Пакаленне прагматыкаў?

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Новая карціна беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы “25” прысвечана моладзі, якая нарадзілася ў час атрымання незалежнасці Рэспублікай Беларусь — 1990 — 1991 гады. Стужка спрабуе схапіць і зафіксаваць пэўны стан маладой краіны праз лёсы 25-гадовых герояў.

/i/content/pi/cult/589/13088/8-2.jpg

Кадр з фільма “25”.

Іх — характараў — дарэчы, у фільме пяць. І кожны — галоўны. Рэжысёр прызнаўся: “Перш, чым абраў гэтых персанажаў, перагледзеў у сацыяльных сетках больш за сотню чалавек. Ведаў, хто мне патрэбны, і, адпаведна, шукаў падобных людзей”. З гэтай умоўнай сотні (у тым ліку тых, хто спачатку пагаджаўся, а потым адмовіўся) і “выкрышталізавалася” пяць партрэтаў-тыпажоў. Гамяльчанін, які працуе гастарбайтарам у Маскве, магіляўчанка, якая чакае дзіця, юнак з Баранавічаў, што збіраецца з’язджаць за мяжу, вясковы гаспадар з-пад Салігорска і дзяўчына-“развядзёнка” з двума дзецьмі з Мінска. Такая прадстаўнічая геаграфічная выбарка — выдатная асаблівасць рэжысёра, позірк якога пераважна скіраваны на жыццё па-за сталіцай. Але якое тое жыццё? Вось гэта пытанне і ставіць аўтар, скарыстоўваючы пэўную дыстанцыю і метад адхіленага назіральніка, каб урэшце разабрацца з тым, што адбываецца з намі, з краінай не толькі на побытавым, але і на сацыяльным ды метафізічным узроўні.

Ды прыкладу, гісторыя Крысціны. Дзяўчына — сірата, чые прыёмныя бацькі жывуць у Бельгіі. Яна аддала перавагу жыццю на радзіме, у Мінску. Выйшла замуж і нарадзіла першае дзіця ў 19 гадоў, другое — яшчэ праз паўтара года. Развялася. У яе ёсць кватэра, якую ёй прадаставіла дзяржава, яна водзіць дзяцей у садок. Сёння Крысціна падпрацоўвае нарошчваннем веек, але хоча паступіць на юрыста-міжнародніка.

Ілья з Гомеля. Яго скарацілі на мясцовай працы, але ён знайшоў падпрацоўку ў Маскве. Справы пайшлі добра: герой ужо набыў машыну, сёння займаецца тым, што набірае людзей, часам нашмат за яго старэйшых, на вахтавую працу ў суседнюю дзяржаву. “Пакуль гэта часова”, — абяцае ён сваёй дзяўчыне, каментуючы пастаянныя ад’езды.

Саша з вёскі Чапялі, што пад Салігорскам. Хлопец жыве на гаспадарцы, гадуе жывёлу, прадае малако дзяржаве. Рэжысёр дае паглядзець нам і на тое, як герой “апрацоўвае” забітага “кабанчыка”, як балюе з той нагоды. Гэты характар — дакладна ўпэўнены ў сваім наступным дні. Ён не адзін; яго жонка займае ў сям’і нібыта незаўважную, але адчувальную пазіцыю.

Цікава, што, здавалася б, розныя героі маюць у сваіх дамах амаль аднолькавы еўрарамонт; кватэры, лічы, пазбаўленыя індывідуальнасці. Нават мінчанка Крысціна — яе дом недзе ў адным са шматлікіх мікрараёнаў, якія могуць быць, лічы, у любой постсавецкай краіне. Пра такую прастору звычайна кажуць “спальныя раёны”.

Выключэнне, бадай, — Дзіма з Баранавічаў, які працуе інжынерам на заводзе і ў вольны час грае ў метал-гурце. У яго пакоі мы яшчэ заўважаем праявы субкультуры. Але менавіта гэты персанаж атрымлівае візу ў ЗША, каб паспрабаваць сябе на новым кантыненце, і з’язджае. Цікава, што Дзіму, здаецца, амаль усё задавальняла і на радзіме.

Апошні характар — Яна з Магілёва, якая чакае дзіця. На кухні той жа знаёмы еўрарамонт, простая вячэра з мужам — макароны і сасіскі. Дзяўчына прасуе адзенне для будучага малога. На першы погляд, аніякіх праблем, але “позірк” камеры на вясельнае фота Яны выдае нам будучую праблему: партнёр занадта маладзейшы за дзяўчыну на ментальным узроўні. Яго турботы пакуль — зарабіць грошай, а вось абавязкі бацькі — зусім не ў прыярытэце.

Перад намі — сённяшні малады сярэдні клас, прадстаўнікі большасці, якая звычайна не трапляе ў фокус увагі аўтараў, зацікаўленых у пасіянарыях. Але тым больш каштоўным тады становіцца кіно Куцілы, якое перамяшчае цэнтр увагі на гэту прадстаўнічую большасць, з якой таксама складаецца грамадства. Ці не?

Трэба аддаць належнае рэжысёру: яго камера — вельмі далікатны, але пільны інструмент, які “разразае” рэчаіснасць з хірургічнай дакладнасцю. Гісторыі яго герояў — дрэнныя ці нармальныя? Моладзь — актыўная ці пасіўная? Глядач дакладна сутыкаецца з адчуваннем няпэўнасці, збянтэжанасці — што ж адбудзецца потым з гэтай пяцёркай дваццаціпяцігадовых? Якімі будуць іх лёсы?

Мяркую, адказы на прапанаваныя пытанні кожны з гледачоў мусіць знайсці сам. Але, думаецца, гэты “надрэз” паўсядзённасці — важны досвед, які дазваляе ўсвядоміць (ці хаця б паспрабаваць тое зрабіць) сучаснасць “без прыкрас”. Перад намі, усё ж, пакаленне празаікаў, а не паэтаў. Пакаленне прагматыкаў, а не ідэалістаў. Яны глядзяць не ў неба, як у 1960-х, не наперад, як пакаленне 1990-х, — яны глядзяць пад ногі. “Я не раблю прагнозы адносна таго, што адбудзецца з гэтымі людзьмі потым, — адказвае Андрэй. — Я фіксую іх жыццё на дадзеным этапе. Урэшце, хто я такі, каб ведаць, што будзе далей?”. Так, прысуду тут няма, але ёсць адчуванне. Магчыма, прыземленасць “пакалення 25” — гэта тое, што ім і застаецца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"