Навошта новы фольк-фэст?

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Ірэна КАТВІЦКАЯ, спявачка, педагог
9 чэрвеня мы запрашаем на фестываль “Беларускі стыль”. Праграма выступу “завязаная” на трох пунктах: Іван Кірчук прэзентуе традыцыйнае выкананне, “Port Mone” — радыкальны падыход да інтэрпрэтацыі фальклору, “Агата” — ф’южн. Спецыяльнымі гасцямі стануць Ягор Джэйгала з банцурамі (індыйскія флейты) і саўнд-дызайнер Уладзімір Патапенка.

/i/content/pi/cult/589/13085/5-4.jpgМы падаем “Беларускі стыль” як “фестываль”, а не “канцэрт”, бо маем намер зрабіць серыю мерапрыемстваў, аб’яднаных адзіным брэндам: выступ некалькіх гуртоў раз на 4 — 5 месяцаў, майстар-класы для маладых музыкантаў, адукацыйныя заняткі для дзяцей. Менавіта сучасны па форме беларускі стыль, у аснове якога — фольк.

Заняткі для моладзі плануем рабіць разам са школай электронных музыкаў “Аблетон”. Там пачаткоўцы вучацца ствараць уласныя трэкі. Займаюцца гармоніямі і сальфеджыа, дзі-джэінгам (працуюць з вінілам). Педагогі разбіраюцца ў розных накірунках сучаснай музыкі: house, hip-hop, indie, chill out, dub…

З дзецьмі займаемся на базе музея Ваньковічаў, робім мерапрыемствы, прысвечаныя розным святам (Каляды, Масленка, Вялікдзень), каб малыя маглі дакрануцца да традыцыі. За мінулы год прайшло з восем сустрэч. Зараз — перапынак на лета, а ўвосень працягнем. Вядзем перамовы з іншымі музеямі, каб паказваць праграмы і там.

Выступ 9 чэрвеня будзе пробным. Калі добра пойдзе, то плануем запрашаць і аўтэнтычныя, і пост-фольк гурты, якія на добрым узроўні пераймаюць спеўную традыцыю. Паглядзім і на колькасць наведвальнікаў 9 чэрвеня ў зале “Атлант”. Магчыма, некаторыя выступы будуць патрабаваць меншай залы, а іншыя, наадварот, большай. Як кажа мой калега Аляксей Варсоба, камусьці трэба open-air, а хтосьці ў камернай зале найлепш гучыць. Чым больш канцэртаў, фестываляў, руху ў гэтым кірунку наогул, тым лепш. Мы запаўняем нішы, імкнемся прывабіць больш людзей.

Фестываль “Беларускі стыль” плануем як самаакупны. Фінансавымі пытаннямі ў нашай камандзе займаецца Віталь Прастата. Ён ужо 15 гадоў у івэнт-бізнесе, мае ўласнае агенцтва. Білеты раскупаюцца добра, хаця, можа, і не настолькі, як нам хацелася б. Той жа Аляксей Варсоба, напрыклад, лічыць, што беларускі рынак перанасычаны адносна фінансавых здольнасцяў людзей, але неданасычаны канцэптуальна. З гэтым мы і працуем. І, дарэчы, мы адкрытыя для новых ідэй, і новых людзей гатовыя ў каманду ўзяць.

Разумеем, ёсць шэраг правераных часам фольк-фестываляў — “Камяніца”, “Вольнае паветра”, “Купальскае кола”, “Калядны фэст”, мерапрыемствы ў Дудутках… Мы сябруем з арганізатарамі, выступалі на многіх з гэтых фэстаў з гуртамі “Рада” і “Агата”. У нас вядучым будзе лідар “Палаца” Алег Хаменка, які ўжо стаў тварам “Камяніцы”. Пры гэтым не плануем, што “Беларускі стыль” будзе заўсёды весці толькі ён. Наша адрозненне ад астатніх фестываляў — менавіта ў рэгулярнай дзейнасці і разнастайнасці імпрэз.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"