далёкага замежжа: тут былі і грузіны, і венесуэльцы, і венгры. Сёлета гасцямі фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” сталі не менш значныя артысты  — нашы бліжэйшыя суседзі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Эстоніі. Па-сутнасці, фэст праходзіў пад шасцю сцягамі (не трэба забывацца пра айчынных музыкаў), што зусім не мала ў рэаліях сусветнага эканамічнага крызісу. Але найперш “Цымбалы і гармонік” адбываюцца для сваіх, мясцовых, якія чакаюць летніх дзён з нецярпеннем, рыхтуюцца, дапамагаюць адзін аднаму ў гэтым.

Журы фестывалю заўсёды лічыцца не менш шаноўным за ўдзельнікаў. Для Паставаў вялікі гонар у чарговы раз прымаць народнага артыста Беларусі, галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча Міхаіла Казінца, народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча Міхаіла Дрынеўскага, намесніка старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, прафесара, загадчыка кафедры баяна і акардэона Акадэміі музыкі Мірона Булу… Старшыня журы Міхась Казінец на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня, дарэчы, прызнаўся, што суддзі хвалююцца не менш за выканаўцаў, таму галоўнае мерапрыемства фестывалю — творчае спаборніцтва “Хто каго?” — ён хутчэй назваў бы “Хто за каго?”

І сапраўды, зала Дома культуры вельмі цёпла прыняла выступленні калектываў і салістаў, якія ўмоўна дзяліліся на дзве часткі: маленькую дзіцячую і дарослую, больш разгорнутую ды шматнацыянальную. Неаднойчы чуліся шчырыя словы захаплення з боку слухачоў і каманды журы. Гран-пры атрымаў знакаміты пастаўскі ансамбль пад кіраўніцтвам Анатоля Собаля “Паазер’е”, які ў гэтым годзе адзначае сваё 25-годдзе.

Дарэчы, гэты год для Паставаў выдаўся на рэдкасць багатым на юбілеі. Споўнілася 230 год з дня нараджэння культавай асобы для гэтага населенага пункта — графа Канстанціна Тызенгаўза, вядомага вучонага, калекцыянера, мастацтвазнаўцы. Менавіта ён, унучаты пляменнік знакамітага Антонія, заснаваў у Паставах арніталагічны музей, які адзначаў у дні фестывалю сваё 200-годдзе новай выставай, створанай супрацоўнікамі падчас віленскай экспедыцыі. Нельга забыцца і на герб горада — гісторыка-геральдычны помнік краіны, ён з’яўляецца аднагодкам музея.

Наогул, XIX Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” можна назваць дзеяй рознабаковай. Тры дні фэсту змясцілі ў сабе як традыцыйныя конкурсы і канцэрты — “Хто каго?”, “Пастаўскі баль”, тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб”, канцэрт класічнай музыкі ў касцёле, — так і мерапрыемствы, разлічаныя на масавага наведвальніка: агляд-конкурс сельскіх падворкаў з частаваннямі, выступленне эстрадных артыстаў, дыскатэка з удзелам дзі-джэяў Віцебскай вобласці.

Мінск — Паставы— Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст