Як дом ледзь не стаў... зданню

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Хачу распавесці пра тое здзіўленне, якое я адчуў нядаўна на адной з вуліц Мінска, і пра тое, як потым падумаў: усё ж ёсць у сталіцы разумныя і незаспакоеныя людзі. Але пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/591/13140/4-1.jpgАмаль усё жыццё, з 1953 года, жыву ў адным і тым жа мінскім доме на вуліцы Чырвонай. Усе вуліцы і завулкі навокал вельмі знаёмыя. Не аднойчы даводзілася хадзіць і ў раёне мінскага піўзавода “Аліварыя”. Заснаваны ж ён быў у 1894 годзе графам Каралем Чапскім, атрымаўшы назву “Багемія”. Папярэднікам быў драўляны бровар Рохлі Фрумкінай, створаны ў 1864 годзе. У 1896 годзе прадпрыемства было прададзена прадпрымальніку і стала называцца “Мінскі паравы півавараны завод №3 Франца Лекерта”. Пасля рэвалюцыі прадпрыемства было нацыяналізавана, і яму было нададзена імя іншага Лекерта — Гірша, які не належаў да сям’і былога ўладальніка, але быў героем рэвалюцыі, дзеячам яўрэйскага рабочага руху, што ў 1902 годзе страляў у віленскага губернатара, параніў яго і за тое быў павешаны.

Карпусы прадпрыемства захаваліся да нашых дзён. Цяпер гэта рог вуліц Багдановіча і Кісялёва. У дарэвалюцыйны ж час гэтыя вуліцы, адпаведна, называліся Аляксандраўская і Старажоўская. Урэшце, і кварталы, якія прылягаюць да гэтага месца, маюць цікавае гістарычнае мінулае. Так, праз квартал адсюль, на рагу Старажоўскай і Шырокай (цяпер вуліца Куйбышава), стаяў дом землямера-тапографа Івана Пуліхава, сын якога 27 студзеня 1906 года зрабіў замах на жыццё мінскага губернатара Курлава, за што быў пакараны смерцю. У другім напрамку, праз квартал па вуліцы Аляксандраўскай, знаходзілася духоўная семінарыя, заснаваная яшчэ ў 1793 годзе ў Слуцку, а ў 1840-м пераведзеная ў Мінск. На вуліцы Аляксандраўскай для яе ў 1892 годзе быў пабудаваны двухпавярховы каменны корпус. Будучыя святары, якія там навучаліся, 14 лютага 1905 года, пратэстуючы супраць рэакцыйнай сістэмы навучання, разграмілі класныя пакоі, кватэры рэктара і інспектара, знішчылі архіў і вучэбныя журналы. У выніку будынак семінарыі загарэўся, і з агнём ледзве справіліся мясцовыя пажарныя. Для ўціхамірвання семінарыстаў былі выкліканы войскі. Семінарыя часова была закрыта. Але ў красавіку 1905 года заняткі ўсё ж аднавіліся. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў будынку семінарыі размяшчаліся пяхотныя курсы, потым — сярэдняя вайсковая навучальная ўстанова. У пачатку 1950-х тут змясцілі адкрытае ў Мінску Сувораўскае ваеннае вучылішча. У той час дом па вуліцы, якая ўжо насіла імя Максіма Горкага, перабудавалі, у яго з’явіўся яшчэ адзін паверх. Ну а вучылішча тут знаходзіцца і сёння.

У мінулым на вуліцы Аляксандраўскай, амаль побач з будынкам семінарыі стаяў дом Гурэвіча, дзе ў 1891-м нарадзіўся паэт Максім Багдановіч, чыё імя мае зараз вуліца.

Ну а цяпер пра прычыны майго здзіўлення. Для гэтага зноў трэба прашпацыраваць да скрыжавання вуліц Багдановіча і Кісялёва. На процілеглым ад бровара баку вуліцы знаходзіцца яшчэ адзін цікавы будынак (па Багдановіча гэта дом № 24, а па Кісялёва — дом № 28). Галоўным фасадам ён выходзіць на вуліцу Кісялёва. Гэта адзін з нешматлікіх мінскіх будынкаў, пабудаваных у стылі мадэрн канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Ён мае асноўныя характэрныя ўласцівасці гэтага стылю. Двухпавярховы будынак складзены з чырвонай цэглы, на зашклёным прамавугольным эркеры, які ідзе ўздоўж усёй вертыкалі ўнутранай лесвіцы, па шкле зроблены дэкор у выглядзе выгнутых ліній, над дзвярыма пад’езда — паўкруглае арачнае акно, вокны дома таксама зверху крыху скругленыя, на эркеры і на бакавых частках фасада — пілястры, якія цягнуцца на абодва паверхі будынка, жывапісны каваны дэкор упрыгожвае балконы другога паверха. Бакавы фасад, што выходзіць на вуліцу Багдановіча, больш сціплы, але і тут маюцца пілястры і балкон з дэкарыраванымі парэнчамі. Такім чынам, будынак з усімі прыкметамі архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. І якое ж было маё здзіўленне, калі я на сцяне дома ўбачыў шыльдачку з надпісам, які сведчыў, што гэты будынак узведзены нібыта ў 1950-я. Гэта тым больш было дзіўна, што захавалася фота канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, на якім засняты той самы рог вуліц Аляксандраўскай і Старажоўскай, і тут мы бачым як стары бровар, так і знаёмы двухпавярховы цагляны дом.

Пра гэтую дзіўную шыльдачку на старым доме я расказваў сваім знаёмым, якія таксама здзіўляліся факту. Але, як аказалася, здзіўляцца нам прыйшлося нядоўга. У хуткім часе я праходзіў праз гэта месца і не паверыў сваім вачам: на доме, пра які мы вялі гутарку, вісела новенькая шыльдачка, дзе было пазначана: гэты будынак пабудаваны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Пісьменнасць і розум перамаглі! Гэта і пацвердзіла, што ў нашай сталіцы ёсць незаспакоеныя і разумныя людзі, якія сочаць за тым, што робіцца на вуліцах горада.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства