Чалавек без пашпарту, які паспрыяў Багдановічу

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Яўген Чырыкаў, або Сярэбраны век у Мінску
Яшчэ стагоддзе таму знаёмства са знакамітай і паважанай асобай складана было пачаць без рэкамендацыйнага ліста. У сваю чаргу, такія лісты можна было атрымаць таксама толькі за пэўныя заслугі, праз свой аўтарытэт. У выніку будаваліся цікавыя стасункавыя ланцугі, разблытваць якія займальна і сёння. Днямі кандыдат архітэктуры, дацэнт кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Чырыкаў прэзентаваў у рамках выставы сваю кнігу — “Час, які спыніўся”. Пісаў ён каля 20 гадоў, а прысвечана выданне дзядулю аўтара — Яўгену Мікалаевічу Чырыкаву, прадстаўніку эпохі Сярэбранага веку, літаратурную спадчыну якога савецкая ўлада старанна хавала ад публікі цягам многіх гадоў. Сёння ж “чырыкаведы” сустракаюцца і ў Маскве, і ў Чарнігаве, і ў Сімферопалі. І, канешне ж, у Мінску, бо гэты горад стаў пэўнай вехай у біяграфіі Чырыкава.

/i/content/pi/cult/589/13094/14-2.jpgМінск у шэрагу пераездаў

Пісьменнік, драматург, публіцыст Яўген Чырыкаў нарадзіўся ў Казані ў 1864 годзе ў сям’і адстаўнога армейскага афіцэра дваранскага паходжання. У снежні 1887 года ён першы раз арыштаваны як адзін з арганізатараў студэнцкай стачкі і высланы ў Ніжні Ноўгарад без права пражывання ва ўніверсітэцкіх гарадах. Амаль адразу ж Чырыкаў зноў трапляе ў вязніцу: ім публічна была прачытана антыманархічная “Ода імператару Аляксандру III”. Па рашэнні суда малады чалавек быў высланы на 3 гады ў Царыцын, дзе ён пазнаёміўся з Аляксеем Пешкавым, што служыў там на чыгунцы. Затым Чырыкава чакае яшчэ некалькі пераездаў, арышт, вызваленне з умовай “жыць без умяшання ў палітыку” (гэтае правіла ён працягне парушаць), вяселле з будучай актрысай Валянцінай Грыгор’евай. Увесь гэты час Яўген Чырыкаў актыўна публікуецца ў газетах і часопісах, у тым ліку сталічных, са сваімі артыкуламі, вершамі, апавяданнямі, фельетонамі, аповесцямі.

У 1895 годзе сям’я накіроўваецца на шэсць гадоў у Мінск, дзе Чырыкаў атрымаў пасаду на кантролі Лібава-Роменскай чыгункі (паралельна піша раманы “Інваліды”, “Чужаземцы” і іншыя). А потым зноў пераезды — у Яраслаўль, Ніжні Ноўгарад і ў 1904-м у Маскву, аб чым пісьменнік доўга марыў, затым — у Пецярбург. Працуе ваенкарам падчас першай Балканскай вайны і Першай сусветнай. З пэўнымі чаканнямі сустрэў Яўген Чырыкаў Лютаўскую рэвалюцыю, але яе наступствы былі ім асуджаны. У 1920-м сям’я Чырыкавых была вымушана пакінуць сваю радзіму: шлях пралёг спярша ў Канстанцінопаль, Сафію, а потым — у Чэхаславакію. Еўрапейскі спакой і павага з боку рускай дыяспары і чэшскіх уладаў дазволілі Яўгену Чырыкаву цалкам прысвяціць сябе творчасці: з-пад яго пяра выходзяць тры раманы “Звер з Бездані”, “Мой раман. Нататкі бежанца” і “Бацькоўскі дом”, а таксама каля 35 апавяданняў. Адышоў аўтар у 1932 годзе і быў з пашанаю пахаваны ў Празе.

Вярнуўся ў Беларусь… драматургам

Асобнае месца ў творчасці Яўгена Чырыкава займае драматургія. Існуе легенда, што штуршок да захаплення ёй атрымаў наш герой на спектаклі Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра “Дзядзька Ваня”, седзячы ў зале разам з Чэхавым і Горкім і бачачы рэакцыю публікі на дзею. Менавіта тады, у свой кароткі візіт у Маскву з Мінску, Чырыкаў зразумеў, як прыемна бачыць свой твор увасобленым на сцэне. З 1900 года ў яго пачалі выходзіць адна за адной п’есы: “На двары ва флігелі”, “Іван Міроныч”, “Мужыкі”… Самай сцэнічнай, гучнай і ўдалай па праве лічыцца драма “Яўрэі”. Збор матэрыялу і падрыхтоўка да напісання адбываліся ў Мінску, як і дзея самой п’есы. Максім Горкі, даўні сябра Чырыкава, адгукнуўся на тэкст наступным чынам: “… Першы раз у рускай літаратуры з’яўляецца твор, які так слаўна, трапна, дакладна выяўляе адносіны да яўрэяў. Яўген закрануў усё: і адносіны рускіх да яўрэяў і ўзаемаадносіны яўрэяў сацыял-дэмакратаў, сіяністаў, артадаксальных і асімілятараў. І ўсё гэта зроблена — добра, вельмі добра! П’еса заканчваецца трагічнай карцінай пагрому, але і без гэтага яна наўрад ці прайшла б у Расіі праз агульную цэнзуру”. Нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў, драма стала ў 1905-1906 гадах адной з самых рэпертуарных п’ес, яна ішла ў 40 гарадах, праўда, з цэнзурнымі праўкамі. Аднак поўны тэкст тэатралы маглі пачуць у Берліне на сцэне тэатра Дэ Вэстэнс”, а таксама ў Злучаных Штатах Амерыкі. Самай яркай расійскай пастаноўкай была версія Усевалада Меерхольда, які не толькі паставіў драму, але і выканаў там галоўную ролю.

Гісторыя сведчыць, што распрацоўка твора так моцна захапіла Яўгена Чырыкава, што ён вымушаны быў парушаць строгія мінскія парадкі таго часу. Справа ў тым, што ён, чалавек без пашпарту, не мог жыць у гатэлі разам са сваёй жонкай. Таму ён прыходзіў да яе ўпотай, каб абмеркаваць другую, трэцюю, чацвертую дзеі п’есы. Аднойчы ім у дзверы пагрукала паліцыя: Чырыкаву давялося тлумачыць сваю сітуацыю ў самога губернатара. На шчасце, усё скончылася жартам.

“Горкаму ад Салодкага”

Знаходжанне ў Мінску хоць і было для Чырыкава вымушаным, але гэтыя гады ён правёў плённа. Чырыкаў заўсёды ўмеў заводзіць “правільныя знаёмствы”. Менавіта тут ён ацаніў творчасць Лесі Украінкі (яна прыязджала ў Мінск, каб наведаць свайго каханага, аднаго з першых марксістаў на Беларусі, ужо цяжка хворага Сяргея Мяржынскага). Лічыцца, што Яўген Чырыкаў увёў Украінку ў вялікую літаратуру. Пасябраваў пісьменнік і са сваім беларускім калегам — Адамам Багдановічам. І вельмі дапамог яму ў адной справе. У 1896 годзе, пасля смерці сваёй жонкі, Адам Багдановіч вырашае пакінуць Гродна, каб перабрацца ў Ніжні Ноўгарад. Ён звярнуўся да Чырыкава з просьбай напісаць рэкамендацыйны ліст Максіму Горкаму. Ліст быў складзены з гумарам: Чырыкаў падпісаў яго “Горкаму ад Салодкага”. Гэтыя некалькі радкоў Чырыкава павярнулі, як вядома, жыццё сям’і Багдановічаў і скіравалі па пэўным шляху. Адам Ягоравіч вельмі хутка ўвайшоў не толькі ў кола наўгародскай інтэлігенцыі, але і ў сям’ю Горкага, з якім яны пазней нават сталі сваякамі, бо Адам ажаніўся з роднай сястрой жонкі рускага літаратара.

У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваецца чарнавік ліста Адама Ягоравіча да Максіма Горкага, дзе ён просіць сябра дапамагчы мінскаму рэвалюцыянеру Івану Метліну атрымаць пенсію, бо ён не мае сродкаў для існавання. Як потым высветлілі супрацоўнікі музея, Метлін з’яўляўся хросным бацькам Яўгена Чырыкава-малодшага — сына Яўгена Мікалаевіча. Таму гэты колабег стасункаў не аказаўся выпадковым ні для аднаго з удзельнікаў.

Пасля Чырыкава

Прыемна ўсведамляць, што аўтар 17-томнага збору твораў, блізкі сябра Івана Білібіна, Марыны Цвятаевай, Леаніда Андрэева, Яўген Чырыкаў з павагай ставіўся да беларускага краю. Менавіта з яго дапамогай у Мінску было заснавана Таварыства аматараў вытанчаных мастацтваў у 1899 годзе, а ў 1902 — бібліятэка імя Пушкіна, якая існуе і ў наш час.

Яшчэ адна акалічнасць: нашчадкі Чырыкава па лініі яго сына Яўгена ў пасляваенны час вырашылі вярнуцца ў Савецкі Саюз, а калі больш дакладна — то ў Мінск. І сёння ўнук Чырыкава Яўген Яўгенавіч — адзін са старэйшых выкладчыкаў БНТУ, а яго дачка Алена Яўгенаўна Ніціеўская — намеснік дэкана архітэктурнага факультэта.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст