Імідж бібліятэчнай прасторы

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Хмарачос у аграгарадку і “Ліфт у дэтэктыў-клуб”
Хто пра што, а я пра творчы складнік бібліятэкарскай прафесіі, якая абавязвае генераваць навацыі, крэатыў. Нядаўна вярнулася з калегамі пасля чарговага наведвання філіялаў, у асноўным аграгарадоцкіх, і прывезла ў рабочым нататніку не толькі запісы: рэкамендацыі, заўвагі, — але і сапраўднае задавальненне ад убачанага, у прыватнасці, ад іміджавай эстэтыкі бібліятэчнай прасторы.

/i/content/pi/cult/589/13091/12-2.jpgКожная ўстанова мае аблічча, якое сфармавалася дзе з улікам прыярытэтнага накірунку дзейнасці ці прасторавых магчымасцей, дзе ў адпаведнасці з гісторыяй альбо месцазнаходжаннем. І разумееш, што для стварэння гэткай прыгажосці спатрэбіліся і “мазгавы штурм” метадыстаў, і густ мастака-афармляльніка, і ўменне самога бібліятэкара трапна “разгарнуць” кніжны фонд.

Як можа, напрыклад, чытач-старшакласнік Нарутавіцкай бібліятэкі прайсці міма “Чытай-хмарачоса”, да якога яго прывабліваюць маляўнічыя “Энцыклапедычная вітрына”, “Акно ў вялікую гісторыю”, “Адчыненыя дзверы ў свет навукі і тэхнікі”, “Святло залатой паліцы класікі”, “Ліфт у дэтэктыў-клуб”, “Лабірынты рамантычных гісторый”. Універсальнасць экспазіцыі ў тым, што яна задавальняе разнастайныя інтарэсы маладых чытачоў і раскрывае ўсе магчымасці фондавай калекцыі.

Для маленькіх кнігалюбаў звычайная скрынка выбару кніг пераўтварылася ў “Вежу кнігазнаек”. Дзеці ведаюць звычайна назву казкі, апавядання, а вось аўтара не заўсёды запамінаюць. У нашым выпадку, перш чым нырнуць у “вежу” па кніжкі гістарычнай тэматыкі, пра сяброўства, прыроду, вясёлыя гульні, іх позірк і памяць затрымліваюцца на імёнах пісьменнікаў.

Велізарная кніжная экспазіцыя інфармацыйна-дасугавага цэнтра “Калі жадаеш быць здаровай і гарманічнай асобай” вызначае прыярытэтны кірунак установы. Экалагічны куток і шыкоўны аазіс хатніх кветак больш як пяцідзесяці найменняў — улюбёнае дзецішча бібліятэкара Людмілы Хвядчэні. Берагіня кніжна-кветкавага раю прывабіла ўжо не адно пакаленне кнігалюбаў, якія вырастаюць сярод прыгажосці навыперадкі з трохметровым фікусам і ружовым кустом у квецені, ажурным смарагдава-зялёным плюшчом і велічнай манстэрай.

А вось чытачы Сялецкай сельскай бібліятэкі і яе гаспадыня Таццяна Ліннік ганарацца літаратурна-краязнаўчай гасцёўняй “Вытокі Башты”, сімвалічна названай імем маленькай рачулкі. Гасцёўня раскрывае велізарны краязнаўчы патэнцыял дакументнага фонду па 619-гадовай гісторыі вёскі, прываблівае наведвальнікаў галасамі літаратараў-землякоў Алеся Разанава, Віктара Супрунчука, Міколы Арахоўскага, Восіпа Здановіча... Бібліятэчная ўстанова стала і аб’ектам турыстычнага інтарэсу.

Падчас “Літаратурных дзён-2012” Алесь Разанаў прывёз у бібліятэку, актыўным чытачом якой быў сам у 1950-я, шведскіх літаратараў і будучага нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч. Тут пастаянна бываюць наведвальнікі аздараўленчых летнікаў, беларусазнаўцы, удзельнікі краязнаўчых клубаў, пошукавых экспедыцый. Таму што толькі тут можна ўбачыць арыгіналы дзясятка п’ес і мастацкія палотны Міколы Арахоўскага, унікальны зборнік “Народныя песні мястэчка Сялец”, кнігі, падораныя літаратарамі-землякамі, даследчыя манаграфіі мясцовага краязнаўцы Мікалая Пейгана, калекцыю рэдкіх фотаздымкаў мясцовых жыхароў розных часоў.

У дзень нашых адведзін бібліятэка падзялілася цікавымі знаходкамі па гісторыі самой кніжніцы, якая сёлета адзначае 80-годдзе.

Заўсёды вабіць і здзіўляе госця бярозаўскай зямлі прастора Вайцяшынскай сельскай бібліятэкі, дзе кніга суседнічае з музейным экспанатам — ручніком, беларускім строем, выцінанкай, вышытай карцінай, старажытнымі лапцямі, даваеннай радыёлай. Стары чамадан з падборкай пазнавальнай літаратуры і глобусам дапамагае дзяўчынкам і хлопчыкам вандраваць па неспазнаных краінах, марах і акіянах. Хатняя этажэрка запоўнена кнігамі па дамаводстве, заслана ажурнай сурвэткай і ўпрыгожана каралямі з саломкі, выпадкова пакінутымі незнаёмкай з далёкіх стагоддзяў… Ідзе чалавек у бібліятэку, а трапляе ў атмасферу народнага музея. Дзякуй Вам, паважаная Лідзія Рудзьман, апантаная захавальніца рукачыннага хараства грамадскага музея этнаграфіі і сялянскага побыту з 15-гадовай гісторыяй, за незабыўныя сеансы бібліятэрапіі. Нават знакаміты вандроўнік-”дылетант” Юрый Жыгамонт у свой час здзівіўся багаццю прадметаў “музейнай” бібліятэкі (звыш адной тысячы хай невялікіх, але скарбаў!) і адшукаў рэдкія экспанаты для ўласнай тэлепраграмы, напрыклад, скураныя жаночыя боцікі, так званыя “румынкі”. Музей сапраўды народны (і званне пацверджана дакументальна), таму што ніводнай капейкі на набыццё экспанатаў не выдаткавана. Неабыякавыя жыхары Пескаўскага сельсавета аддаюць “сваёй Лідзе” старыя прылады сялянскай працы, адзежу, сямейныя фотаздымкі, друкаваную прадукцыю мінуўшчыны, дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны…

У інтэр’ер “музейнай чытальні” гарманічна ўпісаўся камп’ютар, які дапамагае бібліятэкару ствараць уласныя электронныя рэтрафотаальбомы, мультымедыяэнцыклапедыі, прэзентацыйныя “ролікі”. Зусім нядаўна Лідзія Іванаўна асвоіла яшчэ і іншую тэхнічную прыладу — касавы апарат, каб камерцыяй займацца.

Калі казаць аб прасторы вясковага жыцця ў колеры, перанесенай у фармат выставы, то раней яна ажывала, у асноўным, ручнікамі, вышыўкамі, вязанымі альбо саламянымі рэчамі. Сёння бібліятэкары і чытачы праз кнігу, часопіс, інтэрнэт асвоілі іншыя, нават “заморскія”, віды прыкладнога мастацтва і працуюць з пацеркамі, стужкамі, рознакаляровымі каменьчыкамі, птушыным пер’ем, папяровай лазой, нават абгорткамі ад цукерак. Прыемна, што сярод умельцаў шмат моладзі, чые работы з аўтарскай індывідуальнасцю, мастацкім густам, палётам фантазіі дэманструюцца на выставах у Малецкай, Светацкай, Пескаўскай, Вайцяшынскай, Першамайскай бібліятэках. Вынікі сумеснай творчасці не толькі прыдаюць эстэтычную эксклюзіўнасць кніжнай прасторы, але і знаходзяць практычнае выкарыстанне. Так у бібліятэкара Алены Бандалет самаробная падлогавая ваза з кветкамі стала святочным элементам выставы да Дня Перамогі. Яе калега Алена Літвінчук прыладзіла вясёлае сланяня-кашпо пад хатнюю кветку, казачны куфар з газетных трубачак захаваў падборку кніжак-малышак, плеценая скрынка спатрэбілася для калекцыі CD-дыскаў. І ўсё зроблена з густам.

Імідж — рэч дынамічная, увесь час патрабуе развіцця. І калі мы распавядаем грамадскасці пра ўнікальныя асаблівасці той ці іншай бібліятэкі, дык не толькі працуем над іміджам, але і пашыраем магчымасці. Здзітаўская бібліятэка абслугоўвае звыш 300 чытачоў і спрыяе сямейнаму чытанню, паколькі на тэрыторыі сельскага савета пражывае шмат маладых сем’яў, у тым ліку мнагадзетных. Дадзенай спецыялізацыяй абумоўлена афармленне візуальнай прасторы, дзе працуе інфармацыйны цэнтр “Сям’я і кніга — сусвет духоўнасці”. Толькі тут вы ўбачыце ўнікальную насценную экспазіцыю “Усе мы — радня” з дваццаці васьмі чорна-белых фотаздымкаў 1920—30-х, прысвечаную радаводу хлебароба Васіля Барушкі з трыццаццю адным спадчыннікам. Толькі ў гэтай бібліятэцы дзейнічае куток ушанавання маці “Любоў нябёсы над табой трымае”, гераінямі якога сталі дзесяць аднавясковак бібліятэкара, мнагадзетнай маці Таццяны Юрковіч.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі