"Апазнаны" феномен vs. культ карга

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

“Круглы стол” пад назвай “Мастацтва на стыку інтарэсаў” у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў сабраў плойму знаных прадстаўнікоў апошніх. Ды і нагода нядрэнная — падсумаванне вынікаў этапнай і шмат у чым эталоннай выставы “Усё было па-іншаму”. Тым не менш, дыскусія пакінула даволі сумныя ўражанні. Увесь час здавалася, нібы нешта падобнае я недзе чуў. А калі зусім шчыра — сам казаў ці пісаў.

/i/content/pi/cult/589/13082/4-1.jpg

Выставай з рынкавым складнікам стаў леташні "Восеньскі салон...". На здымку работа Міхаіла Гуліна "Мастацтва павінна". / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

“Тубыльскі крыкет”

Як звычайна, гаварылася збольшага пра арт-рынак. Абмяркоўваліся сусветныя тэндэнцыі цэнаўтварэння, гучалі прозвішчы Саачы і Гагасяна, у чарговы раз выказвалася надзея на раптоўны інсайт тутэйшай буржуазіі, пасля якога тая кінецца купляць мастацкія творы. Што характэрна для падобных “круглых сталоў” (а яны ладзяцца з зайздроснай рэгулярнасцю), бадай нікога з прысутных нельга было назваць практыкам у дадзенай галіне. У зале былі мастакі, куратары, крытыкі, а зусім не галерысты, арт-дылеры і калекцыянеры, для якіх гэта тэма з’яўляецца сапраўды прафесійнай і якія кампетэнтныя нешта вырашаць. Таму зразумела, што вынікі сустрэчы, як заўсёды, не здзівілі: не ўпершыню…

Нескладана зразумець, чаму беларускія творцы так ахвотна гавораць пра рынак — часам куды ахвотней, чым, уласна, пра само мастацтва. Тут спрацоўвае стары прынцып: у каго што баліць… А баліць і сапраўды моцна, асабліва калі ўлічыць, што капіталізацыя ў дадзенай сферы блізкая да нуля, прычым гэты стан рэчаў не змяняецца дзесяцігоддзямі. Адпаведна, нават многія мэтры вымушаныя зарабляць сабе на жыццё “чым давядзецца”.

Нельга не прызнаць відавочнага: арт-рынак на Беларусі па-ранейшаму застаецца свайго кшталту фантомам. Гэта з’ява, якая існуе, хутчэй, у свядомасці (а больш дакладна — у марах ды памкненнях), чым у рэчаіснасці. Што, вядома ж, сумна — але не ў навінку. Таму ўзнікае простае пытанне: навошта тады гаварыць пра тое, чаго няма?

Чаму б замест гэтага не засяродзіць увагу на тым, што ёсць — саміх творах і іх стваральніках? Чаму б не падыскутаваць пра асаблівасці візуальных практык і канцэптуальных аўтарскіх стратэгій, узаемадачыненні ідэі і яе экспазіцыйнага ўвасаблення, хісткасць межаў паміж грамадскім ды суб’ектыўным, пошукі каардынат у беларускай і сусветнай культурнай прасторы? Упэўнены: літаральна кожны з прадстаўленых на выставе куратараў і мастакоў мог бы сказаць на гэтыя тэмы шмат цікавага. З задавальненнем паслухаў бы іх.

Падазраю, справа ў нейкай падсвядомай упэўненасці, нібы з дапамогай слова фантом рынку можна чарадзейным чынам аб’ектываваць. Альбо ў памкненнях адпавядаць замежным трэндам: калі там усур’ёз гавораць пра арт-рынак, дык чым мы горшыя? Мастацтвазнаўца Павел Вайніцкі рэзка, але трапна параўнаў такія магічныя практыкі з “тубыльскім крыкетам”: адэпты культу карга старанна імітуюць вонкавыя праявы заходняга ладу жыцця, спадзеючыся, што гэта прывядзе да паляпшэння іх уласнага жыцця.

Толькі вось магія нешта не спрацоўвае. Кракадзіл не ловіцца, не расце какос. Рынак усё ніяк не з’яўляецца.

Напачатку было мастацтва…

З непрыхаванай зайздрасцю прыводзячы замежныя прыклады, мы павінны разумець: арт-рынак у іншых краінах з’явіўся не на пустым месцы, ён мае свой генезіс. І ўзнікненню эканамічных адносінаў заўсёды папярэднічала з’яўленне “тавару” — сфармуляванай і актуалізаванай хаця б у пэўных колах грамадства культурнай з’явы.

Возьмем, напрыклад, маскоўскі канцэптуалізм. На пачатку было мастацтва — кватэрныя інсталяцыі і амаль неаддзельныя ад паўсядзённасці перфарматыўныя практыкі. Потым было мастацтвазнаўства, якое апісвала і класіфікавала гэтыя з’явы, а таксама вялікія выставачныя праекты. А ўжо потым — аўкцыёны, калекцыянеры і сямізначныя лічбы ў доларах.

Альбо згадаем леташні “Восеньскі салон”, які многія крытыкавалі за празмерную “рынкавасць”. Сярод вялікіх і прыгожых карцін з цэннікамі ў беларускіх рублях, у экспазіцыі вісела і пара-тройка маленькіх ды непрыкметных — без цэннікаў. Прафан моцна здзівіўся б, даведаўшыся, што рынкавы кошт некаторых з іх вымяраецца прыблізна ў тых самых лічбах, але ў іншай валюце. А ўся справа менавіта ў тым, што яны прыналежаць да “апазнанага” культурнага феномену — сусветнавядомай “Парыжскай школы”.

Упэўнены, што на айчыннай глебе можна выгадаваць не адзін падобны феномен. Але мы пакуль захраслі на першым этапе: мастацтва ў нас, без сумневу, ёсць, а вось усё, што павінна яму наступнічаць… Зважаючы на хранічную неадладжанасць арт-інфраструктуры, не выпадае здзіўляцца таму, што дыялог з гледачом упарта не выбудоўваецца, а грамадскае ўспрыманне “сучарта” вось ужо якое дзесяцігоддзе вызначаецца фармулёўкай “Не бачыў, але… усё гэта лухта”.

На “круглым стале” эмацыйна абмяркоўваўся сумны факт: на цудоўную выставу прыйшло вельмі мала людзей. Прычына тут не ў складаным мастацкім матэрыяле — пагатоў, і экспазіцыі традыцыйных пейзажаў зазвычай не могуць пахваліцца лепшай наведвальнасцю. Прычына —- менавіта ў недапрацаванасці камунікацый паміж аўтарам і рэцыпіентам, якая характэрная бадай для ўсіх стыляў і жанраў. Альбо, калі адным словам, — у рэкламе і піяры. З першым усё зразумела: рэкламы было мала, і гэта факт. З другім — справа куды больш складаная.

Выстава “Усё было па-іншаму” стала бадай узорным пакуль крокам куратара і мастакоў у кірунку да гледача. Ні на міліметр не зніжаючы інтэлектуальнай планкі (што прынцыпова!), яны імкнуліся дасягнуць сумоўя з тымі, хто гэтага прагнуў: тлумачылі, ладзілі экскурсіі і спецмерапрыемствы для прэсы. Як вынік апошніх — пара-тройка публікацый у духу “я ў сучасным мастацтве нічога не разумею, але нешта ў гэтым, пэўна, ёсць”.

Раней у нас былі журналісты, якія жыва рэагавалі на свежыя ідэі, культуралагічны эпатаж, “вынас мозга”. Іх чытаць было цікава не толькі маленькай купцы інсайдараў. Сёння ж тэма большасці матэрыялаў пра мастацтва (вядома, калі гэта не “скапіпэйшчаныя” прэс-рэлізы) — як прадаць, па якім кошце і чаму не прадаецца.

Цікава, для каго яны пішуцца? Бо шараговаму рэцыпіенту зусім не хочацца быць суб’ектам рынкавых адносінаў — у яго проста няма матывацыі прымерваць на сябе гэтую маску. Яму мала цікава, па чым сёння Хёрст, ён не ведае і ведаць не хоча, хто такі Гагасян, а твор Міхаіла Гуліна ён не купіў бы нават за 100 “у.а.”, бо гэта ладная частка яго месячнага заробку.

Яму патрэбны зусім іншы, нярынкавы, фармат узаемадзеяння з мастацтвам — прасякацца новымі думкамі і эмоцыямі, ставіць нязручныя пытанні да сябе ці да аўтара, урэшце, шчыра абурацца, калі ўбачанае на выставе падаецца яму прафанацыяй.

Менавіта для такіх гледачоў прызначаны расійскія вэб-парталы культурнага профілю. Яны своечасова прыйшлі на змену спецыялізаваным арт-выданням, якія трэба было чытаць са слоўнікамі з усіх галінаў чалавечых ведаў. Магчыма, гэта адна з прычын таго, чаму буйныя выставы сучаснага мастацтва ў Маскве збіраюць натоўпы гледачоў. І нядзіўна, што сярод іх трапляюцца і прадстаўнікі “асвечанай буржуазіі”.

Нагода для зларадства

Уласна кажучы, у такіх “круглых сталах” можна ўбачыць пэўны псіхатэрапеўтычны аспект, асабліва калі ад іх камусьці становіцца хоць трохі лягчэй. Але шкоды яны прыносяць у кожным разе больш, чым карысці.

Пра мастацтва раней было прынята гаварыць “з прыдыханнем” — як пра апрыёры вышэйшае за гэты свет. Цяпер такая танальнасць лічыцца маветонам. Мо яно і правільна, але… На змену прыходзіць іншая крайнасць: казаць пра мастацтва выключна з дапамогай эканамічнай тэрміналогіі.

У выніку, і без таго не надта прывабны вобраз сучаснага мастака ў грамадскай свядомасці спазнае непажаданую трансфармацыю. Яго пачынаюць успрымаць як недарэку, што прагне ўцюхаць поўнае “шыла”, але нічога ў яго не атрымліваецца. Менавіта такім яго бачыць прадстаўнік той самай буржуазіі, які меціць сваю тэрыторыю на форумах папулярных парталаў. І ніякага жадання дапамагчы ў яго не ўзнікае — хіба пазлараднічаць.

Тое, як мы гаворым пра сучаснае мастацтва, — прынцыпова важна. Альбо як пра самадастатковую і самакаштоўную з’яву, што ў лічбах не вымяраецца (прынамсі, яны не першасныя), альбо як пра няўдалы бізнес-праект. Выстава “Усё было па-іншаму”, без сумневаў, належыць да першай катэгорыі. Напэўна, і казаць пра яе трэба было па-іншаму.

Культ карга неэфектыўны хаця б па адной прычыне: жыццё можна палепшыць толькі канкрэтнымі намаганнямі. Упарта садзіць бамбук, лавіць кракадзілаў і з усяе моцы старацца не думаць пра тое, што табе собіла нарадзіцца “не на той” выспе. А разнастайныя магічныя практыкі проста не маюць сэнсу.