Як у дарослых, але больш шчыра

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Сталічная галерэя “Універсітэт культуры” спрычынілася да мерапрыемстваў Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі UNESCO выставай работ навучэнцаў мінскіх дзіцячых школ мастацтва “Палітра талентаў”. Экспазіцыю склалі ўзоры жывапісу, малюнку, скульптурнай пластыкі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выхаванцаў Дзіцячай мастацкай школы №1 імя Віталя Цвіркі, Дзіцячай музычна-мастацкай школы №1, Дзіцячых мастацкіх школ №2 і №3 сталіцы.

/i/content/pi/cult/589/13090/12-1.jpgУжо тое, што работы, перш чым трапіць на выставу, прайшлі некалькі стадый адбору — спачатку ў родных сценах, потым у галерэі, — сведчыць, што яны лепшыя паводле крытэрыяў навучальнага працэсу. Гэта свайго кшталту рэклама згаданых школ, дэманстрацыя творчага патэнцыялу не толькі вучняў, але і настаўнікаў.

З пабачанага я зрабіў выснову, што стасункі паміж тымі, хто вучыць, і тымі, хто вучыцца, даволі дэмакратычныя. Выкладчыкі не ставяць за мэту загнаць вучняў у жорсткія рамкі стандарту. Хутчэй наадварот  — спрыяюць раскрыццю іх здольнасцей у тым напрамку, які вучні праз спробы і памылкі, асэнсавана ці спантанна самі ж і абралі. Так вучыць цяжэй, аднак вынік навучання праз гэта значна лепшы. Вучні ж у якасці эстэтычных арыенціраў абіраюць сабе не тое адносна шчыльнае кола твораў і творцаў, на якіх ужо не адно стагоддзе трымаецца рэалістычная школа, а бадай увесь даступны нам досвед выяўленчага мастацтва. На выставе пераважаюць работы, дзе сюжэт раскрываецца праз звыклую апавядальнасць. Аднак шэраг аўтараў, прадстаўленых у экспазіцыі, рэалізуюць у жывапісе, малюнку і ўзорах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сваю цікавасць да містыкі і міфалогіі.

Тыя праявы візуальнай культуры, што для бацькоў сённяшніх школьнікаў былі з пэўных прычын увогуле недасягальнымі альбо ўяўлялі экзотыку, зараз наша рэчаіснасць. Інфармацыйны выбух змяніў культурныя прыярытэты, якія дзесяцігоддзямі здаваліся непахіснымі. Пры гэтым у мастацтве неймаверна пашырылася кола ўзораў для запазычанняў і кампіляцый. Прынята лічыць, што першым штуршком да творчасці з’яўляецца ўсведамленне прыгажосці навакольнага свету — наіўнае, але шчырае. Напачатку чалавек не імкнецца інтэрпрэтаваць свет, а толькі намаляваць як ёсць, як бачыць. І гэта, мяркую, абавязковая стадыя ў станаўленні таленту. Але сёння ў нашай рэчаіснасці значна пашырыўся віртуальны чыннік. У выяўленчым мастацтве гэта азначае наступнае: для чалавека з творчымі схільнасцямі становіцца натуральным звяртацца не да ўласных уражанняў і пачуццяў, але да ўжо вядомых інтэрпрэтацый. Карціна на сцяне ці рэпрадукцыя ў альбоме замяняе яму візуальны і эмацыйны кантакт з рэчаіснасцю. І гэта не толькі ў творах сталых мастакоў бачна, але і ў работах дзяцей, што ўпершыню бяруць у рукі пэндзаль ці аловак. Я маю на ўвазе якраз выставу “Палітра талентаў”.

Як па мне, дык няцяжка скласці каталог стылёвых запазычанняў у работах згаданай экспазіцыі. Але ў гэтым няма патрэбы. Хопіць канстатацыі таго, што навучэнцы мастацкіх школ у сваім юным узросце ўжо арыентуюцца ў гістарычных выяўленчых брэндах і могуць, у межах сваёй дасведчанасці і пачатковых прафесійных навыкаў, інтэрпрэтаваць іх для ўласных патрэб. Многае робіцца на падсвядомым узроўні, аднак ёсць і асэнсаваны зварот да тых ці іншых чыннікаў візуальнай культуры. Увогуле выстава адлюстроўвае як стан, так і тэндэнцыі нашага мастацтва не ў меншай ступені, чым экспазіцыі дарослых мастакоў. Хіба што дзеці, у адрозненне ад дарослых, рэагуюць на рэчаіснасць больш эмацыйна і шчыра. Да таго ж, дзіцячая свядомасць не прымае псіхалагічных адценняў.

Часта можна пачуць, што сёння ў Беларусі сюжэтная станковая карціна перажывае крызіс, і хутка папросту не застанецца мастакоў, здольных прафесійна закампанаваць на палатне дзве-тры фігуры. Але, мяркуючы па тым, як шмат надаецца ўвагі сюжэтнай кампазіцыі ў праграме мастацкіх школ (а гэта першая ступень галіновай адукацыі), такі жанр будзе мець у нашым мастацтве працяг. Сюжэты юныя мастакі бяруць як са сваёй рэчаіснасці, так і з кніг. Вартым увагі падаўся мне пейзажны жывапіс, прадстаўлены ў экспазіцыі. Пераважаюць гарадскія матывы, канкрэтна — Мінск. Разам з тым, знак часу, знак адкрытасці свету — краявіды далёкага замежжа, маляваныя з натуры. Скульптура прадстаўлена сціпла, але работамі даволі выразнымі. Яны глядзяцца як эскізы будучых грунтоўных твораў.

Найбольш эфектна глядзіцца раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут дамінуюць прыродныя матывы, увасабленне пор году, вобразы стыхій — вады, зямлі, паветра. Увесь той набор, да якога мы прызвычаіліся на выставах дарослых мастакоў. Цікавым для навучальнай практыкі ўяўляюцца тут вопыт калектыўнай работы, узоры якой прадстаўлены ў экспазіцыі. Цэламу класу выдавалася адна тэма і загадзя агаворваўся фармат, каб зробленае рознымі аўтарамі можна было сумясціць у адзінай кампазіцыі. Атрымаліся даволі эфектныя працы, што вельмі пасуюць выставачнаму кантэксту. Асабліва ў гэтым сэнсе мне спадабалася ткацтва: скампанаваныя разам шэраг міні-габеленаў. Ткацтва — гэта вельмі цяжкая праца і для сталага майстра, не гаворачы ўжо пра падлетка, які толькі распачаў нялёгкі шлях у прафесійнае мастацтва.

Пра большасць удзельнікаў выставы можна сказаць, што яны ўжо маюць веды і навыкі, каб бавіць мастацтвам вольны час і ўдзельнічаць у выставах аматараў. У некаторых жа адчуваецца накіраванасць на далейшую вучобу. Магчыма, праз пэўны час мы пабачым іх сярод студэнтаў нашай мастацкай акадэміі. Пры гэтым яны непазбежна страцяць тую наіўную шчырасць, што вабіць у іх работах дарослых гледачоў, якія ўжо забыліся, што калісьці былі дзецьмі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"