“Маркеры” і грошы на іх

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Якія “персанальныя” помнікі з'явяцца неўзабаве
У сучасным інфармацыйным віры лёгка заблукаць, асабліва моладзі, якая яшчэ не навучылася выбіраць з плыні найбольш важнае. Асабліва тое тычыцца гісторыі краю. Зрабіць яе больш даступнай, замацаваць візуальны вобраз у звязцы з інфармацыйнай насычанасцю дапамагае манументальная пластыка — маркер нацыянальнай памяці і культуры.

/i/content/pi/cult/589/13075/2-2.jpgМесца пад сонцам

Адно з самых напоўненых пластыкай месцаў у Мінску з’яўляецца Верхні горад. Да чарговага дня нараджэння сталіцы для названай прасторы народны мастак краіны Леў Гумілеўскі рыхтуе скульптурную кампазіцыю, прысвечаную пісьменніку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і ягонаму сябру кампазітару Станіславу Манюшку. Па задуме аўтара, хутка два творцы размесцяцца на лаўцы ў скверыку ля Ратушы, драматург будзе чытаць суседу новы твор, а кампазітар задумвае новую партытуру. Прастора для ўсталявання абрана знакавая: акурат насупраць наноў адбудаванага гатэлю “Еўропа”, на месцы якога некалі быў гарадскі тэатр, там і адбылася напрыканцы ХІХ стагоддзя прэм’ера оперы “Сялянка” за іх аўтарствам. Задума шыкоўная: на Плошчы Свабоды шпацыруюць турысты, з пачаткам сезону опэн-эйраў іх тут у разы пабольшае. Ды і мясцовым жыхарам не зашкодзіць аднавіць у памяці (а каму і ўпершыню пачуць) гісторыю дадзенага месца. Адно што: ваколіцы Ратушы і без таго насычаныя як манументальнай, так і гарадской скульптурай. І вельмі не хацелася б, каб пра гістарычны цэнтр Мінска склалася ўражанне, што ў адным пункце густа, а ў іншым — пуста….

Тым часам першы намеснік начальніка па пытаннях культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Баранок прывяла свежы прыклад таго, як гараджане прапанавалі папулярызаваць вобраз Анастасіі Слуцкай (помнік яе ўнучцы Сафіі ўжо не першы год радуе случчан). Не так даўно пра зямлячку, якая кіравала абаронай горада ў час нападу татар, ведалі амаль адны навукоўцы. Але пасля выхаду ў свет стужкі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” тут з цікавасцю пачалі распытваць і пра Анастасію. Летась Міністэрства культуры краіны і Слуцкі райвыканкам правялі конкурс на лепшае скульптурнае ўвасабленне гістарычнай постаці. Пераможцам стаў член Беларускага саюза мастакоў Сяргей Аганаў. На стварэнне помніка выдаткавана 500 мільёнаў беларускіх рублёў, палову з якіх накіроўвае Мінкультуры.

Уважліва вывучалася месца ўсталявання помніка. З “ваколіцамі” хутка вырашыліся: фонам для фігуры стане былы ГДК, які цягам часу перабудуюць у Палац шлюбаў. Зразумела, скульптура павінна чытацца ў гарадскім ландшафце. Тут усё сышлося: цэнтр горада, непадалёк рэчка, значыцца, ля Анастасіі заўсёды будзе шматлюдна. З адкрыццём ЗАГСу фатаграфавацца на фоне новага твора стануць не толькі турысты, але і шматлікія вясельныя працэсіі. Добра давялося паламаць галаву, каб знайсці найбольш асветленую сонцам кропку, дзе на працягу дня можна было рабіць добрыя здымкі. Як запэўніла мяне Святлана Баранок, усе асноўныя пытанні ўжо вырашаны, і Анастасія Слуцкая павінна з’явіцца перад вачыма суайчыннікаў у верасні, калі Слуцк будзе ладзіць урачыстасці да 900-х угодкаў горада.

Быў ці не быў?

Звяртацца па параду да спецыялістаў — архітэктараў, гісторыкаў і краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў і дызайнераў — неабходна не толькі, каб вызначыцца з мастацкім рашэннем ці дакладна вызначыць месца пастаноўкі манументу. Улічваць іх меркаванне варта яшчэ на першай стадыі, калі заказчык выбірае персанаж для будучай работы. Каб не сталася раптам, што хацелі як лепш, а атрымалася, як атрымалася… У гэтай сувязі на розум прыходзіць помнік Аляксандру Неўскаму. Яшчэ ў 2009 годзе Віцебскі гарвыканкам зладзіў конкурс на лепшую выяву гэтага дзеяча. Тады перамаглі мясцовыя скульптары Аляксандр Гвоздзікаў і Іван Казак. Пасля да тандэму далучыўся сталічны скульптар Яўген Колчаў. Віцебскія чыноўнікі палічылі, што памяць князя можна ўшанаваць у Віцебску, бо ён вянчаўся са сваёй жонкай Аляксандрай у мясцовай Дабравешчанскай царкве. Але многія гісторыкі лічаць прыведзены факт не больш за прыгожую легенду… У выніку, некалькі гадоў на Плошчы Тысячагоддзя Віцебска красаваўся адзін толькі пастамент, на якім камунальнікі высаджвалі кветкі, а праект праходзіў шматлікія ўзгадненні. (Для параўнання: замоўленая ў тым жа 2009 годзе скульптура князя Альгерда мясцовага скульптара Валерыя Магучага ўрачыста падорана Віцебску яшчэ два гады таму). І ўсё ж помніку быць: па словах спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Андрэя Бялецкага, зараз ідуць работы па яго мантажы. Заказчыкам скульптуры выступіла Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка.

На кім пакуль эканомім?

Дарэчы, Мінская вобласць багатая на разнастайныя скульптурныя праекты. За апошнія гады, напрыклад, у Мядзеле ўстанавілі першы ў краіне помнік народнаму паэту Беларусі Максіму Танку, у Заслаўі да Дня беларускага пісьменства-2014 адкрылі помнік Ізяславу-кніжніку. У Стоўбцах мараць, каб налета ў іх з’явіўся помнік Якубу Коласу. Не адстае Магілёўшчына: летась у Шклове апладзіравалі помніку вялікаму савецкаму акцёру, выхадцу з гэтых месцаў Пятру Алейнікаву. А ў Бабруйску напрыканцы чэрвеня акурат у дзень горада ля кінатэатра “Таварыш” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка земляку — пісьменніку, сцэнарысту і кінарэжысёру Эфраіму Севелу (які прысвяціў роднаму гораду кнігу “Легенды Інваліднай вуліцы”). Фінансуюць яго ўзвядзенне былыя бабруйчане, якія даўно перабраліся ў ЗША. Аўтарам пластычнага вобразу стаў мясцовы скульптар Іван Данільчанка.

На жаль, не ва ўсіх рэгіёнах (скажам, на Брэстчыне), парадавалі навінамі пра новую манументальную пластыку. Ва упраўленні культуры Гомельскага аблвыканкама галоўны спецыяліст аддзела мастацтва і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Сяргей Разанаў распавёў пра падрыхтоўку мемарыяльнай дошкі маршалу Георгію Жукаву ў Мазыры, памятнага знака на Жыткавіччыне ў памяць аб загінулых у Вялікую Айчынную жыхарах вёскі Пагост (гэты праект фінансуецца аб’яднаннем “Беларусы Масквы”, у склад якога ўваходзяць і выхадцы з дадзенага раёна). На стадыі перамоў адкрыццё мемарыяльнай дошкі Уладзіміру Караткевічу ў Рагачове на Дзень беларускага пісьменства ў верасні, але пакуль усё ўпіраецца ў грашовыя сродкі… Праз тое пытанне пра з’яўленне новых манументальных кампазіцый у гонар гістарычных постацяў на Гомельшчыне нават не стаіць…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"