Напярэдадні сходу

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог
Лічу, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам палепшыць наша жыццё — яго матэрыяльную і духоўную платформу. Як вядома, на Усебеларускі народны сход кожныя пяць гадоў выбіраюцца лепшыя з лепшых прадстаўнікоў народа — прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі. І сімвалічна, што сход адбываецца ў адным са знакавых месцаў сучаснай Беларусі — у Палацы Рэспублікі.

/i/content/pi/cult/589/13084/5-3.jpgМне думаецца, што менавіта гэты сход — важная форма дэмакратыі беларускага народа. І таму нельга ставіцца да яго правядзення пасіўна і абыякава. Дарэчы, першы сход, у якім бралі ўдзел каля пяці тысяч дэлегатаў, адбыўся 19 — 20 кастрычніка 1996 года. Так што сёлетні год юбілейны — мы адзначаем 20-годдзе сучаснага беларускага веча.

Што ж змянілася за гэтыя два дзесяцігоддзі? Канешне, многае. Мы сталі сведкамі прагрэсіўных і красамоўных крокаў нашай Бацькаўшчыны наперад. Сярод дасягненняў папярэдняй пяцігодкі нельга не назваць інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, шырокамаштабнае развіццё сістэмы аховы здароўя, адукацыі і культуры. Пры ўсіх складанасцях галоўнай задачай застаецца мадэрнізацыя нацыянальнай вытворчасці на інавацыйнай аснове, стварэнне прамысловага кластара прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія эфектыўна выкарыстоўвалі б танную электраэнергію. Насычэнне бюджэту за кошт высокатэхналагічных тавараў павінна стаць адной з важнейшых задач эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку. Праблемы працаўладкавання, занятасці насельніцтва таксама з’яўляюцца надзённымі. Гэта тое, чым кіраўнікі на месцах павінны займацца штодзённа. Вынікам мае стаць паляпшэнне якасці жыцця беларусаў, павелічэнне дабрабыту.

Народны сход фактычна ўжо пачаўся, бо вылучэнне дэлегатаў  — гэта таксама веча асобна ўзятага прадпрыемства. Гэта вызначэнне прызнаных лідараў, акрэсліванне праблемных пытанняў, якія трэба скрупулёзна абмеркаваць, а таксама тых прапаноў, якія дадуць магчымасць скарэктаваць стратэгію развіцця Беларусі. Традыцыя правядзення такіх форумаў давяла сваю эфектыўнасць. Такая форма стасункаў, рады з народам годна сябе апраўдала.

Зразумела, сход дасць магчымасць пачуць розныя пункты гледжання аб эканамічным развіцці краіны. Тут будзе прадастаўлена магчымасць выказацца прадстаўнікам розных сфер, прычым, як правіла, выяўляецца не асабісты пункт гледжання, а пазіцыя калектыву цэлага прадпрыемства. А пасля разгортваецца дыялог. Гэта і дапамагае абмеркаваць праблемныя моманты, намеціць шляхі іх вырашэння, а таксама абазначыць моцныя і слабыя бакі ў розных галінах.

Мяне як грамадзяніна Беларусі не можа не радаваць, што на сход прыедуць дасведчаныя людзі, якія паказалі сябе ў працы і добра ведаюць, чым жыве наша грамадства, той самы “маленькі” чалавек. Гэта сапраўды самыя яркія прадстаўнікі народа, якія не толькі выйшлі з самай яго гушчы, але і не паехалі па заморскі хлеб.

Канешне, наш народ вельмі мудры, ён бачыць і агрэхі, і недахопы. І не толькі бачыць, але штодзённа імкнецца іх выпраўляць. Сход — гэта адкрыты дыялог кіраўніцтва краіны са сваім народам. Народнае веча дае нам магчымасць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права ўдзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Нельга не ганарыцца тым, што толькі ў адной дзяржаве постсавецкай прасторы кіраўніцтва ідзе на такі шчыры дыялог з народам.

Развіццё навукі, адукацыі і культуры павінна стаць адной з галоўных тэм сходу. Калі мы не будзем удзяляць гэтым галінам належнай увагі, то ў краіны не будзе эфектыўнага руху наперад, тэхнічнага і эканамічнага развіцця. А таленавітай моладзі ў нас хапае: штогод многа юнакоў і дзяўчат нашай краіны становяцца пераможцамі самых прэстыжных міжнародных алімпіяд і спаборніцтваў.

Быць дэлегатам на такім прадстаўнічым форуме — вялікі гонар, але разам з тым і вялікая адказнасць перад насельніцтвам рэгіёна, якое аказала такі высокі давер. Людзям, зразумела, патрэбны годныя лідары і паспяховыя арыенціры.

Нам усім разам трэба вучыцца адчуваць сябе часцінкай свайго народа. Мы самі творым сваю будучыню. Кастусь Каліноўскі сцвярджаў: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”. Справядлівасць гэтага яшчэ і яшчэ раз даказвае традыцыя правядзення народных сходаў на зямлі Бацькаўшчыны.