Платна ці бясплатна-2: галоўнае пытанне “Ночы музеяў—2016”

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

У мінулым нумары “К” мы разважалі пра тое, ці патрэбна айчынным установам, якія ўдзельнічаюць у міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, рабіць платным уваход на свае мерапрыемствы. Справа ў тым, што ў Еўропе, адкуль і цягнуцца “карані” названай падзеі, усе мерапрыемствы ў гэтыя дзень і ноч — бясплатныя для наведвальнікаў. Такім чынам музеі спрабуюць прыцягнуць увагу да сябе як з боку тых, хто ўвогуле не завітвае ў музейныя ўстановы, так і пашырыць кола сваіх сяброў ды аднадумцаў.

/i/content/pi/cult/589/13071/4-1.jpgУ Беларусі ж, як вядома, сітуацыя адваротная. Вольны ўваход практыкуецца ў Міжнародны дзень музеяў 18 мая, а вось акцыя “Ноч музеяў” зазвычай праводзіцца на платнай аснове. Гэта робіцца, па-першае, з-за плана платных паслуг устаноў культуры, а па-другое, з-за камерцыйных выстаў ды запрошаных калектываў, працу якіх, зразумела, трэба аплаціць. Акрамя таго, варта ўлічыць той факт, што бясплатны ўваход прыцягнуў бы шмат людзей, а між тым будынкі айчынных музеяў проста не разлічаны на натоўпы наведвальнікаў і турыстаў. Таму грошы за білеты — гэта, можна сказаць, пэўная засцярога музейшчыкаў ды бяспека для тых, хто завітае на імпрэзу.

Але, што ні кажы, пытанні застаюцца. Каб не быць галаслоўнымі і не спасылацца толькі на асабісты суб’ектыўны погляд журналістаў, “К” патэлефанавала некаторым кіраўнікам рэспубліканскіх і раённых музеяў наконт пытання, вынесенага ў загаловак матэрыялу, а таксама ў Міністэрства культуры краіны. Меркаванні апытаных спецыялістаў атрымаліся рознымі, з чаго вынікае, што і ў музейнай супольнасці адзінага адказу на пытанне “Платна ці бясплатна” сёння не існуе…

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі:

— Па-першае, бясплатным ніколі нічога не бывае. Па-другое, бясплатнасць параджае утрыманцаў. Таму я — за платны ўваход у нашу ўстанову падчас “Ночы музеяў”. Бо мы і так адчыняем свае дзверы для наведвальнікаў на бясплатнай аснове кожны месяц, а таксама ў Міжнародны дзень музеяў. У Еўропе ў Ноч музеяў робяць тое самае: адчыняюць дзверы — і ўсё. А мы падчас названай міжнароднай акцыі ладзім канцэрты, імпрэзы, арт-праекты і гэтак далей. Гэтага, паўтаруся, на Захадзе не робяць.

Усё мае сваю цану, ды і план платных паслуг у нас таксама ёсць. Таму аддаць за ўваход у музей 75 ці 100 тысяч ды, акрамя выставы, пабываць на цікавых мерапрыемствах, — гэта слушна. Да таго ж, кожны ведае: у “Ноч музеяў” да нас ідуць, у нас стаяць чэргі ў касы і на ўваходзе ва ўстанову культуры, і бывае, што не ўсе, хто хоча да нас патрапіць, можа гэта зрабіць.

І яшчэ адно. Без платы да нас будуць ісці ўсе, хто заўгодна. Між тым на платнае мерапрыемства, перакананы, прыйдуць толькі тыя, каму гэта цікава, тыя людзі, хто сапраўды жадае атрымаць асалоду ў гэты дзень і вечар. Вось чаму плата за ўваход у Нацыянальны мастацкі музей на “Ноч музеяў”, мяркую, будзе заўсёды.

Алена ЛЯШКОВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:

— На “Ноч музеяў” уваходны білет у нашу ўстанову каштаваў сімвалічную тысячу рублёў. Гэта наша прынцыповая пазіцыя: як я лічу, калі мы ўдзельнічаем у агульнаеўрапейскай акцыі, дык павінны адпавядаць тым жа крытэрыям і падыходам, што выкарыстоўваюць нашы калегі ў Еўропе. А там, як вядома, “Ноч музеяў” цалкам бясплатная для наведвання.

Па білетах да нас зайшло больш за 2 тысячы чалавек, хаця, як падаецца, у музейным двары, на вуліцы, было значна больш людзей. Мы арганізавалі выступленні чатырох творчых калектываў, а таксама ладзілі разнастайныя мерапрыемствы і майстар-класы. І, натуральна, былі экскурсіі па музеі. У гэтай працы нам вялікую дапамогу аказалі валанцёры. Яны, дарэчы, таксама дапамагалі рэгуляваць колькасць наведвальнікаў ва ўстанове: калі мы бачылі, што людзей у пэўны прамежак часу ў музеі шмат, дык часова перапынялі ўваход для новых гасцей. Але, падаецца, так рабілася і робіцца заўсёды пры вялікіх акцыях.

Для таго, каб аплаціць працу гукарэжысёра і двух калектываў, давялося выкарыстаць сродкі пазабюджэтнага фонду. Выступленні яшчэ двух калектываў аплаціў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Цэнтральнага раёна Мінска, з якім мы сумесна і зладзілі “Ноч музеяў”… Нягледзячы на тое, што, такім чынам, мы аказаліся “ў мінусе” па грошах, у іміджы ды рэкламе мы, несумненна, “у плюсе”. Нашу музейную ноч неаднаразова згадвалі добрым словам у інтэрнэце, мы займелі новых сяброў і далучылі да свайго музея дзясяткі і сотні наведвальнікаў. А гэта, мяркую, і ёсць тое, дзеля чаго варта ладзіць “Ноч музеяў”…

Алег РЫЖКОЎ, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:

— Лічу, што высокая плата за ўваход не спужала наведвальнікаў: да нас па білетах прыйшло больш за тысячу чалавек, і ўстанова культуры, такім чынам, зарабіла больш за сто мільёнаў рублёў за адну толькі “Ноч музеяў”. Але асноўныя мерапрыемствы міжнароднай акцыі ладзіліся ў музейным дворыку з 12-й дня да 1-й гадзіны ночы і былі абсалютна бясплатнымі. А гэта і канцэрты, і майстар-класы, і забаўляльная праграма для дзяцей, і продаж сувенірных вырабаў, і кухня. Усё гэта, да слова, адбывалася ў рамках арт-праекта “Сула. Непарыўнае”. Па маіх падліках, на бясплатную пляцоўку завіталі тысячы мінчан і гасцей сталіцы, і што асабліва радуе — многа сямейных пар.

Я вельмі пазітыўна стаўлюся да таго, што ў Еўропе асноўныя мерапрыемствы “Ночы музеяў” — бясплатныя для наведвальнікаў. Мы таксама пайшлі гэтым шляхам: паўтаруся, асноўныя мерапрыемствы міжнароднай акцыі ў нас былі таксама з вольным уваходам для ўсіх, прычым як каля Нацыянальнага гістарычнага музея, так і каля нашых філіялаў. Адчыніць жа дзверы ў сам музей на бясплатнай аснове мы не можам з-за наяўных тэхнічных магчымасцяў: у нас няма кругавога праходу праз усе музейныя залы, і людзі, якія завітвалі б у нашу ўстанову, проста перашкаджалі адзін аднаму і атрымлівалі ад наведвання не пазітыўныя эмоцыі, а адзін дыскамфорт. Нам таксама трэба памятаць пра бяспеку наведвальнікаў.

Да слова, шмат гасцей прыйшло ў “Ноч музеяў” і ў нашы філіялы. Таму ў мяне з’явілася ідэя наконт таго, каб праз год паспрабаваць увесці адзіны білет, які прадастаўляў бы права ўваходу ва ўсе “кропкі” Нацыянальнага гістарычнага музея. Цяпер будзем думаць, як гэта лепш зрабіць тэхнічна. Што да транспарту, які б у музейную ноч дастаўляў наведвальнікаў ва ўпадабаныя імі музеі, дык гэта добрая прапанова. Адно што пытанне гэта не да мяне, а да гарадскіх улад: калі яны захочуць такім чынам паўдзельнічаць у “Ночы музеяў”, думаю, усе сталічныя музейшчыкі будуць гэтаму толькі рады.

Пятро ЦАЛКА, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава ў Гомелі:

— Сёлетняя “Ноч музеяў“, як і папярэднія, была бясплатнай. Гэтаму ёсць адна прычына: у нашай установы ёсць мецэнат, былы жыхар Веткі, які цяпер жыве ў Гомелі і дапамагае нашаму музею. Дзякуючы ягонай падтрымцы ў 8 мільёнаў рублёў, мы змаглі сёлета запрасіць і калектывы, і замовіць банеры, і рэкламныя ўлёткі, а таксама набыць усе неабходныя матэрыялы для арганізацыі дзіцячай пляцоўкі: фламастары, фарбы, паперу, крэйду і шмат іншага.

У “Ноч музеяў” да нас завітала звыш 2 тысяч чалавек, і ўсе яны былі прыемна здзіўлены тым, што музейная праграма была бясплатнай. Але гэта наш імідж, які не вымяраецца грашыма. Названая акцыя, на мой погляд, дазволіла прыцягнуць да ўстановы культуры ўвагу тых людзей, якія зазвычай у яе не заходзілі або ўвогуле пра нас не ведалі. Так што мы атрымалі ад гэтай музейнай акцыі галоўнае: новых наведвальнікаў і сяброў.

Да слова, на ўваходзе ў нас заўсёды ляжыць сшытак, у якім можна запісаць сваю электронную пошту. Пасля робім для гэтых людзей сваю традыцыйную рассылку, паведамляючы пра новыя музейныя выставы і акцыі. Акрамя таго, пра свае мерапрыемствы распавядаем і ў сацыяльных сетках. Бо толькі дзякуючы рэкламе мы можам разлічваць на пастаянны прыток у музей як сталых, так і новых наведвальнікаў. І “Ноч музеяў” у гэтым таксама вельмі дапамагае…

Валянціна МАКАРАВА, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— "Ноч музеяў“ запатрабаваная сярод жыхароў Беларусі. Я бачыла, што і ў Нацыянальным мастацкім музеі, і ў Нацыянальным гістарычным людзей было вельмі шмат. Усюды ладзіліся самыя разнастайныя акцыі і імпрэзы, на якіх прысутнічалі як людзі сталага, так і маладога веку, а таксама, канешне, дзеці.

Нагадаю, айчынныя музеі раз на месяц адкрываюць свае дзверы для вольнага ўваходу ўсім наведвальнікам на асноўную экспазіцыю, а 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, названыя ўстановы таксама працуюць бясплатна, у тым ліку і ладзячы шэраг мерапрыемстваў. У саму ж “Ноч музеяў” установам культуры трэба аплаціць працу гукарэжысёраў, запрошаных калектываў, выкарыстаныя матэрыялы і гэтак далей. Акрамя таго, натуральна, не трэба забывацца пра выкананне плана платных паслуг, які сёння даведзены кожнаму музею. Адсюль — і плата за ўваход на асноўныя мерапрыемствы “Ночы музеяў”.

Але варта адзначыць і вось яшчэ што: ва ўсіх мінскіх музеях былі прадугледжаны бясплатныя пляцоўкі, ладзіліся агульнадаступныя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў, дзейнічала сістэма зніжак... Таму кожны, на маю думку, мог выбраць для сябе тую падзею, якую яму хацелася наведаць…

 

Што галоўнае: увага або грошы?

Журналісты “К” пра неабходнасць платы ў час “Ночы музеяў”

Журналісты “К”, натуральна, неаднаразова наведвалі і будуць наведваць мерапрыемствы “Ночы музеяў”. Таму іх меркаванні — таксама своеасаблівы vox populi, які мы вырашылі сабраць на адной паласе разам з меркаваннямі спецыялістаў музейнай сферы.

Надзея БУНЦЭВІЧ:

— Думаю, справа тут не ў кошце білетаў і ўвогуле не ў грошах, а ў той мэце, якую пераследуе ўстанова культуры (у дадзеным выпадку — музеі). Што такое “Ноч музеяў” для арганізатараў: магчымасць прыцягнуць да сябе ўвагу наведвальнікаў ці дадатковы канал для выканання эканамічных паказчыкаў? Адпаведна, рознымі будуць і шляхі. Хаця… зарабляць грошы таксама можна па-рознаму! Можа, у таго ж Мастацкага музея разлік быў на параўнанне? Класічны прыклад: каб хутчэй што-небудзь прадаць, побач ставяць два прылаўкі з адным і тым жа таварам, але розным коштам. Параўнаўшы, пакупнікі літаральна “размятаюць” больш танны. А непамерны кошт на другім прылаўку — сродак прыцягнуць увагу менавіта да гэтага тавару. Перанёсшы гэту сітуацыю на музей, атрымаем наступнае. Убачыўшы астранамічныя лічбы, многія (і найперш тыя, хто тут ніколі не былі) падумаюць: цікава, што ж там такое, калі каштуе так дорага? І, параўнаўшы “начны” цэннік са звычайным, дружна рушаць у музей… крыху пазней.

Кошт, да ўсяго, яшчэ і моцны сацыяльны рэгулятар. Калі музей просіць за ўваход мінімальную суму, ён тым самым запрашае да сябе шырокія колы насельніцтва, — у тым ліку моладзі, студэнцтва, пенсіянераў, дзеячаў культуры. Калі ж выстаўляе на цэнніку значную “сумачку грошай”, дык разлічвае на абмежаваную колькасць забяспечаных грамадзян, для якіх той “культпаход” стане своеасаблівым паказальнікам іх фінансавых магчымасцяў: маўляў, магу сабе дазволіць — у адрозненне ад некаторых. Пэўна, такім чынам можна пазнаёміцца з патэнцыйнымі спонсарамі. Але пашырыць кола зацікаўленых наведвальнікаў — наўрад ці. Для апошняга патрабуюцца дні адчыненых дзвярэй, якія музеі ўсяго свету і беларускія ў тым ліку практыкуюць раз на месяц.

Вольга РОПАТ:

— Канешне, добра, калі ўваход у музей на Міжнародную акцыю “Ноч музеяў” вольны. На мой погляд, так і павінна быць, тым больш што акцыя праводзіцца адзін раз на год. Але, як мне падаецца, не кожны музычны калектыў будзе некалькі гадзін працаваць за “дзякуй”. Нават самае шчырае. І яшчэ адзін момант: не хочацца, каб “храмы мастацтва” пераўтвараліся ў месца забаў. Думаю, не зусім правільна ў сценах музея праводзіць, скажам, чэмпіянаты па камп’ютарных гульнях і тое, што не тычыцца асветы.

Алена ЛЯШКЕВІЧ:

— Як па мне, дык хай бы на “Ночы музеяў” выступалі маладыя гурты і малавядомыя лектары, што згодныя рабіць гэта задарма. Музей браў бы грошы за ўваход на экспазіцыю як звычайна, ці рабіў бы ўваход вольным. Тады гэта было б сапраўднае свята, даступнае ўсім. З іншага боку, трэба ж неяк рэгуляваць колькасць ахвотных трапіць у музей. Выйсцем маглі б з’яўляцца вулічныя імпрэзы. Але не ўсе музеі маюць адпаведную прастору. Таму палка, як заўжды, на два канцы.

Настасся ПАНКРАТАВА:

— Гэта міжнародная акцыя ўсё ж задумвалася дзеля своеасаблівага рэбрэндынгу музеяў: зрабіць установы моднымі, незвычайным спосабам прывесці ў залы моладзь, даказаць, што сучасная музейная прастора мае вялікі патэнцыял і рыхтуе для зацікаўленых шмат цікавостак. Добра, калі бясплатна альбо хаця б па адзіным білеце за сімвалічныя грошы можна ўсю ноч пераходзіць ад адной пляцоўкі да іншай, занурацца ў арыгінальныя праграмы і адкрываць адметнасці кожнага з музеяў. Сёлетняя акцыя адмоўна здзівіла мяне коштам на білеты… Я заўсёды любіла “паўночныя” акцыі ў Нацыянальным мастацкім, але аддаць за чацвярых 400 тысяч — немалыя грошы для сямейнага бюджэту. І адразу стала зразумела, што больш за адну пляцоўку мы не пацягнулі б…

Выратаваннем “Ночы…”, якая для мяне ўжо магла б і не адбыцца, стала запрашэнне на бясплатную вечаровую экскурсію па Мінску ад радыё “Юністар”. Краязнаўца Іван Сацукевіч так харызматычна, палымяна і на беларускай мове раскрываў сакрэты гістарычнага цэнтра сталіцы, што ў некалькі разоў павялічыў натоўп слухачоў — на пешаходнай экскурсіі да тых, хто запісаўся папярэдне, далучаліся і мінакі. Маё глыбокае перакананне: акцыя павінна быць даступная для розных слаёў насельніцтва. Тады сапраўды ў музеях павялічыцца колькасць наведвальнікаў і ў звычайныя дні.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ:

 — Я крытычна стаўлюся да самой ідэі “Ночы музеяў”, таму пытанне, платным ці “халяўным” мусіць быць начны шпацыр па такой установе культуры, для мяне другаснае. Лепш, каб гэтага ўвогуле не было. Разумею, што сама ідэя нарадзілася невыпадкова: такім экзатычным чынам музейшчыкі хацелі пашырыць сваю аўдыторыю, распаўсюдзіць культурны ўплыў на тых, каму той музей па жыцці, бадай, увогуле непатрэбны. Зноў жа, як мне падаецца, ёсць у гэтай справе і прагматычны разлік на тое, што зазірне сярод ночы наведвальнік у музей задарма, зацікавіцца, і прыдбае карысную звычку рэгулярна хадзіць і надалей. Ужо за грошы.

Мастацтва, што ні кажы, гэта раскоша. А раскоша, паводле вызначэння, не можа быць “халяўнай”. Таму я за тое, каб за наведванне мастацкіх музеяў плацілі заўсёды, хоць ноччу, хоць днём. Для іншых, немастацкіх, магчымыя варыянты.

А ўвогуле я лічу, што тыя музеі, што з’яўляюцца візітоўкай дзяржавы, не павінны займацца заробкам грошай, не трэба ім абавязкова быць прыбытковымі, рэнтабельнымі. Яны іншую функцыю маюць. Шырокавядомыя, брэндавыя музеі ўжо сваім існаваннем робяць прывабнымі горад, рэгіён, краіну. А вось на гэтай прывабнасці можна і трэба рабіць бізнес. Інакш кажучы, музей сам грошай не зарабляе, але спрыяе ў гэтай справе іншым.

Аліна САЎЧАНКА:

— “Ноч музеяў” — імпрэза, ужо ўпісаная ў сусветную гісторыю культуры. Праводзіцца яна з 1997 года — бясплатна і дзеля прасоўвання музеяў у грамадстве. Мне падаецца, тут можна было б паставіць кропку, бо гэту акцыю прыдумалі не мы, таму, пераняўшы, павінны выконваць яе ўмовы. У адваротным выпадку гэта будзе ўжо не “Ноч музеяў”, а беларускае вынаходніцтва, якому трэба прыдумваць іншую назву.

Пры гэтым я не лічу, што платны ўваход, якім сёлета “грашылі” амаль усе ўстановы ў сталіцы і не толькі — такая ўжо і адмоўная з’ява. Платны ўваход — заканамерная рэакцыя на эканамічнае становішча, а не жаданне дырэктараў “азалаціцца” за кошт наведвальнікаў.

Таму лічу, што сапраўдная “Ноч музеяў”, канешне, павінна праводзіцца па класічных правілах. А калі гэта матэрыяльна не атрымліваецца, ёсць некалькі альтэрнатыўных варыянтаў: рыхтавацца загадзя, прыдумваць бюджэтную версію ці не быць удзельнікам гэтай міжнароднай акцыі. Кропка.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"