Балетны “Прывал…”: перайсці перавал

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Штогадовыя справаздачныя канцэрты навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа здаўна прыцягваюць увагу не толькі спецыялістаў, але і шырокай публікі. Не сталася выключэннем і сёлетняя вечарына “Малады балет Беларусі”. Паводле добрай традыцыі, яна прайшла на сцэне нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, дзе з новага сезона мы ўбачым лепшых выпускнікоў гэтай навучальнай установы ў якасці артыстаў.

/i/content/pi/cult/589/13092/13-1.jpgМяжа, што аддзяляе “пакуль яшчэ” вучняў ад “сапраўдных” артыстаў, незаўважная: некаторыя з іх і цяпер удзельнічаюць у шэрагу спектакляў. У творчых прафесіях, калі вучоба перацякае ў працу па спецыяльнасці, увогуле не бывае адчування “пераходу праз перавал” — наадварот, абедзве стадыі максімальна збліжаны. А слова “прывал”, якое ў кагосьці можа асацыявацца з гэткай “вылазкай на прыроду”, паходам у час летніх канікулаў, у балеце мае абсалютна дакладнага адрасата — аднаактовы камічны “Прывал кавалерыі”.

Калісьці гэты спектакль упрыгожваў афішу тэатра, нязменна прыносячы гледачам мора пазітыву, усмешак, зачараванне прыгажосцю танцоўшчыкаў і дасканаласцю класічных па. Але ж ці справіцца моладзь?

Насамрэч, сумневаў у апошнім не было: выкладчыкі ў харэаграфічным каледжы могуць, здаецца, навучыць танцаваць нават шафу. А каб з’явілася магчымасць паставіць паўнавартасны спектакль, далучыўся спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дэкарацыі — традыцыйныя, але вельмі стыльныя, без пылу, нафталіну, — намалявалі адораныя навучэнцы яшчэ адной профільнай установы — Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава. Сцэнічныя строі — ад Тэатральных майстэрняў. Дый ішоў спектакль не пад фанаграму, а пад аркестр на чале з дырыжорам Іванам Касцяхіным. І хаця ў гучанні раз-пораз праслізгвалі інтанацыйныя недакладнасці ды іншыя хібы, жывое суправаджэнне надавала класічнаму балету, пастаўленаму Нінай Дзьячэнка, яшчэ большае адчуванне прэм’еры, значнай падзеі. Гэты настрой узмацняла і публіка — дасведчаная, з непасрэднай рэакцыяй на кожны ўдала выкананы складаны рух (такую, на жаль, апошнім часам сустрэнеш на балетах нячаста).

Сярод салістаў вылучалася цэнтральная пара і асабліва вельмі шчыры, з добрай палётнасцю і кранальнай натуральнасцю вярчэнняў трэцякурснік Андрэй Лагуненка. Выканаўцам характарных партый было больш складана: у іх былі такія яркія, запамінальныя папярэднікі, што пераўзыйсці іх уяўляецца немагчымым. Да таго ж, раней камічныя партыі Карнета, Ротмістра і Палкоўніка выконвалі на нашай сцэне надзвычай каларытныя салісты, вельмі адрозныя не толькі паводле свайго ўзросту, але і ўласна па росце, канстытуцыі, манерах. Цяпер гэтая “тройка”, ужо ў сілу аб’ектыўных абставінаў, паўстала гэткай больш цэласнай, але таму і крыху абязлічанай “камандай”, дзе кожны хоча быць “як усе” — так, як гэта бывае ўласціва моладзі. Чым, дарэчы, не новае прачытанне вядомай балетнай калізіі?

Але гэты спектакль, заўважым, толькі завяршаў вечарыну, першае аддзяленне ў якой склала надзвычай адметная канцэртная праграма, складзеная з рознастылявых нумароў у выкананні юных артыстаў розных курсаў і класаў — ад пачаткоўцаў да выпускнікоў. Тут было ўсё: класіка, неакласіка, народны танец (ад цыганскага і яўрэйскага да знакамітай “Лявоніхі” з харэаграфіяй Валянціна Дудкевіча), нават элементы мадэрна. Тое, што ў каледжы цяпер нароўні з класікай актыўна засвойваюць найноўшыя балетныя стылістыкі (і нават штогод робяць асобны “ўнутраны” канцэрт сучасных харэаграфічных кампазіцый), яшчэ больш сведчыць пра ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў да вялікай сцэны, іх гатоўнасць працаваць і складаць добрую канкурэнцыю ў любых пластычна-харэаграфічных кірунках.

Кожны нумар меў сваю адметнасць, удала знойдзеную лексіку, што ўтрымлівала ад аднаго-двух да безлічы цікавых элементаў: “Харэаграфічныя свавольствы” ўсё той жа Ніны Дзьячэнка, якая ўмее знаходзіць “новую прастату” са “сваім тварам”, кранальна гуллівы “Вальс на тысячу тактаў” Вольгі Лапо (гэты нумар некаторы час таму пачынаў своеасаблівае “балетнае прынашэнне” Валянціну Елізар’еву, узнагароджанаму медалём ЮНЕСКА “Пяць кантынентаў”), “Яўрэйскі танец” Юрыя Лапшы са “скульптурным” атачэннем застылых “фотакадраў”. А яшчэ — пастаноўкі лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, маладых харэографаў, якія працуюць у каледжы: “Тата, або той, каго я буду чакаць заўсёды” Дзмітрыя Залескага (адзначым і вельмі эмацыйна насычанае выкананне сямікласніцы Алесі Асташонак), “Тая, што сайшла з карцін Клімта” Сяргея Мікеля (сёлетні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе прафесара Валянціна Елізар’ева, ён меў нядаўна на яе сцэне свой першы аўтарскі вечар). Раптам падумалася: чаму ж сучасную харэаграфію такога ўзроўню мы не бачым у нашым тэатры на сталай аснове?.. Мяркую, варта пра тое падумаць усур’ёз.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"