Рэклама рэкламы

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Неяк падумаў, а як бы я на месцы сельскага бібліятэкара прарэкламаваў сярод чытачоў самую непапулярную фондавую кнігу.

/i/content/pi/cult/591/13136/10-1.jpgПерш-наперш расклеіў бы на слупах і дзвярах крам улёткі з надпісам “Не чытайце гэтую кнігу!” І яна адразу знайшла б аднаго-двух чытачоў. Такая рэклама, так бы мовіць, — правакацыйная, ад адваротнага: што забаронена, тое і ўвагу прыцягвае. Але гэта толькі адзін від рэкламы. І ці прыдатны ён на вясковых завулках, дзе яшчэ не перасталі верыць напісанаму ды друкаванаму слову?…

Кніжная выстава па сённяшніх мерках — рэч малаэфектыўная. Вяскоўца трэба ўражваць, здзіўляць і без прамаруджвання “браць у палон”. Непапулярная кніга — кепска разрэкламаваная кніга. Давайце запросім дзятву намаляваць для яе плакаты-ілюстрацыі і расклеім іх на тых жа слупах ды дзвярах. Давайце прыцягнем тых жа дзяцей, каб увечары прачыталі бацькам рэкламную літаратурную лекцыю, ды яшчэ з “заманухай”, што самы першы чытач атрымае званне самага актыўнага з занясеннем на дошку чытацкага гонару. (Вось вам яшчэ некалькі чытачоў!) Пойдзем далей і створым з той жа дзятвой невялічкую п’еску і тэатралізацыю паводле яе ўсё пра тую ж кнігу. А сцэнай няхай стане вясковая вуліца ва ўсю яе даўжыню. Гарантыю даю: кнігу стануць рваць з бібліятэкарскіх рук. Чытацкага расчаравання не будзе: нецікавых кніг не бывае, бывае нецікавая іх прапаганда (чытай — рэклама) сярод мэтавых аўдыторый.

Уважлівы чытач “К” з лёгкасцю можа назваць публікацыі пра самыя розныя віды бібліятэчнай рэкламы. Хто не памятае, я нагадаю: пры дапамозе райцэнтраўскага грамадскага транспарту можна і трэба агучыць запісы вершаў і прозы, наладзіць жывапісныя выставы дзіцячага малюнка на тэму карысці ўсеагульнага чытання, арганізаваць перад пасажырамі выступленні бібліятэкараў пра тое, дзе знаходзіцца бібліятэка і што яна можа прапанаваць.

Тое ж тычыцца не толькі кніг і бібліятэкараў, але і народных майстроў, музейшчыкаў, іншых работнікаў культуры. Толькі для гэтага, натуральна, трэба часцей бываць сярод людзей. Разумею, цяжка, нязвыкла і дадаткова не аплачваецца. Разумею, што на сяле праблемы з выхадам у інтэрнэт. Але, як паказваюць факты гэтага газетнага развароту, аналагічныя праблемы існуюць нават у райцэнтраўскіх установах. Але гэта не азначае, што трэба чакаць немаведама якіх спрыяльных умоў. Прымусьце СМІ пісаць пра вас. Вунь у Беразіне стварылі рэкордную па памерах лыжку, дык журналісты і па сёння не стамляюцца гаварыць пра тамтэйшы Цэнтр рамёстваў і ягоных народных майстроў.

Брэнд — заканамерны вынік якаснай рэкламы. Толькі не разумею, чаму Слуцк, ужо маючы шыкоўны пояс, абраў у якасці сімвала яшчэ і салаўя. Чым больш брэндаў, тым лепш? Мо і так. Але як быць Дуброўна, дзе які ўжо год брэндам Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” таксама з’яўляецца салавейка? Таму самы час і пра аўтарскія правы падумаць. Ёсць у Шклове, да прыкладу, свята гурка і адпаведны помнік гэтай гародніне, значыць, у іншых раёнах выкарыстоўваць такі брэнд — “не магі”! Урэшце, на гэту тэму ўжо была публікацыя ў № 20.

Прасоўванне брэнду — лагічны працяг рэкламы. Вось каб дайшлі да Слуцка значкі, магніцікі, майкі, асадкі, паштоўкі ды кераміка з салаўінай дубровенскай выявай, дык мо і не ўзнікла б таўталогіі? Падаецца, так. А ўяўляеце, якім цікавым, ёмістым і карысным мог бы атрымацца маляўнічы альбом брэндаў: і раённых, і сельскіх. Замежны турыст не блытаўся б, куды яму ехаць па беларускі экзот.

І напрыканцы пры гісторыю расійскага мястэчка Мышкін. Прыходзіла яно паціху ў заняпад. Покуль хтосьці з работнікаў культуры не схамянуўся: пачакайце, у нас жа гатовы брэнд ёсць — мыш! Так на Яраслаўшчыне ўзнік адпаведны музей — адзіны ў свеце. І калі ў 1990-х яго наведвала за год 5 тысяч турыстаў, дык цяпер — у дзесяць разоў болей. Карацей, нам ёсць над чым працаваць.

Яўген РАГІН

 

 

Кошты кусаюцца…

З рэкламай — бяда. Для Горада майстроў падчас аднаго са “Славянскіх базараў…” спрабавалі замовіць банер для больш дакладнай вадзіцельскай арыентацыі. Але гэта аказалася так дорага, што мы ўрэшце адмовіліся. Так, прыдарожная рэклама, пра адсутнасць якой “К” піша вельмі часта, — задавальненне, якое культуры не па кішэні. А такая “сацыялка”, я пераканана, патрэбна краіне. Яна ж, урэшце, не піва прапагандуе, а гістарычныя брэнды. І калі дзяржава мяркуе развіваць турызм, без такіх прыдарожных указальнікаў не абысціся.

Адкуль, да прыкладу, вандроўнік на аўто можа здагадацца, што, скажам, у Віцебскім раёне вырабляюць унікальны квас па прадзедавай тэхналогіі, а мясцовыя работнікі культуры вакол гэтага брэнда закруцілі процьму цікавых мерапрыемстваў? Ці ўзяць Глыбокае, дзе традыцыйным стаў вішнёвы фестываль. А ў Лёзна брэндам сталі клубніцы. Ягады прадстаўлены і ў выглядзе сувеніраў. А чаму б іх выявы не паставіць збоч шашы, ды з картай, дзе пазначаны сувенірныя крамы, музеі, час правядзення традыцыйных фестываляў? Дык не: недасягальна дорага. Адно выйсце: рабіць сваімі сіламі. Інакш брэнд так і застанецца нераскручаным.

Цудоўную ініцыятыву праявілі нашы тэатры лялек. Дзіця ў тэатральным квартале не заблукае, а выведзе бацькоў наўпрост да тэатральных кас. Дарогу падкажуць жывыя выявы лялек. Крэатыў! А яшчэ для рэкламы культурных з’яў можна выкарыстоўваць (вельмі модная цяпер рэч!) глухія фасады жылых дамоў. Але іх мастацкі роспіс з дапамогай валанцёраў — таксама не танны…

Брэнд павінен “адстаяцца”, каб даказаць сваю правамоцнасць. Вось ва Ушачах леташнім сімвалам стала тэматыка партызанскага прарыву. Гэта ў пэўнай ступені дапамагло мясцовым работнікам культуры прывесці да ладу аднайменны мемарыяльны комплекс. Але такі трагічны брэнд не можа быць сталым. Ва Ушачах думаюць, які сімвал узяць на творчае ўзбраенне.

А Мёры на справе давялі, што журавы і журавіны — яркі брэнд запатрабаванага экалагічнага фестывалю. Як тут не згадаць лепельскага цмока. Аднак работнікі культуры раёна бяруць шырэй: брэнд для іх — Бярэзінскі запаведнік, дзе яны і “вырошчваюць” вельмі культурных і прывабных цмокаў. Уяўляеце, якой магла б быць прыдарожная рэклама!

І колькі слоў пра дубровенскага салаўя. Аўтар глінянага брэнда Людміла Кавальчук зрабіла сёлета сімвалічнае дрэва з гняздзечкамі, куды госці фэсту “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” будуць “засяляць” сваіх птушачак. Добры рэкламны ход.

Кацярына ЛАБУКА, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

 

 

Не адзін буктрэйлер

Сёння, у імклівы час усеагульнай інфарматызацыі і інтэрактыву, усё, што не змагло прыстасавацца пад папулярны лічбавы фармат, здаецца састарэлым і непатрэбным. Бязлітасны дух часу ў ліку першых адчулі бібліятэкі.

На жаль, блукаць сярод бясконцых стэлажоў, уважліва аглядаючы кожны том і беражліва перагортваючы старонкі, цікава толькі людзям старой фармацыі. Новае ж пакаленне прывабіць у храм кнігі практычна немагчыма. Ды і ці трэба, калі амаль любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце: хутка, зручна, на даму.

Дык няўжо ў бібліятэк сапраўды сумная будучыня? Той-сёй кажа, што нібыта пераўтворацца яны неўзабаве ў музеі, дзе захоўваюцца фаліянты часоў прапрадзядулінай маладосці і ладзяцца экскурсіі для аматараў сівой даўніны. Карацей, пытанняў шмат, адказаў мала. Таму бібліятэкары ўглядваюцца ў будучыню з асцярожнай надзеяй: не будуюць глабальных планаў, але і паміраць не збіраюцца. Зразумела адно: сядзець моўчкі не выпадае. Таму ў Астравецкай раённай бібліятэцы правялі семінар, на парадак дня якога вынеслі адзінае пытанне: “Выкарыстанне рэкламы ў дзейнасці бібліятэк”.

Галоўныя задачу і праблему агучыла намеснік дырэктара ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка” Вольга Пінчук. Задача бібліятэкі: быць карыснай кожнаму чытачу. Праблема: эфектыўнасць рэалізацыі задачы. Спецыялісты аддзела бібліятэчнага маркетынгу і аддзела абслугоўвання распавялі пра віды бібліятэчнай рэкламы. Самая даступная — друкаваная: буклеты, улёткі, календары, запрашальнікі. Не менш папулярная рэклама — кніжныя выставы. Гаворка ішла і пра ўмацаванне бібліятэчнага іміджу ў віртуальнай прасторы, пра акаўнт райбібліятэкі на старонках сацыяльных сетак.

Для сельскіх бібліятэкараў быў праведзены майстар-клас па стварэнні буктрэйлераў — сродкаў эфектыўнай рэкламы кнігі. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі прадэманстравалі буктрэйлер на кнігу Адама Мальдзіса “Восень пасярод вясны”.

“На дом” сельскія спецыялісты атрымалі заданне па стварэнні акаўнта бібліятэк у сацыяльных сетках, выпуску рэкламнай прадукцыі, пошуку іншых спосабаў папулярызацыі сваіх устаноў.

Ганна КЕРАЛЬ, бібліятэкар аддзела  маркетынгу  Астравецкай раённай бібліятэкі

Патэлефанаваць нам нельга

Наша ўстанова, як вы ведаеце, з’яўляецца філіялам Музея народнай творчасці, які змешчаны таксама ў Моталі. А другі філіял — Дом траўніка — працуе ў вёсцы Стрэльна. Іванаўскі раён увогуле ўнікальны па наяўнасці музейных аб’ектаў, бо ў Варацэвічах ёсць яшчэ і музейны комплекс Напалеона Орды.

Хачу праз “Культуру” прапіярыць Музей археалогіі “Нашы карані”, якому толькі тры гады. Паверце, гэта ўнікальная ўстанова. У нас ёсць знаходкі позняга каменнага веку, эпох мезаліту і неаліту, часткова — бронзавага веку. Сярэднявечча прадстаўлена не так грунтоўна, бо тыя пласты знаходзяцца пад жылой забудовай. Археалагічныя даследаванні на нашых землях вяліся з 1960-х рознымі археолагамі, апошнія 25 гадоў — Аленай Калечыц, якая і стала аўтарам навуковай канцэпцыі нашага музея. З дапамогай артэфактаў экспазіцыя распавядае пра тое, як нашы продкі вучыліся жыць на гэтай зямлі ў гармоніі з сабой і прыродай. Ці не ў гэтым выток любога мастацтва?

А вось з рэкламай у нас — не ўсё гладка. Музею трэба ў свет выходзіць, а няма тэлефоннай сувязі, няма, адпаведна, і выхаду ў інтэрнэт. Так што стварэнне ўласнага сайта — мэта пакуль недасягальная. Але план па аказанні платных паслуг мы выконваем. Летась зарабілі, да прыкладу, 15 мільёнаў. Справімся з заданнем і сёлета. Сталая экспазіцыя заўжды прыцягвае школьнікаў, якія пастаянна здзіўляюцца, што мы — не пра дыназаўраў, а пра рэчы з археалагічных раскопаў. (Дарэчы, наш самы ўнікальны музейны прадмет — круглая амфара — знаходзіцца ў экспазіцыі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.) Так што пастаянна даводзіць наведвальнікам: любыя керамічны аскепак ці каменная прылада працы захоўваюць цеплыню рук нашых продкаў. У пераемнасці традыцый — залог далейшага ўмацавання Беларусі. Спрабуем распавесці пра гэта ў друкаванай рэкламе. Але яна не заменіць магчымасцяў музейнага сайта.

Канешне, лепшая рэклама — гэта наша праца. Запытаеце: “Якія творчыя праекты прапаноўваеце наведвальнікам?” У нас ёсць зала, якую можна перарабіць у майстэрню, навуковую лабараторыю, дзе можна было б даведацца пра археалогію палявую і кабінетную. Мала знайсці артэфакт, важна яго ўсебакова даследаваць, адшукаць яму належнае месца ў археалагічнай калекцыі. Усё гэта вельмі цікава. Але рэалізацыя праекта немагчымая без належнага фінансавання. Трэба сымітаваць зямельны пласт, наладзіць працэс навучальнага кабінетнага даследавання. Цяпер раюся са спецыялістамі, як гэта зрабіць з мінімумам грашовых выдаткаў. Выкарыстоўваем і магчымасці лекцый на мясцовым матэрыяле. Адна з іх — пра Вялікую Айчынную вайну: у нас засталіся будынкі, што захавалі сляды баёў. Цягам 45 хвілін робім віртуальныя вандроўкі па горадзе і раёне. Так што і краязнаўчы матэрыял назапашваем і выкарыстоўваем. Чарговы праект — больш дасканалая прафарыентацыя вучняў, заснаваная на арганізацыі раскопак, удзеле ў іх.

Неўзабаве скончыцца мая адпрацоўка (амаль два гады таму скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка), але з’язджаць не збіраюся: у Моталі жывуць мае бацькі, тут маё першае месца працы, дзе мяркую рэалізоўвацца і надалей.

Фёдар РАЦЫК, загадчык Мотальскага музея археалогіі “Нашы карані”

 

Лепш грошы пусціць на альбом

Самадзейнаму калектыву немагчыма прабіцца да шырокага гледача без рэкламы. Натуральна, спярша мы павінны ўласнымі стараннямі давесці, што чагосьці вартыя.

Падаецца, гэта этап мы прайшлі. У сацыяльных сетках існуе суполка прыхільнікаў “Ягоравай гары”. Сярод іх шмат расіян — аматараў беларускай песеннай аўтэнтыкі. Ці не таму нас больш ведаюць за мяжой? Прынамсі, нядаўна вярнуліся з Санкт-Пецярбурга, дзе па запрашэнні бралі ўдзел у фэсце “Славянскі кірмаш” і выступалі на адной сцэне з такімі гуртамі, як “Іван Купала” і “Буранаўскія бабулі”.

Нават, калі з'явіліся б нейкія дадатковыя грошы, мы скарысталі б іх для стварэння чарговага музычнага альбома (матэрыялу ў нас на тры назбіралася). Не забывайце, у кожнага з нас ёсць асноўная праца, а “Ягорава гара” — так бы мовіць, адхланне. Так што ў плане рэкламнага прадукту абмяжоўваемся пакуль толькі магніцікамі з выявай гурта. А ўвагу прыцягваем актыўнымі канцэртнымі выступленнямі на такіх фэстах, як, да прыкладу, “Свята Сонца”, што адбудзецца гэтымі выхаднымі пад Мінскам.

Толькі ў выніку нашай творчай незаспакоенасці “Ягораву гару” сёлета тройчы заўважыла Гомельскае тэлебачанне. Мы цяпер рыхтуем праграму для моладзі, дзе нас падтрымлівае брэйк-данс-калектыў з абласнога цэнтра. З’явіцца кліп паводле песні “У полі бярозка стаяла” з брэйк-дансавым афармленнем — пашырыцца і сфера нашага ўплыву. Прынамсі, ніколі не забываем, што мы — студыя эксперыментальная.

Росту папулярнасці сярод моладзі паспрыяла і тое, што зрабілі па замове Гомельскага гарадскога цэнтра культуры перапеўку песні гурта”The Beatles” — гаворка пра “All together now”. Але зрабілі гэта па-свойму, на беларускай мове. І такі эксперымент быў ухвалены моладдзю.

Пад дахам ГЦК — каля сотні музычных калектываў. Мы ў топ-шэрагу ці не на першым месцы. А гэта ўжо дасягненне. Хоць, паўтару, эскіз лагатыпу “Ягоравай гары” для змяшчэння на саколках так і застаецца пакуль эскізам.

Але спадзяёмся: неўзабаве станем запатрабаванымі не толькі ў Гомелі, але і ва ўсёй рэспубліцы.

Ягор ПАЛЯШУК, кіраўнік і аўтар фольк-праекта “Ягорава гара” з Гомеля

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"