Венецыянскія крышталікі маленькіх Арфеяў

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Уладальнік Гран-пры дзіцячага конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску-2007” і другога месца на дзіцячым “Еўрабачанні-2006” Андрэй Кунец днямі вярнуўся з чарговай перамогай.

 /i/content/pi/cult/158/1307/Venecyja.jpg

Андрэй Кунец заняў першае месца на І Міжнародным маладзёжным фестывалі-карнавале “Арфей у Італіі-2008”, які праходзіў у Венецыі. Шасцігадовая ж беларуска Маша Новік — на другім месцы ў сваёй узроставай групе. Калі Андрэй — ужо дасведчаны ўдзельнік розных конкурсных праграм, то Маша Новік усяго паўгода займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна і венецыянскі конкурс — першы на яе творчым шляху.

Фестываль “Арфей у Італіі” адбываўся цягам дзесяці дзён адразу на некалькіх пляцоўках. У ім бралі ўдзел больш як 900 юных талентаў з розных краін свету ў розных жанрах: вакал, ігра на музычных інструментах, харэаграфія, цыркавое мастацтва, малюнак і жывапіс, мода. Конкурс вакалістаў праходзіў у два дні сярод 4 узроставых груп.
Да фестывалю ў Італіі Маша падрыхтавала песні “Прыляцелі куры” і “Подарил колечко”, Андрэй выступаў з “Беларусь мая”, “Новый день” і англамоўнай версіяй ужо вядомай песні юнага выканаўцы “Сябруюць усе”.
Андрэй Кунец атрымаў у Венецыі дыплом фестывалю і статуэтку ў выглядзе пазалачонай ноткі з крышталікам унутры. Маша Новік стала ўладальніцай пазалачонай арфы, таксама аздобленай крышталікамі.
Нагадаем, што Андрэй і Маша — выхаванцы Святланы Стацэнка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна.

На здымку: Святлана Стацэнка з пераможцамі
фестывалю
“Арфей у Італіі-2008” Машай Новік
і Андрэем Кунцом на
венецыянскай плошчы.