Бярозаўшчына, Мінск, Віцебск, Рагачоўшчына, Магілёў...

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г


/i/content/pi/cult/591/13137/11-1.jpgБярозаўшчына / “Жунку ў хату нэ могу загнаты”

Гэтымі выхаднымі ў аграгарадку “Спорава” адбываецца VI Свята народнага гумару “Спораўскія жарты”. А першае свята гумару прайшло ў 1996 годзе.

Показкі пра гэтую азёрную зямлю расказвалі яшчэ каля двухсот гадоў таму. Вось адна з апошніх.

Ідзе ўчастковы міліцыянер па Спораве. Бачыць: спаравец (так мясцовыя сябе называюць) вакол хаты жонку ганяе.

— Што ты робіш?

— Да вот, жунку ў хату нэ могу загнаты…

За два дзясяткі “гумарных” гадоў ў Спораве былі адкрыты “метро”, “куранты” і “пасольства гумару”, помнікі “Спараўцу і Спароўцы”, “Карасю”. Менавіта рыба для спараўцоў і ёсць самая галоўная “валюта”. Нязменную цікавасць выклікае “Карта рассялення спараўцоў па свеце”…

Што адбываецца на сёлетнім свяце? Цягам двух дзён на беразе возера не спыняюцца конкурсныя “баталіі” творчых дэлегацый з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці пад агульнай назвай “Добраму суседу — багатае лета”. Вясёлых і кемлівых, творчых ды таленавітых — больш за тры сотні. Каб, як кажуць, не трапіць тварам у бруд, грунтоўна рыхтуецца да “фірменнага” свята народны тэатр народнага гумару “Спораўскі акалот” мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу, які абараняе гонар Бярозаўскага раёна.

Галіна МІХНЕВІЧ, вядучы метадыст Бярозаўскай раённай клубнай сістэмы


Мінск / Курс — правільны!

Мы ўсе вучыліся ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі. Тыя чатыры гады пранесліся імклівымі крокамі музычных рытмаў. Пасля выпуску кожны намагаўся знайсці ўласны стыль рэалізацыі. Прайшло з таго часу 45 гадоў. Нам — па 60, і мы сустрэліся.

Колішнія аднакурснікі выклікаюць у мяне пачуццё глыбокай павагі. Практычна ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі выкарыстанне свайму таленту. Але гады навучання ў вучылішчы засталіся часам станаўлення харакатару, базай, якая дала магчымасць рэалізавацца камусьці ў педагагічнай дзейнасці, камусьці — у артыстычнай, выканальніцкай, а камусьці — у дырыжорскай…

Жыццё раскідала нас па свеце: ЗША, Ізраіль, Люксембург… Але праз кожныя пяць гадоў мы спяшаемся ў Мінск, каб ізноў сустрэцца. Вось яны, мае паплечнікі. Кавалер ордэна “Знак Пашаны” Леанід Рауцкі, адзін з вядучых педагогаў Беларусі, музыкант, які актыўна канцэртуе. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Паазер’е” Анатоль Собаль. Гэты калектыў — лаўрэат прэміі Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне”, а таксама прэміі UNECKO “За захаванне нацыянальнай музычнай спадчыны”. Беларускі кампазітар Уладзімір Грушэўскі, аўтар твораў для фартэпіяна, баяна, цымбалаў, кантаты на вершы Максіма Багдановіча, араторыі для барытона, баса, змешанага хору і сімфанічнага аркестра, сімфанічных паэм і песень.

У ліку маіх аднакурснікаў — мастацкі кіраўнік і дырыжор камернага аркестра “Струны Галілеі” Леанід Фітэрштэйн, былыя дырэктары музычных школ Людміла Рауцкая, Галіна Левашкевіч, Анатоль Собаль, Васіль Шутко, Уладзімір Грушэўскі. А яшчэ — дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Аляксандр Селачнік, чатыры намеснікі дырэктараў музычных школ і педагагічных каледжаў Людміла Корцікава, Ірына Ільіна, Таццяна Бондарава, Раіса Карпекіна, саліст народнага ансамбля народных інструментаў “Каралі” Васіль Шутко, кіраўнік фальклорнага ансамбля “Вязынка“ Аляксандр Макараў, загадчыкі цыклавых камісій музычных школ і вучылішчаў, салісты прафесійных аркестраў, высакакласныя выкладчыкі… Карацей, ёсць усе падставы назваць наш курс лепшым у свеце.

Многіх гадоў жыцця, дарагія аднакурснікі! Шчасця вам і дабрабыту!

Галіна ТРАЦЦЯК

Люксембург

 

Віцебск/ Шчаслівыя пачаткоўцы

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе чарговая выстава работ удзельнікаў студыі творчасці для дарослых “Happy-art”.

Дадзеная выстава — вынік рэалізацыі творчых здольнасцяў людзей розных прафесій і ўзросту. На выставе прадстаўлена пяць тэматычных стэндаў і каля 60 работ, выкананых пачаткоўцамі ў 2015—2016 гадах.

У экспазіцыі можна ўбачыць як рэалістычна прапрацаваныя сюжэты, так і інтуітыўна створаныя жывапісныя кампазіцыі, намаляваныя алоўкам, тушшу, гуашшу, акварэллю, пастэллю.

Як адзначылі кіраўнікі студыі Наталля Аніськовіч і Ірына Лавішэк, выстава стала падставай для падвядзення вынікаў дзейнасці студыі і магчымасцю сустрэцца ўсёй творчай грамадой, каб парадавацца за сябе і іншых ды акрэсліць планы на будучыню.

Андрэй СТРУНЧАНКА,  вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці


Рагачоўшчына / Слова пра майстроў

У руках народных майстроў, якія займаюцца традыцыйным беларускім мастацтвам, дрэва, лаза, салома, гліна, тканіна пераўтвараюцца ў яркія вырабы, якімі ганарыцца Рагачоўшчына.

Словы шчырай падзякі пастаянна гучаць у адрас дырэктара Стрэнькаўскага цэнтра рамёстваў, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Валянціны Кіпценка. Энтузіяст, яна перадае моладзі веды, талент, натхненне і любоў да працы на ніве народных рамёстваў, знаёміць ахвотных з унікальнай тэхнікай саломкапляцення, ткацтва і габелена. Яе творы вызначаюцца добрым густам, прастатой форм, хараством дэкору і эстэтычнай вартасцю.

Самабытнымі сімваламі матэрыяльнай культуры Рагачоўскай зямлі з’яўляюцца вырабы з саломы і лазы, дрэва і скуры, розных прыродных матэрыялаў, бісеру і нітак. Іх аўтары — Ларыса Цішкова, Людміла Астапенка, Алена Чавусава, Уладзімір Нікалаенка, Галіна Піліпенка, Ніна Гарохава, Таццяна Манахава, Вольга Ткачова, Іван Рудзькоў, Мікалай Ляўкоў, Уладзімір Міхейчыкаў, Соф’я Кусянкова, Анатоль Кармужанін і іншыя.

Вольгу і Ігара Ткачовых аб’ядноўваюць не толькі сямейныя каштоўнасці, але і творчы патэнцыял. Спектр інтарэсаў гэтых майстроў надзвычай шырокі: мастацкая лепка, саломкапляценне, ткацтва, вышыванне, вязанне і дрэваапрацоўчыя рамёствы. Разам з бацькамі працуе і сын Арцём, які, ствараючы выдатныя ўзоры ганчарнага мастацтва, далучае да яго і школьнікаў.

Эстэтычная вартасць твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — адзін з падмуркаў генетычнай памяці і повязі пакаленняў, трываласці традыцый продкаў і набыткаў сучаснікаў, захавання агульна-этнічнай самабытнасці і рэгіянальна-лакальнай непаўторнасці. І за ўсё гэта адказваюць нашы майстры.

Ніна ХАРОНЖА, загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама


Магілёў/ Аконная арт-галерэя

У вокнах цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса горада Магілёва які ўжо год запар можна назіраць выставы жывапісных карцін, фатаграфій, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вядомых аўтараў і пачаткоўцаў.

Такім чынам рэалізоўваецца крэатыў-праект “Арт-вакно як аб’ект культурнай прасторы бібліятэкі”, што нарадзіўся яшчэ ў 2013 годзе, калі горад быў абвешчаны Культурнай сталіцай СНД і Рэспублікі Беларусь. За гэты час арганізавана каля 50 выстаў.

Сёння шмат кажуць пра тое, што бібліятэка павінна стаць для кожнага трэцім месцам пасля дома і працы. Таму ўвесь час шукаем прывабныя ідэі і формы працы. Апошнім часам у вокнах бібліятэкі прайшлі выставы работ мастакоў Аляксандра Алёшына, Алены Кавалёвай, Юрыя Сяргейчыка, Уладзіслава Малахава...

Так, да 70-годдзя Вялікай Перамогі, у межах праекта “Памяць” наладзілі тэматычную фотавыставу: прэзентаваліся партрэты 28 Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі званне падчас вызвалення Магілёва. Да Дня інвалідаў валанцёры клуба “Ад сэрца да сэрца” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта пад эгідай Чырвонага Крыжа падрыхтавалі сумесна з бібліятэкарамі незвычайную выставу “Фарбы душы”. Малюнкі, прадстаўленыя ў вокнах, сталі вынікам арт-тэрапеўтычных заняткаў з людзьмі, якія маюць асаблівасці псіхічнага развіцця.

Нядаўна да ўдзелу ў крэатыў-праекце далучыліся і народныя ўмельцы. У вокнах бібліятэкі з’явіліся вырабы саломкапляцельшчыкаў, вышыванкі, лялькі… Карціны, расшытыя атласнымі лентамі, падрыхтавала Алена Гранская, а вышыўку крыжыкам — Тамара Вараб’ёва. Адна з апошніх выстаў дала магчымасць убачыць сімбіёз пляцення атласнымі лентамі і бісерапляцення Ніны Бародзіч і Людмілы Трушкевіч.

Напярэдадні чарговай экспазіцыі супрацоўнікі бібліятэкі арганізуюць прэзентацыі з удзелам аўтараў. Словам, праект жыве і развіваецца. Для жыхароў іншых гарадоў бібліятэкі робяць відэаролікі па матэрыялах выстаў і выкладаюць іх на сайт установы. Традыцыйна выставы ў вокнах дэманструюцца па тры тыдні. Сёння ахвотныя запісваюцца для ўдзелу ў праекце больш чым на год наперад.

Алена АСТАПАВА, загадчык аддзела  бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса горада Магілёва