Нечаканы “…Сон”

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Канцэпцыя, што атрымліваецца, калі выява псуецца
За трыццаць гадоў фатограф Сяргей Плыткевіч пабываў у Чарнобыльскай зоне з паўсотню разоў. Для яго гэта стала ўжо пэўным правілам — штогод ён выпраўляецца ў падарожжа, каб зафіксаваць сыход цывілізацыі. “Зараз я ўжо фатаграфую панаванне прыроды, звяроў у гэтых мясцінах, якія калісьці засяляў чалавек. З кожным годам яны ўсё больш адчуваюць сябе тут гаспадарамі. Ваўкі ў зоне зараз накідваюцца на сабак. Настолькі асмялелі …” Трагедыя Чарнобыля, на думку аўтара, гэта не толькі смерць і хваробы, але і сыход пэўнай культуры, страта дома для тысяч людзей, якія вымушаны былі пакінуць свае родныя мясціны праз чыюсьці памылку.

/i/content/pi/cult/590/13109/15-1.jpgАле калі трагедыя толькі адбылася, ён паспеў зняць людзей, якія пакідаюць родныя мясціны, і тых, хто аддаваў перавагу вяртанню на радзіму. Так, у 1989 годзе Плыткевіч стварыў серыю пра самасёлаў у вёсцы Сабалі. Закінутыя мясціны, якія старажылы не пагадзіліся пакінуць назаўсёды. Магчыма, серыя стала б у адзін з шэраг з іншымі творамі постчарнобыльскай тэматыкі, каб не… бытавая аварыя дома ў аўтара. Але “гісторыя з адключэннем гарачай вады” ў выніку дапамагла нарадзіцца аўтарскаму цыклу “Чарнобыльскі сон”, які Сяргей Плыткевіч палічыў містыка-сімвалічным.

— У фоталабараторыі не было гарачай вады. Я паклаў стопачкай праяўленыя плёнкі і пакінуў працу на заўтра, — згадвае хаду падзей Плыткевіч. — Але на наступны дзень адчыняю дзверы, — і на мяне палілася вада. Высветлілася, што я забыў учора закрыць кран з той самай гарачай вадой. У пакоі стаіць пара, я адной рукой закрываю ваду, а іншай  — цягнуся да выключальніка. Лямпачка разарвалася ў мяне проста над галовой. Толькі ў гэты момант я ўцяміў, што магло б здарыцца. Гэта ж электрычнасць, а я па шчыкалатку ў вадзе! Кінуўся чэрпаць ваду, паглядзеў на плёнкі — а яны расплавіліся і склеіліся. Выкінуў у сметніцу! Потым, калі вярнуўся дадому, перажываў: а можа што-небудзь захавалася? І раніцай ужо разляпіў стужкі і ўбачыў пашкоджаныя выявы. Цікава, што яны сапсаваліся не цалкам: можна было ўбачыць і людзей, і дамы… Тады і падумаў, што ў гэтай тэме пашкоджаная выява распавядае нават больш за звычайны рэпартаж. Пара, якая падплавіла плёнку, становіцца сімвалам радыяцыі, што “раз’ядае” жыццё людзей.

Далей фатограф вырашыў завяршыць серыю: і адмыслова падвяргаў непашкоджаныя фотакадры з Сабалёў тэрмічнай апрацоўцы. “Ставіў чайнік і кіпяціў яго над плёнкамі”, — дзеліцца Плыткевіч досведам “вымушанага” канцэптуалізму. Так падборка паступова аформілася ў цыкл.

— Па-шчырасці, каб мне ўдалося паказаць гэту серыю ў 1990-я, — распавядае ён, — мяркую, здымкі сталіся б падзеяй. Тады яшчэ пераход на лічбавую фатаграфію толькі распачынаўся, ніхто не карыстаўся камп’ютарнымі рэдактарамі, і падобная праца з выявай падалася б цікавай. Тым больш, на мой погляд, супадзенне формы і зместу тут адбылося. Але я замарудзіў…  — шкадуе Сяргей Міхайлавіч.

Упершыню “Чарнобыльскі сон” быў паказаны толькі ў 2012 годзе на выставе “Ступені”. “Але кантэкст — ужо зусім іншы,  — канстатуе фатограф. — Камп’ютарная апрацоўка сталася часткай працы фатографа, нікога падобным “ноу-хау” было ўжо не здзівіць. Аднак серыю прынялі цёпла,  — распавядае аўтар, — і яна знайшла свайго глядача”.

Цікава, што гэта быў ужо інтарэс, у тым ліку, і да дакументальнага матэрыялу, які атрымаў новую інтэрпрэтацыю праз побытавую аварыю, а сама серыя ў 2010-я сталася артэфактам ранейшага часу.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"