Шаркаўшчына, Масты, Ліда, Полацк, Гродзеншчына, Шчучыншчына...

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г


/i/content/pi/cult/589/13070/11-1.jpgШаркаўшчына / Усе музыкі ды паэты

У адзін дзень супалі два святы: па праваслаўным календары — святы Мікола, а па каталіцкім — найсвяцейшая Троіца. Менавіта гэту дату і выбралі для сустрэчы два народныя творчыя калектывы раёна: літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак” з Шаркаўшчыны і фальклорны гурт “Купалінка” з Каўшэлеўскага дома фальклору.

Выступленне “Купалінкі”, дарэчы, немагчыма ўявіць без віртуознасці баяніста-самародка Леаніда Адамёнка. Дый сам Дом фальклору — нестандартны. Сабраны тут прадметы мясцовага побыту, да прыкладу, шлюбны вэлюм, зроблены па ўспамінах каўшэлеўскіх бабуль.

Загадчык Дома фальклору Надзея Вайцюль дае мне слова, як кіраўніку народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Знаёмлю прысутных са “світанкаўцамі”, якія прыбылі на сустрэчу: літаратары Міледзій Кукуць, Уладзімір Мілянцей, Віктар Лагун, Людміла Ардынская, Надзея Паляк, Ірына Тарбецкая, вучаніца Святлана Клімза, спявачка і паэтка Ала Міхайлава. Вакальная група “Купалінкі” тым часам выканала песню на словы і музыку Людмілы Ардынскай. Потым Святлана Клімза і Ала Міхайлава выканалі гімн “Світанка”, які напісалі ўдзельнікі аб’яднання.

Зацікавіўся вершамі мясцовых паэтаў удзельнік мастацкай самадзейнасці раёна Іван Гарбачонак. Ён спецыяльна прыехаў на свята, каб падшукаць верш для сваёй наступнай песні. А перад гэтым праспяваў адну з ранейшых на словы Міледзія Кукуця. Актыўна выступалі і ўдзельнікі фальклорнага калектыву Лідзія Верашчака, Наталля Руць, Ядвіга Туронак, Лёля і Барыс Руткоўскія. Дарэчы, Барыс выдаў сваю кнігу ўспамінаў пра службу на падводнай лодцы.

Напрыканцы дзеі, за кубачкам гарбаты, выступіла намеснік кіраўніка ААТ “Жвіранка” па ідэалагічнай рабоце Ганна Бездзель. Дарэчы, гаспадарка аказала спонсарскую дапамогу згаданаму мерапрыемству.

Кацярына СОСНА, паэтка, кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”

 

Масты / Гарбата ад Элізы

Сёлета мы адзначаем 175-годдзе з дня нараджэння Элізы Ажэшка. Творчую спадчыну сусветна вядомай пісьменніцы складаюць шматлікія раманы, аповесці, апавяданні. Многія творы Ажэшка напісала на мастоўскай зямлі: "Над Нёманам", "Хам", "Дзюрдзі".

У нарысе "Людзі і кветкі над Нёманам", дзе апісаны лекавыя зёлкі, а таксама дадзены прыклады вуснай народнай творчасці, гераіняй з'яўляецца знахарка з вёскі Глядавічы. У Лунненскім касцёле Святой Ганны захавалася ложа Элізы Ажэшка.

Мастоўская раённая бібліятэка распачала цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілейнай даты. Праект быў добра прарэкламаваны. А месцам рэалізацыі задуманага стала пляцоўка пад дубам ля бібліятэкі. Падчас тэатралізацыі шматлікіх гасцей сустрэла аніматар у вобразе гаспадыні свята —- Элізы Ажэшка. Гучалі ўрыўкі яе прозы, вершаў. Іх выконвалі беларускія і польскія літаратары, а таксама члены гродзенскага Клуба сяброў Элізы Ажэшка.

Знайшлася справа і для дзяцей: на вуліцы дзейнічала гульнявая пляцоўка. З музычным нумарам выступілі выхаванцы мясцовага Цэнтра карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі. А тым часам у літаратурнай гасцёўні бібліятэкі школьнікам быў прапанаваны відэафільм. (Ажэшка, дарэчы, любіла дзяцей, якія цягнуліся да яе, асабліва сіраты і беспрытульныя.) Падтрымалі свята і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Мастоўскага раённага цэнтра культуры. Працавалі кніжныя выставы. А фітабар з духмянымі напоямі называўся "Гарбата ад Элізы".

Сяргей ДЗЕЙКАЛО, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама

 

Ліда / Каб чыталі дзеці больш

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшоў “круглы стол” пад назвай "Бібліятэка, школа і сям'я: вопыт, ідэі і падыходы". Яго арганізаваў аддзел бібліятэчнага маркетынгу. Мерапрыемства прымеркавана да рэспубліканскай акцыі “Сямейнае чытанне”.

Адзін з найістотных фактараў развіцця дзіцяці і ўзбагачэння духоўнага свету сям'і — чытанне. Як зрабіць яго нефармальным, нязмушаным і жаданым? Менавіта пра гэта і вялася гаворка, у якой бралі ўдзел бацькі юных чытачоў, педагогі і бібліятэкары горада.

Напярэдадні аддзел маркетынгу падрыхтаваў відэафільм "Сямейнае чытанне вачыма дзяцей і бацькоў", дзе былі абагульнены вынікі апытання сярод 30 навучэнцаў 1 — 4 класаў і ста бацькоў. Удзельнікі “круглага стала” пераканаліся, што 2 % бацькоў (з агульнай колькасці апытаных) не чытаюць увогуле, а дзесяць працэнтаў дзяцей не імкнуцца падзяліцца з бацькамі ўражаннямі аб прачытаным.

Дык як паправіць становішча? Агульнымі намаганнямі настаўнікаў, бібліятэкараў і бацькоў, якія актыўна чытаюць, была выпрацавана праграма далейшых дзеянняў. У адпаведнасці з ёй павялічыцца колькасць школьных бацькоўскіх сходаў з адпаведнай тэматыкай, больш насычанымі і прывабнымі стануць бібліятэчныя мерапрыемствы, індывідуальныя гутаркі з бацькамі. Вырашана таксама зрабіць традыцыйнымі святы так званага громкага чытання, калі з літаратурнымі творамі перад грамадствам будуць выступаць вядомыя ў раёне асобы.

Дар'я МАРЦІНКЕВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы


Полацк / Вершы open-air

Завяршыўся творчы іміджавы праект — Паэтычны open-air “Вершы над горадам”, арганізаваны раённай ЦБС. З красавіка цягам нядзельных дзён доўжыліся міні-спектаклі, флэшмобы, выставы, выступленні пісьменнікаў, скіраваныя на прапаганду кнігі і чытання.

На гэтым літаратурныя акцыі не скончыліся. З 2 па 5 чэрвеня падчас Дня горада, 1154-годдзя Полацка, праходзіць ІІІ Міжнародны форум “Славянская ліра”. У цэнтры яго ўвагі — мастацтва слова і літаратура. З Украіны, Венгрыі, Расіі, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Францыі, Казахстана, Вялікабрытаніі ды іншых краін прыехалі не толькі літаратары, але і бібліятэкары, рэжысёры, сцэнарысты.

Адбываюцца конкурсы ў намінацыях “Паэзія”, “Філасофская лірыка”, “Малая проза”, “Мастацкі пераклад”, “Драматургія”, а таксама — майстар-класы, скажам, па вершаскладанні…

Праведзена канферэнцыя па пераемнасці класікаў і літаратараў-пачаткоўцаў. Пісьменнікі выступалі перад полацкай грамадой на гарадскіх вуліцах і плошчах. Бібліятэка-філіял № 9 Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (установе прысвоена імя пісьменніка і ганаровага грамадзяніна Полацка Алеся Савіцкага) займее на сваім фасадзе мемарыяльную дошку. Будзе ўручана літаратурная прэмія імя творцы… Асноўная ж мэта форуму — захаванне і развіццё беларускай і рускай моў, умацаванне творчых стасункаў паміж краінамі. Арганізавалі “Славянскую ліру" Полацкі райвыканкам, мясцовая РЦБС, літаратурны саюз “Полацкая галіна”.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ


Гродзеншчына / Колазварот… у танцы

29 мая ў аграгарадку Верцялішкі Гродзенскага раёна адбыўся рэгіянальны фестываль танца “Танцавальны колазварот”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел творцы раёна і госці з Літвы.

Акцыя распачалася шэсцем харэаграфічных калектываў, пасля чаго ўсе прысутныя маглі пабачыць выступленні шматлікіх танцавальных калектываў раёна. Сваімі самабытнымі танцамі ўсіх парадаваў народны ансамбль танца “Лаздзія” з літоўскага Лаздзіяя.

Акрамя таго, падчас мерапрыемства Верцялішкаўская сельская бібліятэка прапанавала ўдзельнікам і гасцям фестывалю паглядзець мабільную выставу, прысвечаную выдатным танцавальным калектывам не толькі нашага Цэнтра культуры, але і ўсяго раёна. А напрыканцы святочнай імпрэзы адбылася конкурсна-забаўляльная праграма “Танцавальны батл” ды дыскатэка.

Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара  Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

 

Шчучыншчына / Дзе Бімка, там і Бомка

У Шчучыне адбылася традыцыйная акцыя-віншаванне, прысвечаная Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

Супрацоўнікі Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падарылі свята тым дзецям, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў дзіцячым і інфекцыйным аддзяленнях раённай бальніцы, а таксама наведалі ў радзільным доме жанчын, якія ўжо сталіся мамамі. Дзяцей чакаў сапраўдны сюрпрыз: іх наведалі клоўны Бімка і Бомка, якія правялі для іх цікавую забаўляльную праграму. Дзякуючы клоўнам, дзеці выправіліся ў казачную вандроўку на паравозе, што спыняўся на вясёлых і пазнавальных станцыях.

Мерапрыемства завяршылася віншаваннем маленькіх пацыентаў з Днём абароны дзяцей. Удзельнікі акцыі ўручылі дзецям салодкія падарункі, а таксама пажадалі хуткага выздараўлення і цікавага летняга адпачынку.

Асіят ХАЙБУЛАЕВА, загадчык сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва Шчучынскага РЦКіНТ

Фота Алены БАРЭЛЬ