Дамова на харавой мове

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Інэса БАДЗЯКА, загадчык кафедрай харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кіраўнік хору студэнтаў БДАМ
Выехаць вялікаму калектыву на гастролі, а тым больш замежныя, заўсёды складана. Хтосьці шукае імпрэсарыа, хтосьці — спонсараў, што таксама вельмі няпроста. Але, як паказала практыка нашай Акадэміі музыкі, ёсць яшчэ адно выйсце — падпісанне адпаведных дамоўленасцяў непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі аднаго профілю.

/i/content/pi/cult/591/13130/12-2.jpgМенавіта дзякуючы такім дамовам адбыўся нядаўні гастрольны тур хору студэнтаў нашай Акадэміі музыкі па вядучых еўрапейскіх кансерваторыях. Мы выступілі ў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра ў Вільнюсе, Музычным універсітэце імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве і Музычнай акадэміі імя Феранца Ліста ў Будапешце.

Падрыхтоўка паездкі пачалася дзесьці за паўгода да яе. Нам вельмі дапамагала не толькі адміністрацыя нашай навучальнай установы, але і пасольствы Беларусі ў тых краінах, куды мы выпраўляліся. Пасля кожнага з выступленняў была магчымасць пабачыць самі гарады. А галоўнае — завязваліся новыя творча-педагагічныя стасункі. Цікавасць да калектыву была вялікай: прыходзілі да нас нават на рэпетыцыі. Так, у Вільнюсе на ўсе дзве гадзіны нашай рэпетыцыі застаўся прафесар Вiтаўтас Мішкініс. Я не магла прымушаць студэнтаў спяваць на ўвесь голас і рабіць, такім чынам, два канцэрты на дзень. Да таго ж, усе былі стомлены працяглай праездкай у аўтобусе, пасля якой не тое што спяваць — стаяць бывае цяжка. Але ад нашага госця мы пачулі самыя ўхвальныя водгукі. У Венгрыі нас слухаў сусветна вядомы дырыжор Габар Халерунг, на канцэрце быў арганізатар буйных харавых святаў, дзеяч харавога фестывальнага руху Вольфганг Зіглер. У Польшчы, акрамя ўласна прафесіяналаў, да нас прыйшло шмат аматараў, у тым ліку — прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Але мы высветлілі гэта толькі пасля выступлення, калі яны запыталіся: маўляў, чаго ж вы не праспявалі “Зорку Венеру”? Каб нас папярэдзілі, хто ў зале, заспявалі б. Бо рэпертуар на два паўнавартасныя аддзяленні рыхтавалі з разлікам на тых, перад кім будзем выступаць.

Пастараліся спалучыць, умоўна кажучы, Усход і Захад: спявалі і заходнееўрапейскую, амерыканскую класіку, і славянскую праваслаўную музыку, і творы беларускіх кампазітараў Уладзіміра Алоўнікава, Віктара Войціка, Вячаслава Кузняцова. Для кожнай краіны прыдумалі сюрпрызы: развучылі іх народныя песні, творы тамтэйшых аўтараў. Ва ўсіх трох гарадах правялі еўрапейскія прэм’еры Месы До мажор нашага выпускніка, лаўреата Нацыянальнай музычнай прэміі 2014 года ў намінацыі “Лепшы аранжыроўшчык” Андрэя Саўрыцкага (шкада, што не паўсюль з падрыхтаваным намі відэашэрагам — з тэхнічных прычын прымаючага боку). Слухачы былі ўражаны і прафесійнасцю нашага калектыву, і відовішчнасцю саміх канцэртаў, бо мы і строі сцэнічныя змянялі, і тэатралізацыю выкарыстоўвалі.

Прызнацца, у пачатку года, убачыўшы, як змяніўся склад хору (а гэта цалкам зразумела для студэнцкіх калектываў), я хвалявалася, ці знойдзем салістаў, бо шмат прыгожых моцных галасоў было сярод выпускнікоў, якія сышлі. Але ўзраслі новыя таленты, якія добра справіліся з сольнымі партыямі: Арцём Пякарскі (3 курс), Кацярына Мадатава (4 курс) Васiль Лiпскi, Вераніка Карсюк, Юлія Папова, Алена Сыс (2 курс), Стэфан Казакевіч (1 курс). Падобныя паездкі — моцны стымул для ўсяго навучальнага працэсу. І непасрэдная канцэртная практыка для будучых прафесіяналаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"