Беларуска з“чырвонай зямлі”

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Пра складаны шлях свайго бацькі, а потым і усёй сям’і напісала нядаўна кнігу “Мае карані” этнічная беларуска Зянона Сабчук, якая нарадзілася ў Аргенціне ў 1936 годзе. Прэзентацыя адбылася на гэтым тыдні ў будынку Беларускага таварыства сяброўства і культурных сувязей з замежнымі краінамі.

/i/content/pi/cult/589/13076/3-2.jpg

Зянона Сабчук (злева) і яе дачка Сільвія. / Фота аўтара

90 гадоў таму беларускі хлопец з Баранавічаў Кастусь Сабчук пакінуў сваю радзіму і выправіўся ў Амерыку. Малады чалавек нават дакладна не ведаў, што Амерыка займае два кантыненты і ўключае ў сябе безліч краін, ён проста марыў пра міфічны Новы Свет. Зразумела, што такіх авантурыстаў вярбоўшчыкі лёгка падманвалі, і замест ЗША, якія ўяўляў Канстанцін, ён апынуўся ў Аргенціне. З Буэнас-Айраса ён з суайчыннікамі пераехаў у правінцыю Місьёнас і прыпыніўся ў мястэчку пад назвай Абэра. У той час гэта былі хутчэй субтрапічныя джунглі, чым камфортная для пражывання тэрыторыя. Для апрацоўкі кожнаму селяніну прадаставілі 25 гектараў зямлі. Чырвонай, а не звыкла чорнай. Яе Кастусь асвойваў без адзінага інструмента.

Па роду дзейнасці Зянона Канстанцінаўна, яго дачка, дыпламатычны работнік і грамадскі актывіст. У 1987 годзе яна ўпершыню прыехала ў Беларусь, пра якую чула толькі з аповедаў бацькі. Дзякуючы спадарыні Сабчук, а таксама згаданаму таварыству, наладжаны кантакты паміж дыяспарай і нашай краінай. Менавіта з падачы Зяноны Канстанцінаўны горад Маладзечна знайшоў сабе пабраціма — аргенцінскі Абэра. Гэтыя адносіны былі працягнуты ў 2008 годзе. У тым ліку з дапамогай беларускай дыяспары ў правінцыі Місьёнас быў зладжаны міжнародны праект “Полацкі абярэг”. Яго арганізатар Ніна Ярмух і да гэтых часоў цёпла ўспамінае гэту акцыю і спагадлівасць Зяноны Сабчук.

Першай лацінаамерыканскай спявачкай на Міжнародным фестывалі мастацтва “Славянскім базары ў Віцебску” стала дачка Зяноны Сільвія, якая прыехала сюды ў 2002 годзе ў часы жудаснага эканамічнага крызісу ў Аргенціне. Але маці знайшла грошы для гэтага ваяжу. Гэтым разам, прымеркаваным да прэзентацыі кнігі “Мае карані”, жанчыны ўзялі з сабой у Беларусь Вікторыю, дачку Сільвіі. Дзяўчына прызналася, што адразу закахалася ў Мінск.

Як вядома, больш за тры мільёны беларусаў раскідана сёння па свеце. І мала хто з іх з’яўляецца гэткай жа яркай персонай, як Зянона Сабчук, якая ў чэрвені адзначае сваё 80-годдзе.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст