Няўжо тэндэнцыя на попыт?

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Пяць новых кніг пра традыцыйную культуру
За апошні час выйшла некалькі кніг па тэматыцы традыцыйнай культуры. “К” пацікавілася ў аўтараў пра чытацкі інтарэс да выданняў этнаграфічнага кірунку.

/i/content/pi/cult/590/13106/12-3.jpg“Ядраное жыта гаспадара кліча…”: каляндарны год у абрадах і звычаях” Таццяны Валодзінай і Таццяны Кухаронак

Як распавяла “К” Таццяна Валодзіна, кніга з серыі “Традыцыйны лад жыцця” выдавецтва “Беларуская навука” (у ёй таксама выйшлі кнігі Аляксандра Лакоткі "Народнае дойлідства", Яўгена Сахуты "Народнае мастацтва", Сямёна Барыса "Сцежкамі дзядоў: народны побыт беларусаў") пісалася не “з нуля”: аўтары даўно займаюцца каляндарнымі абрадамі, маюць шмат матэрыялаў, сабраных у фальклорна-этнаграфічных экспедыцыях. Даследчыца вылучае найперш адлюстраванне самой канцэпцыі свята, якая значна змянілася ў сучасным грамадстве. Чалавек традыцыйнага ладу жыцця эмацыйна перажываў чаканне і надыход святаў, лічыў час па іх. Пра гэта можна даведацца з успамінаў інфармантаў, прыведзеных у кнізе. Аўтар адзначыла і багаты ілюстрацыйны матэрыял выдання.

“Беларускі танцавальны фальклор. Методыка працы з дзіцячым фальклорным калектывам” Сяргея Выскваркі

Кніга цікавая сваёй практычнай скіраванасцю, тут знойдуць шмат карысных парадаў харэографы. Выданне зроблена па замове Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і за яго сродкі. Надрукавалі ж усяго 99 асобнікаў. Частку раздалі па раённых метадычных цэнтрах, а тыя размеркавалі па бібліятэках і танцавальных гуртах. Нягледзячы на назву кнігі, аўтар кажа, што яна будзе карыснай і кіраўнікам гуртоў дарослых. Методыка апрабаваная на дзіцячым калектыве “Верабейкі” і на майстар-класах для дарослай аўдыторыі, на летняй школе традыцыйнай культуры “Пятровіца”.

Мэтавай аўдыторыяй выдання Сяргей Выскварка бачыць аматараў традыцыйнай культуры, у тым ліку сяброў шматлікіх этнасуполак па ўсёй Беларусі. Хоць кніга і грунтуецца на матэрыяле з Любаншчыны, успаміны інфармантаў, прыведзеныя там, цікавыя не толькі ў рэгіянальным вымярэнні.

Частка матэрыялу з кнігі ўжо публікавалася раней, для ўкладання аўтару давялося сабраць свае ранейшыя артыкулы і давесці да ладу зацемкі. Некаторыя часткі пісаліся для гэтага выдання.

Работнікам культуры Сяргей Выскварка раіць занатоўваць свае думкі, афармляць у пісьмовай форме вопыт, а потым шукаць грошы на выданне метадычных дапаможнікаў. Пажадана, каб у кнігі было 2 — 3 рэдактары: адзін праверыў бы стылістыку, другі, спецыяліст па тэматыцы тэксту ці ў блізкай галіне, — сэнсавы складнік, трэці вычытаў бы проста тэхнічна.

На пытанне пра піяр аўтар адказаў, што калі кніжка прыстойная, цікавая, актуальная, то разыходзіцца сама. Магчыма, у выпадку з “Беларускім танцавальным фальклорам” спатрэбіцца дадатковы тыраж.

Загадчык аддзела традыцыйнай культуры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова адзначыла, што кніга стала адным з прадуктаў Года танцу, якім быў абвешчаны ў Мінскай вобласці 2014-ты, разам з абласным святам “Мінская кадрыля”, што прайшло ў Барысаве летась. У Год танцу работнікі культуры вобласці рабілі этнаграфічныя даследаванні, шукалі матэрыял, правялі некалькі семінараў па абмене вопытам у галіне танцавальнага мастацтва. Вольга Хачкова заўважыла: “Калі Год касцюму прайшоў і ў Магілёўскай, і ў Мінскай, і ў Віцебскай вобласці, то Год танцу — наш эксклюзіў”.

“Этнаастраномія” Цімафея Авіліна

Кніга выйшла ў выдавецтве “Тэхналогія” за сродкі аўтара. Утрымлівае палявыя запісы, гістарычныя звесткі, культуралагічны аналіз сюжэтаў, звязаных з астранамічнымі аб’ектамі. У адрозненне ад навукова-папулярных “Ядранога жыта…” і “…Танцавальнага фальклору”, кніга Цімафея Авіліна — цалкам навуковая. Тым не менш, выдадзеная накладам 500 асобнікаў, яна хутка разыходзіцца, хаця каштуе нямала. Выданне можна набыць у краме, але аўтар прадае кнігу і падчас шматлікіх прэзентацый па ўсёй Беларусі: за адну прэзентацыю, як правіла, разыходзіцца каля 5 асобнікаў. Цімафей не ставіць за мэту шырокую рэкламную кампанію, абы хутчэй распрадаць наклад. 100 асобнікаў кнігі ў аўтара адразу выкупіла выдавецтва, само займаючыся іх распаўсюдам. Кнігі Цімафей амаль не дорыць: лічыць, што падораную кнігу чалавек можа ніколі і не пагартаць, а ў тую, за якую заплаціў, прынамсі, зазірне.

Нягледзячы на навуковасць ды “энцыклапедычнасць” выдання, тэкст разлічаны на шырокае кола чытачоў, пачынаючы са школьнага ўзросту. Гэта матэрыял зусім новы для большасці людзей, у адрозненне ад звыклых, нават збітых фальклорных тэм. “Сонца ходзіць, як хадзіла, зоркі на тым жа месцы — кажа Цімафей — таму я лічу, што кніга не пра нейкую старажытнасць, а цалкам пра сучаснасць”.

Аўтар разглядае кнігу і як зборнік добрых матэрыялаў для творчай перапрацоўкі: з расповедаў пра астраномію можна зрабіць мульцік, ілюстрацыю, казку для дзяцей. Адзначае, што сюжэты, канечне, хрысціянізаваныя. Такая сабе народная Біблія, што праецыруецца на зоркі. Хрысціянскае зорнае неба беларусаў. Ёсць, канечне, і больш старажытныя сюжэты.

“Песні пакінутых вёсак” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Укладальнікамі з'яўляюцца доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна, кандыдат філалагічных навук Наталля Мазурына (музычная частка). Кніга падрыхтаваная пад агульнай рэдакцыяй акадэміка Аляксандра Лакоткі.

Гэта зборнік песень з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН, сабраных у 1978, 1981 і 1982 гадах у вёсках, якіх зараз ужо няма на карце: Асарэвічы, Багушы, Жары, Краснае, Крукі, Ляды, Міхалёўка, Піркі, Савічы Брагінскага раёна; Кузьмічы і Млынок Ельскага раёна; Белая Сарока, Белы Бераг, Вуглы, Вяжышча, Вяпры, Данілееўка, Двор, Дзёрнавічы, Красноўка, Красноўская Буда Нараўлянскага раёна; Амелькаўшчына, Пагоннае, Радзін, Рашаў Хойніцкага раёна. Асобныя тэксты узятыя з архіву навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ. Усе тэксты суправаджаюцца поўным пашпартам (ад каго запісана, кім, дзе, калі). Таму выданне можа быць карысным і навукоўцам, і аматарам, і шырокаму колу зацікаўленых. Асабліва каштоўнае яно культработнікам раёнаў, адкуль паходзіць надрукаваны матэрыял: вёскі адселеныя, спытаць ужо няма каго, параўнаць сённяшні матэрыял няма с чым. А тут — такая крыніца інфармацыі! Балазе большасць матэрыялу друкуецца ўпершыню. У кнігу ўвайшлі запісы як прафесійных фалькларыстаў, так і студэнтаў. Тэксты падаюцца ў адпаведнасці з арфаграфіяй арыгіналаў, але варта мець на ўвазе, што студэнцкія расшыфроўкі могуць у пэўнай ступені не адпавядаць гучанню палескай гаворкі.

Зборнік пабачыў свет у выдавецтве “Бяловагруп”, якое летась надрукавала “Кулінарны сшытак № 1” Ларысы Мятлеўскай. Таму можна сказаць, што “Песні пакінутых вёсак” — кніга для выдавецтва невыпадковая, тым больш ад яго сыходзіла ініцыятыва па ўкладанні зборніка. Фактычна гэта камерцыйнае выданне.

“Захаваная памяць страчанай зямлі” 
Аляксандра 
Галкоўскага 
і Барыса Лазукі

Гэта яшчэ адна кніга на “чарнобыльскую” тэматыку, фотаальбом калекцыі помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва са збораў Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, сабраных у раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Рэчы збіралі ў 1990 — 2000-я гады. Цягам 2015 года з дапамогай валанцёраў калекцыю ўпарадкавалі і сёлета 26 красавіка ўрачыста адкрылі новую, “чарнобыльскую”, экспазіцыю музея. На адкрыцці і прэзентавалі кнігу. Акрамя ўласна фота музейных прадметаў у альбоме — экспедыцыйныя фотаздымкі, гісторыя фармавання калекцыі, яе апісанні.

Бадай першае пытанне, якое ўзнікае: ці не “фаняць” рэчы? Аляксандр Галкоўскі кажа: “Не, усе рэчы прайшлі радыяцыйны кантроль. Яны захоўваліся ў хатах, не на вольным паветры, таму “набралі” мала радыяцыі. Перад вывазам з зоны былі адмытыя, і потым яшчэ раз у Мінску, і зноў перад экспанаваннем”. Большасць рэчаў паходзіць з Гомельскай вобласці, але ёсць і прадметы з Магілёўшчыны: Краснапольскі, Слаўгарадскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі раёны. Найчасцей гэта рэчы з пакінутых вёсак. Багацце матэрыялаў, сабраных там, Аляксандр Галкоўскі тлумачыць у кнізе так: “Калі пачалося адсяленне жыхароў з забруджанага рэгіёна, большасць насельніцтва планавала вярнуцца ў свае родныя мясціны. Таму ў дварах людзі пакідалі не толькі разнастайныя гаспадарчыя рэчы, але і сакральныя”.

Як апавядае Барыс Лазука, адмыслова дзеля альбому быў скарэктаваны план Міністэрства інфармацыі. Загадчык упраўлення выдавецкай дзейнасці Алена Паўлава і міністр інфармацыі Лілія Ананіч, разумеючы сацыяльную значнасць выдання, паспрыялі зніжэнню яго кошту для пакупніка: дзяржава ўзяла на сябе частку выдаткаў.

Усе пяць выданняў знайшлі сваіх чытачоў і аказаліся запатрабаванымі. Мабыць, у грамадстве сфармаваўся попыт на навукова-папулярную і навуковую літаратуру ў галіне фальклору ды этнаграфіі. Літаральна пару гадоў таму кнігі з серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, напрыклад, стаялі на паліцах кніжных крам гадамі, а цяпер сітуацыя змянілася, і гэта вельмі файная тэндэнцыя!

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"