“Навальніца” без “промня”

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

У Новым драматычным тэатры — прэм’ера спектакля “Калі б ведаць…”. Яго поўная назва — фантазія на тэму “Чаму людзі не лётаюць?..” паводле п‘есы “Навальніца” Аляксандра Астроўскага.

/i/content/pi/cult/590/13113/8-1.jpg

Cцэна са спектакля "Калі б ведаць..." / Фота Аксаны БАРЧЭЎСКАЙ

Творы школьнай праграмы хтосьці лічыць добрай прынадай для публікі (маўляў, можна культпаходы класамі ладзіць), хтосьці — наадварот, надта праблемным рэпертуарам. Бо ў кожнага ёсць сваё ўяўленне, як тую класіку ставіць, а настаўнікі і ўвогуле — звычайна патрабуюць поўнага супадзення з падручнікам. Дый урэшце — каб замахвацца на гэтую п’есу не ў хрэстаматыйным варыянце, а ў гэткай аўтарскай пастановачнай версіі, дый пасля столькіх адметных рэжысёрскіх прачытанняў, патрабуецца не толькі творчая смеласць, але і амбіцыйнасць, не кажучы ўжо пра талент. Усім гэтым галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кулікоўскі не абдзелены. Якой жа атрымалася прэм’ера?

Сцэнаграфія Святланы Макаранка — мінімалісцкая: дзясятак незразумелых ванначак, якія спачатку нагадваюць могілкавыя помнікі, потым увесь час, як і крэслы, перасоўваюцца па сцэне, становячыся падобнымі да кафедраў-трыбун (многія маналогі наўмысна вымаўляюцца ў залу), каб у фінале ператварыцца ў труну. Невялічкая сцэна тэатра пашырана за кошт другога ярусу, які працягваецца па адной са сценак амаль праз усю залу — і выкарыстоўваецца вельмі актыўна.

Сяргей Кулікоўскі даўно прывучае гледача да сучаснай эстэтыкі. І разумее, што зрабіць гэта імгненна немагчыма. Таму спрабуе спалучаць сучасны падыход з традыцыйнымі рэчамі. Вось і ў гэтым спектаклі прапануе ён вельмі просты сімвал: усе героі, за выключэннем Кабанавай і Дзікога, ходзяць бы з нейкімі “ланцугамі” на нагах, выклікаючы асацыяцыі з ахвярамі рабаўладальніцкага строя. Пасля ж смерці Кацярыны яе муж з’яўляецца ўвогуле басанож — вольным. А некаторыя гледачы пытаюць: няўжо не маглі пашыць усім героям нармальнага абутку?

Тым не менш, актыўнага непрыняцця прэм’ера не выклікае — нават у самых кансерватыўных традыцыяналістаў. І ўжо тым самым закладае падмурак больш трывалым стасункам гледачоў з тэатральнымі заваёвамі сучаснасці.

Тое, што Астроўскі прачытаны з пазіцый цяперашняга часу, відавочна не толькі па сцэнаграфіі, касцюмах, дзе перагукаюцца эпохі, але і па чэхаўскай расстаноўцы персанажаў: кожны ў кагосьці закаханы, але ўсе — не ўзаемна. Нават калі і здаецца, што пара быццам бы склалася, як у тых жа Варвары (Надзея Анцыповіч) ды Кудраша (Арцём Пінчук), насамрэч гэта — падман, бо ў каханне не вераць найперш самі героі, з’яднаўшыся “па разліку”, хіба што не грашовым, а “забаўляльным”.

Амаль усе героі надзелены псіхалогіяй дзіцяці, толькі ў розных яе праявах. Ці ж не “вялікае дзіця” — той жа Кулігін (Валерый Глазкоў) з яго дзіўнаватым выглядам і часам неадэкватнымі паводзінамі? Спачатку ён паўстае захопленым рамантыкам з іншай эпохі, чалавекам з іншага вымярэння, і на словы свайго маналога выдае ў залу песню пад гітарны акампанемент Кудраша. Але потым становіцца зразумела, што ён толькі і ўмее што сачыць за ўсімі ў бінокль. Можа, сам яго змайстраваў і за час апрабацыі набыў вуаерысцкія схільнасці? Бо тыя “падгляданні” яму папраўдзе больш цікавыя, чым рэальныя чалавечыя лёсы. “Навучы, як жыць цяпер?” — з болем пытае ў яго Ціхан. А Кулігін бы не чуе: утаропіўся ў біноклевы “тэлевізар”, бы падлетак у экран камп’ютара.

Яшчэ адно “дзіця”, толькі зусім іншае па характары — Дзікой (Сяргей Толсцікаў). Ён закаханы ў Кабаніху (Наталля Капітонава), і тая быццам не супраць: трэба бачыць, з якім замілаваннем яна ліе яму ваду, каб той асвяжыўся. Але — не возьме ён на сябе такую адказнасць, яму больш даспадобы роля “непадуладнага падлетка”, якая быццам імітуе ягоную “волю”. Пляменнік Дзікога — Барыс (Павел Чарноў) — паўстае абсалютнай роўняй Кацярынінаму мужу (Аляксей Верашчака): усё тая ж псіхалогія дзіцяці, негатоўнасць прыняць на сябе адказнасць — не толькі за блізкага чалавека, але і за самога сябе. Нарэшце, “паслухмяным” выхаванцам паўстае дадаткова-збіральная, у параўнанні з п’есай, фігура Чалавека (Эрык Абрамовіч). Замяніўшы сабой “абслугу” (Глашу, Феклушу і іншых), ён ператварыўся ў сакратара-альфонса Кабаніхі (адзначым яго цудоўны па пластыцы танец у другой дзеі), які закаханы, тым не менш, у… Кацярыну (Кацярына Ермаловіч).

На такім фоне мужчынскай “ніякаватасці” (пры ўсёй іх знешняй зухаватасці) у спектаклі ярка выяўляецца тэма фемінізму. Кабаніха невыпадкова ў спектаклі завецца проста па прозвішчы — Кабанава. Ды на ёй увесь дом трымаецца! Кацярына ж аказваецца не хрэстаматыйным “промнем святла” (ледзь не ўсе апошнія пастаноўкі п’есы абвяргаюць гэты выраз Мікалая Дабралюбава), а ўсё тым жа дзіцем у падлеткава-пераходным узросце: ад дзяўчынкі, што жыла аповедамі пра анёлаў, да жанчыны, якая прагне кахання. Да гэтай абсалютна нармальнай жыццёвай сітуацыі гераіня аказваецца настолькі непадрыхтаванай, што ў пэўны момант апынаецца на мяжы памутнення розуму — і ў выніку не спраўляецца са сваімі псіхалагічнымі праблемамі.

Тое ж і з Кабаніхай, якая выступае не столькі антыподам Кацярыне, колькі яе адбіткам, хіба больш старэйшым. Яна няшчасная ў каханні: трымае “хлопчыка для ўцех”, а сама думае пра Дзікога, які і сапраўды ёй роўня. Прызнанне Кацярыны парушае той лад, які яна так заўзята абараняла. А смерць нявесткі і ўвогуле становіцца для яе крахам усёй сям’і — і яе ўласнай асобы.

Ды ўсё ж найбольшая адметнасць спектакля ў тым, што ён зроблены паводле законаў музычнай драматургіі. Па-першае, у ім многа жывой музыкі, многія героі асацыююцца з пэўным інструментам, стылем, музычнай цытатай: Кудраш не расстаецца з гітарай, Кабанаў пасля прызнання Кацярыны бярэ баян, але іграе на ім адной рукой (чым не сімвал?), Кацярына музыцыруе, як гаварылі ў ХІХ стагоддзі, “на фартэп’янах”.

Па-другое, згаданыя музычныя нумары не выглядаюць “устаўнымі”. Яны ці ўтрымліваюць ускосны “партрэт” якога-небудзь героя (невыпадкова ў час спектакля неаднойчы ўзнікае паралель з “агульным фота на памяць”), ці рухаюць дзеянне: сваё “пакаянне” Кацярына вымаўляе ў час хатняй вечарыны з танцамі ды імправізаваным канцэртам. Тую ж ролю адыгрываюць і працяглыя маналогі, на якія так багата п’еса. Большасць з іх вымаўляецца франтальна, у залу, як спяваюцца арыі ў традыцыйных оперных пастаноўках. А Кулігін выдае маналог напаўспеўна, пад гітару Кудраша.

Па-трэцяе, у спектаклі выкарыстаны прыём паўтораў, выпрацаваны ў мюзіклах: у другой дзеі шмат мізансцэн з першай, толькі ідуць яны з іншым настроем — быццам у “іншай танальнасці”, як гэта бывае ўласціва тым жа санатна-сімфанічным цыклам.

Так што прэм’ера атрымалася са спасылкамі на многія нашумелыя пастаноўкі, цікавай для знаўцаў і тых, хто сочыць адно за сюжэтам (маўляў, дык чым завершыцца гісторыя?). Засталося дачакацца, калі ж гэты спектакль да свайго стацыянарнага існавання далучыць яшчэ і фестывальныя паказы. Акурат іх і не хапае сёння Новаму драматычнаму, пакуль крыху адарванаму ад тэатральнага жыцця краіны і замежжа.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"