З сезона ў сезон

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Напрыканцы мая журналістаў запрасілі на незвычайную прэс-канферэнцыю ў Віцебскую абласную філармонію, прысвечаную закрыццю 27-га канцэртнага сезону. Яе асаблівасць у тым, што мас-медыя спачатку паклікалі на рэпетыцыю “Летняга балю ў казачным каралеўстве”.

Гэтай праграмай завершыцца дзіцячы канцэртны сезон (апошнія спектаклі адбудуцца 4 і 11 чэрвеня). “Летні баль…” арыгінальны тым, што ў ім “змешаныя” ўсе казкі, пастаўленыя на сцэне за сезон, а салісты цягам дзеяння пераўвасабляюцца з аднаго вобраза ў іншы. Па словах галоўнага рэжысёра філармоніі Кацярыны Дыбаль, апошнія тыдні былі насычаны цікавосткамі. Прынамсі, прайшла прэм’ера для юных слухачоў “Са свету па нотцы”. На сцэну выходзіў скрыпач і амаль без слоў — толькі праз музыку — распавядаў дзецям пра свет гукаў. “Для слухача такі ход быў неспадзяваным, але карысным для выхоўвання і навучання дзяцей”, — падкрэсліла прамоўца. А ў Міжнародны дзень абароны дзяцей філармонія саступіла юнаму пакаленню вялікую сцэну. Тут выступалі ўдзельнікі нацыянальных і міжнародных конкурсаў з музычных навучальных устаноў горада.

Філарманічны сезон завяршыцца канцэртам на адкрытым паветры. 15 чэрвеня сімфанічны аркестр разам з салістамі выканае, сярод іншага, музыку з кінафільмаў і мюзіклаў. І хоць філармонія афіцыйна развітаецца з публікай на лета, праца творчых калектываў працягнецца. Прынамсі, на “Славянскім базары ў Віцебску” гараджане і госці фестывалю змогуць паслухаць не толькі заезджых “зорак”. “12 ліпеня актэт балалаек “Віцебскія віртуозы” выступіць з праграмай “Музыка душы”, 16 ліпеня гледача парадуе ансамбль танца, музыкі і песні “Талака”, — праанансавала падзеі галоўны рэжысёр. Зараз жа ідзе падрыхтоўка да невельскіх Бахцінскіх чытанняў. Як запэўніла прамоўца, канцэрты памяці Марыі Юдзінай заўсёды запатрабаваны, яны маюць свайго слухача.

Падводзячы вынікі сёлетняга сезону, Кацярына Дыбаль ахарактарызавала яго як вельмі насычаны. Акрамя традыцыйных канцэртаў, ладзіліся незвычайныя праекты. Напрыклад, упершыню абласная філармонія супрацоўнічала з віцебскай Дзіцячай мастацкай школай № 1: для пастаноўкі “Казак PRO Бармалея” навучэнцы малявалі дэкарацыі. Такі вопыт аказаўся ўдалым. “Таксама мы працягваем узяты летась курс на тэатралізацыю выступленняў, імкнемся зрабіць іх больш тэматычнымі, звяртаемся да юбілеяў. Так, канцэрт на 9 Мая быў прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння Клаўдзіі Шульжэнка і 105-м угодкам Марка Бернэса. Таму і канцэрт да Дня пажылых людзей вырашылі зрабіць такога ж кшталту. Гэтым разам у аснову будзе пакладзены юбілей Ганны Герман”, — зазначыла Кацярына Дыбаль.

Адкрыццё новага сезону традыцыйна прызначана на 1 кастрычніка. Да яго сімфанічны аркестр рыхтуе праграму да 260-х угодкаў Моцарта.

Ірына ШАГАЛАЕВА

Віцебск