“Перазагрузка” балета

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбылася прэм’ера балета “Каханне і Смерць”. Аўтар музыкі — народны артыст Азербайджана, прафесар, пасол сваёй краіны ў Расіі Палад Бюльбюль-аглы. На прэс-канферэнцыі ён распавёў журналістам пра мінскую версію балета.

/i/content/pi/cult/591/13132/13-2.jpg“Каханне і Смерць” можна лічыць падарункам: акурат у дзень прэм’еры споўнілася 23 гады са дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Азербайджанам і Рэспублікай Беларусь.

Але гэта не першы азербайджанскі балет у рэпертуары Вялікага: некалькі гадоў на сцэне ідзе балет у дзвюх дзеях “Сем прыгажунь” кампазітара, педагога і грамадскага дзеяча Кара Караева. Першая ж пастаноўка “Кахання і Cмерці” адбылася ў 2005-м у Баку, а праз некалькі гадоў — у Екацярынбургу. Спектакль не аднойчы ўзнаўлялі, таму ў Мінску, па падліках Палада Бюльбюль-аглы, чацвёртая версія.

Народны артыст, аўтар музыкі ўзнімае агульначалавечыя пытанні: каханне, адносіны чалавека да смерці…

— У кожнага балетмайстра сваё бачанне. Першы раз я яшчэ спрабаваў спрачацца, штосьці даказваць… Але потым зразумеў, што напісаная музыка знаходзіцца “ў руках” балетмайстра. Таму выказваў свае пажаданні і даваў свабоду, каб ён паставіў так, як бачыць. Малады балетмайстар, лаўрэат міжнародных конкурсаў Вольга Косцель добра адчувае музыку. Яна ўбачыла чорныя і белыя сілы, скажам, у “множным” ліку. Гэта якраз і выклікала мае спрэчкі з ёю. На мой погляд, яны павінны быць больш персаніфікаваныя. Але, нягледзячы на маладосць, Вольга умее адстойваць сваё меркаванне, — распавёў журналістам народны артыст Азербайджана. Ён таксама дадаў, што ў Вялікім тэатры захаваны інстытут мастацкага савета, дзе свабодна выказваецца меркаванне. “І калі першы раз выказаліся, скажам так, “востра”, то гэтым разам ніхто крытычнай заўвагі не зрабіў: усе члены савета адобрылі пастаноўку” — рэзюмаваў творца і дыпламат.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст