Ці танчылі крывічы “Лявоніху” ?

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

У рамках Грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” Дзяржаўны ансамбль танца пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Валянціна Дудкевіча аб’ехаў аграгарадкі Добрушскага, Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага, Акцябрскага раёнаў, што на Гомельшчыне. 29 красавіка калектыў прадоўжыць удзел у акцыі сваім сольнікам у Канцэртнай зале “Мінск”, а з 28 мая пачне гастрольны тур па Брэстчыне.

 /i/content/pi/cult/158/1309/Ci-tanchyli.jpg

Увогуле ж, усё, што робіць Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, выступаючы ва ўсіх кутках роднай краіны і за яе межамі (дарэчы, 16 і 25 мая яны выступаюць у Францыі), так ці іначай падпадае пад канцэпцыю акцыі “Мы беларусы!”. Летась у жніўні калектыў даў чатыры канцэрты ў Сургуце, куды быў запрошаны тамтэйшай суполкай нашых суайчыннікаў. Пазней, ужо ў межах акцыі, В.Дудкевіч паставіў для іх тры беларускія танцы. Але ж гэта не значыць, што знаны майстра забываецца на свой уласны калектыў. Прыйшоўшы на прэс-канферэнцыю, журналісты аказаліся першымі гледачамі толькі што пастаўленых трох новых нумароў. Сярод іх — “Крывічы”, гэткія, па задуме В.Дудкевіча, скокі-карагоды вакол вогнішча, якімі будзе адкрывацца гала-канцэрт Дня Беларусі на “Славянскім базары ў Віцебску-2008”. Выхаванцам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, былым артыстам Дзяржаўнага ансамбля танца, а цяпер запрошаным балетмайстрам Віталём Моўчанам ажыццёўлена найцікавая лірыка-драматычная кампазіцыя з працоўнай назвай “Праводзіны”, у якой ваенныя матывы вырашаны ў пранікнёна-філасофскім ключы як вечная тэма жыцця і смерці, кахання і расстання. Аляксандрам Аляшкевічам пастаўлена абсалютна новая “Лявоніха” — паводле аднайменнай партытуры Яўгена Глебава, з чаргаваннем разнастайных танцавальных груповак, полістылёвым спалучэннем устойлівых фальклорных элементаў з асобнымі рухамі сённяшняга побытавага танца.

Ідэя стварэння сучаснага беларускага танца, які быў бы цалкам нацыянальным і адначасова спадабаўся б моладзі, на працягу апошняга часу цалкам захапіла В.Дудкевіча. Адной з прыступак да яе стала кампазіцыя “Лянок”, якая выклікала фурор у моладзі.

Тры гады таму пры ансамблі з’явілася школа — звычайная для калектываў падобнага роду практыка. Але прымаюць туды ўсіх, хто пажадае. Найбольш адораныя спрабуюць сябе ў прафесійным рэчышчы, з астатніх вырастаюць удзячныя гледачы, выхаваныя на нацыянальнай танцавальнай пластыцы.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Валянцін
Дудкевіч
пад час рэпетыцыі.