Як увайсці ў топ?

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Не аднойчы падчас выездаў у рэгіёны Беларусі мне даводзілася чуць прыкладна такія словы: вось каб нам дапамаглі з грашыма, мы б нашу царкву (касцёл, сядзібу, палац) адрэстаўравалі! Між тым, не сакрэт, што працэс рэстаўрацыі любога старадаўняга аб’екта расцягваецца на гады і патрабуе значных сродкаў, якіх у раённых уладаў часам можа і не быць. Таму зазвычай у такіх выпадках у рэгіёнах спадзяюцца на фінансавую падтрымку з дзяржаўнага бюджэту ды Міністэрства культуры краіны.

/i/content/pi/cult/590/13100/4-22.jpgДык вось, добрая навіна: днямі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікавана пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 “Аб некаторых пытаннях забеспячэння захавання гісторыка-культурнай спадчыны”.

Згодна з дакументам, зацверджаны пералік гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі “0”, “1” і “2”, што знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, а таксама рэлігійных арганізацый, выдаткі па забеспячэнні захавання якіх у частцы капітальных выдаткаў могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту.

Так, у дадзены пералік уключаны 27 аб’ектаў, 6 з якіх адносяцца да катэгорыі “0”. Гэта Троіцкі касцёл у вёсцы Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, ансамбль Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, царква абарончага тыпу ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна, Свята-Ражджэсцвенска-Багародзіцкая царква-крэпасць абарончага тыпу ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна і комплекс былога манастыра езуітаў у Нясвіжы.

Першая катэгорыя таксама шматлікая. Сюды ўвайшлі 8 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны: ансамбль Свята-Успенскага манастыра ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна, Успенскі касцёл у Мсціславе, палаца-паркавы ансамбль — рэшткі былога палаца Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна, комплекс Мікалаеўскага касцёла ў Міры Карэліцкага раёна, замак у Лідзе і рэшткі замка ў Навагрудку, комплекс былога манастыра бернардынцаў у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна і палаца-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна.

Таксама ў дакуменце прадстаўлена 13 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны другой катэгорыі. Гэта комплекс Свята-Ражджэсцвенска-Багародзіцкага манастыра ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, рэшткі былога замка Сапегаў у вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна, царква Параскевы Пятніцы ў вёсцы Збірогі і Міхайлаўская царква ў вёсцы Чэрск Брэсцкага раёна, Нікіцкая царква са званіцай у вёсцы Здзітава і Міхайлаўская царква ў вёсцы Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна, царква Параскевы Пятніцы са званіцай у вёсцы Дзівін Кобрынскага раёна, парэшткі былога палацавага комплекса Сапегаў у Ружанах Пружанскага раёна, Куцейненскі манастыр у Оршы, Успенская царква ў вёсцы Кашавічы Петрыкаўскага раёна, ансамбль былога манастыра езуітаў у Гродне, фрагменты замка ў вёсцы Косава Смаргонскага раёна і фрагменты замка ў Быхаве.

Усё гэта значыць, што пералічаныя аб’екты спадчыны, калі ў іх неабходна будзе зрабіць капітальны рамонт, змогуць разлічваць на грошы з дзяржаўнага бюджэту краіны. Напрыклад, я ўжо неаднаразова пісаў пра тое, што ў Чачэрску Гомельскай вобласці мясцовыя ўлады шукаюць грошы на рэстаўрацыю былой сядзібы Чарнышовых-Круглікавых. Па папярэдніх разліках начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Чачэрскага райвыканкама Юліі Басаргіной, толькі на пачатак работ патрэбна каля 5 мільярдаў рублёў.

Грошы, як бачна, немалыя. Між тым, сядзіба Чарнышовых-Круглікавых мае толькі трэцюю катэгорыю каштоўнасці — гэта значыць, адносіцца да помнікаў рэгіянальнага маштабу. Таму зараз мясцовыя ўлады заклапочаны тым, каб перавесці палац Чарнышовых-Круглікавых з трэцяй у другую катэгорыю. Пасля гэтага сядзіба займее ўжо агульнанацыянальны статус, значыць, для яе рэстаўрацыі могуць знайсціся грошы і ў рэспубліканскім бюджэце.

Тыя ж помнікі, што згаданыя ў пастанове, могуць разлічваць на дапамогу з боку дзяржавы. Думаю, кожны пагодзіцца з тым, што косаўскі палац або манастыр у Юравічах — “перліны” на карце Беларусі. Таму іх (і не толькі) аднаўленне — справа гонару. Ды і пра рост турыстычнага патэнцыялу забывацца не варта. У якасці доказу — адзін факт. Адрэстаўраваныя Мірскі замак ды Нясвіжскі палаца-паркавы ансамбль сёння пастаянна ўваходзяць у топ-5 па наведвальнасці сярод турыстаў Беларусі і замежных краін. Так, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны, у 2015 годзе ў Мірскі замак завітала больш за 300 тысяч чалавек, а ў палац Радзівілаў у Нясвіжы — больш як 400 тысяч гасцей. Кожны з турыстаў пакінуў у названых установах культуры свае грошы як за білеты, так і за сувеніры. Так што “рэстаўрацыйныя” выдаткі магчыма і “адбіць”. Хто ведае, мо з цягам часу ў топ-5 па наведвальнасці ўвойдуць і тыя помнікі спадчыны, якія сёння толькі чакаюць будаўнікоў і рэстаўратараў?

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"